Амаль цэлы дзень правёў у Бярозаўскім судзе актывіст Абʼяднанай грамадзянскай партыі Аляксандар Кабанаў. У выніку судзьдзя прыняў рашэньне перанесьці разгляд справы на 9 сакавіка. Актывіста вызвалілі, але ён павінен зьявіцца ў суд у чацьвер а 16 гадзіне.
Аляксандра Кабанава затрымалі 5 сакавіка пасьля «Маршу недармаедаў».
«Я хадайнічаў пра тое, каб азнаёміцца з матэрыяламі справы, а таксама каб у мяне быў абаронца. Таму суд перанесены на 9 сакавіка. У гэты дзень адбудзецца разгляд адразу па дзьвюх справах, паводле якіх мяне абвінавачваюць».
Аляксандра Кабанава вінавацяць у арганізацыі несанкцыянаванага масавага мерапрыемства — «Маршу недармаедаў», які адбыўся 26 лютага ў Берасьці. Другая справа заведзена на актывіста за брыдкаслоўе.
2 сакавіка, перад выездам у Івацэвічы, дзе актывіст разам з жыхарамі гораду плянаваў аднесьці подпісы супраць «дармаедзкага» дэкрэту ў райвыканкам, да Аляксандра прычапіўся невядомы. Пасьля звароту да міліцыянтаў, якія былі ў гэты момант побач, мінака і Аляксандра Кабанава забралі ў РАУС. Пазьней ён даведаўся, што на яго завялі адміністрацыйную справу.
Акрамя гэтага, Аляксандар Кабанаў не выключае, што бліжэйшым часам яго могуць судзіць і за той «Марш недармаедаў», які адбыўся 5 сакавіка. Пакуль жа матэрыялы гэтай справы ў суд не паступалі.