Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Сурыкаў: “Газ падаражэе ня больш як на 10%”


10% – гэта максымальны рост цаны на расейскі газ для Беларусі з 1 красавіка. Пра гэта паведаміў на прэсавай канфэрэнцыі пасол Расеі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў.


“З 1 красавіка 2008 году, адпаведна формуле цаны на газ, кошт можа павялічыцца ад дзейнага на пачатку году на 10%, ня больш”, – сказаў А.Сурыкаў.

З 1 студзеня Беларусь купляла расейскі газ па цане 119,5 даляра за тысячу кубамэтраў. Такім чынам, з 1 красавіка цана не перавысіць 132 даляраў за тысячу кубамэтраў.

Расейскі пасол на сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі зрабіў шэраг іншых важных заяваў.

Паводле яго, расейская кампанія “Атомстройэкспорт” чакае аб'яўленьня тэндэру на пастаўку абсталяваньня і будаўніцтва АЭС у Беларусі. “Зь беларускага боку ўсе рашэньні прынятыя: ёсьць указ прэзыдэнта, ёсьць пастанова Савету бясьпекі. (...) “Атомстройэкспорт” ужо прыглядаецца да гэтай сытуацыі. Калі будзе аб'яўлены конкурс, наша кампанія возьме ў ім удзел”, – сказаў спадар Сурыкаў. Ён нагадаў, што “Росэксимбанк” выказаў гатовасьць выдзеліць Беларусі крэдыт на пастаўкі абсталяваньня для АЭС.

Аляксандар Сурыкаў выказаўся таксама аб Канстытуцыйным акце “саюзнай дзяржавы”, адзначыўшы, што ўсе зьмены павінны быць праведзеныя праз нацыянальныя канстытуцыі, каб пазьбегчы сутыкненьня саюзных і нацыянальных інтарэсаў.

“Скончацца выбары ў Расеі, і мы вернемся да стварэньня Канстытуцыйнага акту”, – сказаў А.Сурыкаў, прыгадаўшы, што Беларусь, Расея і Казахстан ужо ўзгаднілі стварэньне першага наднацыянальнага органу на постсавецкай прасторы – камісіі мытнага саюзу.

Закрануў пасол і праблему транзыту расейскага газу, заявіўшы: “Мы спачатку закончым будаўніцтва “Nord Stream”, а потым паглядзім, ці патрэбныя нам дадатковыя магутнасьці для перадачы газу”.

Варта нагадаць, што Аляксандар Лукашэнка неаднаразова рэзка крытыкаў праект “Nord Stream” – праект пабудовы газаправоду па дне Балтыкі – і прапаноўваў пабудаваць празь Беларусь другое адгалінаваньне трубаправоду “Ямал-Заходняя Эўропа”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG