“Насамрэч пачаўся новы перадзел сьвету”, - заявіў кіраўнік Беларусі пад час выступу ў Белдзяржунівэрсытэце.
Таксама ён сказаў, што санкцыі адносна канцэрну “Белнафтахім” “нельга патлумачыць нічым іншым, як эканамічным шантажом нядобрасумленных канкурэнтаў, якія імкнуцца не дапусьціць беларускія прадпрыемствы на лацінаамэрыканскі рынак”.
А.Лукашэнка нагадаў, што цягам некалькіх гадоў “гучалі пагрозы арыштаваць замежныя банкаўскія рахункі ня толькі Лукашэнкі, але і іншых кіраўнікоў Беларусі”. Паводле А.Лукашэнкі, “нічога не знайшоўшы, вырашылі накінуць эканамічную пятлю на дзяржаўныя прадпрыемствы, рахункі якіх сёньня таксама пагражаюць арыштаваць”.
Кіраўнік Беларусі заявіў, што такія мэтады нельга нічым апраўдаць. “Іх дыскрымінацыйны характар бачым ня толькі мы, але і іншыя краіны, якія нас падтрымліваюць”, - заявіў А.Лукашэнка.
А.Лукашэнка таксама заявіў, што прыкметна актывізаваўся рух на восі Брусэль-Менск, фармуецца прамы дыялёг у галіне энэргетыкі, транспарту, транзыту і экалёгіі.
“Нашы падыходы гранічна канструктыўныя – патрэбны не дыктат, а дыялёг. Мы вельмі зацікаўленыя ў супрацоўніцтве з краінамі Захаду, асабліва Эўрапейскага зьвязу”.
Адносна вызваленьня некаторых палітвязьняў А.Лукашэнка заявіў:
“Мы пайшлі насустрач. Я маю на ўвазе датэрміновае ці ўмоўнае вызваленьне некаторых зьняволеных, да якіх Захад мае асаблівыя пачуцьці. Іх вызваленьне ніякім чынам не зьвязана з апраўданьнем учыненых злачынстваў, а абумоўлена толькі гуманнымі меркаваньнямі”.
Паводле кіраўніка Беларусі, “мы зачынілі гэту хваравітую старонку ў стасунках з Захадам і першымі прапануем рух наперад. Цяпер чарга ЭЗ прадэманстраваць свае добрыя намеры адносна беларускага народа”.
А.Лукашэнка назваў Расею адзіным, гістарычным хаўрусьнікам Беларусі.
“Беларусь самастойна абірае сабе сяброў і хаўрусьнікаў, не пытаючыся парады амэрыканскіх мудрацоў. Супрацоўнічае з Кітаем, Іранам, Вэнэсуэлай і іншымі дзяржавамі, што выклікае раздражненьне ЗША”, - сказаў кіраўнік Беларусі.