Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да якіх перамен гатовая Амэрыка?



Не жадаючы залазіць у агародчык маіх шаноўных калегаў-палітолягаў, усё ж хачу сказаць пару слоў пра амэрыканскія выбары, таму што яны пэўным чынам, хай сабе і ускосна, закранаюць маю сям'ю і мяне.

Сёлетнія амэрыканскія выбары могуць стаць пераломнымі і мабыць таму выклікаюць зразумелую ўвагу ў сьвеце. На гэта склалася некалькі прычынаў. У выніку перамогі аднаго з двух галоўных, дэмакратычных кандыдатаў, 44-м прэзыдэнтам ЗША можа стаць упершыню ў гісторыі краіны жанчына альбо афра-амэрыканец.

Паводле газэты Daily Telegraph (8 лютага 2008), “Амэрыка мае ўсе падставы, каб заняць абарончую пазыцыю. Сьвет яе ня любіць, і Амэрыка ведае пра гэта. Прэзыдэнт ЗША, пра якога ў сёлетняй выбарчай кампаніі ўвогуле ня згадваецца, як бы наагул яго не існавала, не карыстаецца сымпатыяй суграмадзянаў, тым болей, што яны ведаюць, якія нэгатыўныя пачуцьці Буш выклікае ва ўсім сьвеце... Хаця ніхто пра гэта не гаворыць, шмат хто з амэрыканцаў адчувае, што ён жыве ў акружанай краіне... тэма бясьпекі раз пораз зьяўляецца ў размовах шараговых амэрыканцаў”.

На такім тле адбываецца сёлетняя выбарчая кампанія, у такой атмасфэры адбылося і яшчэ будзе адбывацца шмат “праймэрыз”. Пакуль на полі бою засталіся тры кандыдаты: Джон МэкКэйн ад Рэспубліканскай партыі і Гілары Клінатан ды Барак Абама ад Дэмакратычнай партыі. Пра іх - кожны каму не лянота - можа прачытаць безьліч артыкулаў, але з гэтай процьмы інфармацыі я выкалупаў мабыць найбольш істотную.

Джон МэкКэйн, якому 71 год - гэта прыблізна яшчэ адзін Буш. Ягоныя дзед і бацька былі адміраламі амэрыканскага флоту. Джон будучы вайсковым пілотам ваяваў ў Віетнаме. Ягоны самалёт зьбілі, а цяжка паранены МэкКэйн пяць гадоў праседзеў ў жудаснай няволі Віетконгу, дзе яго рэгулярна катавалі. Аднак вайну ў Віетнаме, гэтак як і цяпер у Іраку, ён лічыць слушнай і патрэбнай, а віну за паразу МэкКэйн ускладае на Кангрэс, які і тады, у Віетнаме, і цяпер у Іраку шкадуе на вайну патрэбнай колькасьці грошай. Рэспубліканскі кандыдат моцна верыць у веліч Амэрыкі і яе гістарычную выключнасьць. Амэрыканскія свабоды і каштоўнасьці ён гатовы абараняць ваеннымі шляхам ва ўсіх кутках сьвету.

Гілары Клінтан, якой 60 гадоў - жонка былога прэзыдэнта, сэнатарка і дасьведчаны палітык. Яна нават значна больш левая і пра-сацыяльная, чым ейны муж. Гілары клапоціцца пра лёс бедных, абяцае ўсім амэрыканцам мэдычную страхоўку (што ў Амэрыцы надзвычай важнае), лічыць, што багатыя павінны падзяліцца сваім багацьцем зь беднымі і абяздоленымі. Яна супраць нелегальнай іміграцыі, затое падтрымлівае жорсткі курс у дачыненьні да Ірану, Паўночнай Карэі і міжнароднага тэрарызму, а таксама плян пабудовы супрацьракетнага шчыта у Эўропе. Яна лічыць, што незважаючы на відавочную паразу ў Іраку, ЗША павінны і надалей займацца “экспартам дэмакратыі”, але рабіць гэта трэба ўзважана і больш разумна.

