У якасьці аргумэнтаў былі прыведзены наступныя:
“Паведамляем вам, што ў Рэспубліцы Беларусь пералік дзяржаўных сьвятаў і памятных дат вызначаных Указам Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 сакавіка 1998 года. 25 сакавіка – дзень прыняцца 3-яй Устаўной граматы БНР – у гэты пералік не ўваходзіць, і на нашу думку, не можа быць у яго ўключаны”.
“Абвяшчэньне БНР адбылося ў вельмі складаных і супярэчных умовах. […] Былі створаны пэўныя палітычныя структуры, якія выдавалі сябе за ўладныя органы, але, тым не менш, БНР не атрымала прызнаньня з боку ўладаў вядучых краін сьвету. Акрамя таго, большая частка тэрыторыі Беларусі была ў той час акупавана нямецкімі войскамі, таму гаварыць аб незалежнасьці абвешчанай 25 сакавіка 1918 года дзяржавы не даводзіцца”.
“Улічваючы вышэйзгаданае, мы не знаходзім дастатковых падстаў для прыняцьця захадаў для абвяшчэньня 2008 года Годам беларускай дзяржаўнасьці, а таксама для правядзеньня на дзяржаўным узроўні іншых мерапрыемстваў, зьвязаных з 90-годзьдзем з дня абвяшчэньня БНР”.
Нагадваем, што 8 студзеня адбылося пашыранае пасяджэньне сустаршыняў Агульнанацыянальнага аргкамітэту па сьвяткаваньні 90-х угодкаў БНР. Былі прынятыя звароты да беларускага народу і органаў улады Рэспублікі Беларусь “Аб абвяшчэньні 2008 года, года 90-га юбілею Беларускай Народнай Рэспублікі, – Годам беларускай дзяржаўнасьці”. Сярод прапаноў Аргкамітэту — шэраг мерапрыемстваў, накіраваных на папулярызацыю сярод насельніцтва гэтай падзеі: усталяваньне памятных гістарычных шыльдаў, дапамога ў выдавецтве навукова-публіцыстычных і мастацкіх твораў, прысьвечаных гісторыі БНР, правядзеньне ўрачыстых сходаў і канцэртаў і інш., вяртаньне ў заканадаўчае поле і легальны грамадзкі ўжытак нацыянальнай гістарычнай сымболікі і атрыбутыкі БНР, абвяшчэньне 25 сакавіка дзяржаўным сьвятам.