Барак Абама, сын эмігранта з Кеніі і дачкі белага фэрмэра са штату Канзас - наймаладзейшы з траіх прэтэндэнтаў, што не без значэньня. Яму 46 гадоў. Некалькі гадоў ён жыў ў Інданэзіі, у юнацтве здарылася пакаштаваць і алькаголю і наркотыкаў. Аднак дзякуючы стыпэндыі Абама закончыў прэстыжны Гарвардзкі Ўнівэрсытэт. Пасьля гэтага, заміж зарабляць сотні тысяч даляраў у адвакацкай канцылярыі, звычайна працаваў сацыяльным работнікам, дапамагаў бедным і бяздомным. (Гэта тая старонка біяграфіі, якой яму могуць пазайздросьціць ягоныя канкурэнты). Амэрыка даведалася пра яго ў ліпені 2004 году, калі на зьезьдзе Дэмакратычнай партыі ён выступіў з палымянай прамовай, заклікаў да кампрамісу і адзінства над падзеламі. Лёгка перамог на выбарах у Сэнат, але гэта адбылося ўжо пасьля пачатку вайны ў Іраку, супраць якой ён быў з самога пачатку. Абама лічыць, што ў цяперашняй сытуацыі найменшым злом быў бы неадкладны вывад амэрыканскіх сілаў з Іраку.

Такім чынам, амэрыканцы будуць выбіраць паміж імі трыма. МэкКэйн асацыюецца з усім, што ўжо было і што шмат каму надакучыла. Акрамя вайны і ваеннай рыторыкі, рашучасьці і веры ў дэмакратыю і амэрыканскую веліч ён бадай нічога не прапануе. Пагадзіцеся самі, амэрыканцы нагэтулькі стомленыя няўдалымі і дарагімі для краіны войнамі, што ваяўнічая рыторыка МэкКэйна наўрад ці прывабіць амэрыканцаў.

Гілары Клінтан мае як мінімум гэтулькі прыхільнікаў, што і праціўнікаў. Паводле некаторых экспэртаў, многія амэрыканцы супраць кіруючых кланаў і дынастыяў. Маўляў, ужо былі два Бушы, а цяпер мае быць другая Клінтан? Праўда, яна дасьведчаная, але пры гэтым нейкая халодная, стрыманая (хаця здарылася і ёй прасьлязіцца). За ёю прамаўляе тое, што яна – жанчына і маці, а жанчыны - гэта болей чым палова электарату. Яна зьведала мацярынства і нявернасьць мужа, аднак, з другога боку, яна сапраўдная “мужчына ў спадніцы”.

Затое Барак Абама выступае пад лёзунгам зьменаў, хаця яны хутчэй за ўсё сымбалічныя і ён мала іх удакладняе. Ён проста ведае, што сама ідэя зьмены выклікае цікаўнасьць, што людзі хочуць зьменаў, бо ніякая сытуацыя не нагэтулькі добрая, каб яе ня можна было зьмяніць да лепшага, а цяперашня сытуацыя Амэрыкі мала аптымістычная . Аднак ёсьць адзін нюанс. Поўнае прозьвішча Абамы: Барак Хусэйн Абама. Для шмат каго “Хусэйн” асацыюецца з Садамам Хусэйнам, а “Абама” з Асамам ( бін Лядэнам) Здавалася б пры чым тут Садам ці лідэр Аль-Каіды, але ў спалучэньні зь цёмнай скурай гэта можа выклікаць эмацыйнае непрыманьне кандыдата, а чалавечыя эмоцыі - гэта важны чыньнік

Выбарчая перамога Гілары Клінтан і першая жанчына на пасадзе прэзыдэнта ЗША мне падаецца больш верагодным. Гэта было б лягічнае завяршэньне працяглай эмансіпацыі амэрыканскіх жанчын, і напэўна меншы шок, чым у выпадку перамогі Абамы. Тэарэтычна ніхто ў Амэрыцы ня супраць ні жанчын і ня супраць чорных, але да афра-амэрыканца ў Белым Доме, хай сабе харызматычнага і маладога, Амэрыка, здаецца, яшчэ не гатовая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG