Міністэрства юстыцыі называе некалькі прычын, паводле якіх грамадзкаму аб’яднаньню хрысьціянскіх дэмакратаў было адмоўлена ў рэгістрацыі. Чыноўнікам нібыта не зразумелы сэнс выразаў “хрысьціянскі сьветапогляд” і “хрысьціянскія каштоўнасьці”, якія прысутнічаюць у статуце аб’яднаньня. Мін’юст таксама знайшоў разыходжаньні ў чытаньні асобных пунктаў статуту. Пракамэнтаваць выстаўленыя абвінавачаньні для Радыё Свабода прадстаўнік Міністэрства юстыцыі Яўген Какуша адмовіўся. А вось што сказаў адзін з заяўнікаў, праваабаронца і юрыст Юры Чавусаў:
“Фактычна што мы бачым: ёсьць людзі, якім забаронена ствараць грамадзкія аб’яднаньні. Любая іншая арганізацыя, сярод заснавальнікаў якой няма Севярынца, няма Шэіна, няма Рамашэўскага, з такім статутам і з такімі ўстаноўчымі дакумэнтамі безумоўна была б зарэгістраваная. Для людзей, якія зьяўляюцца апанэнтамі дзейнай улады, гэта сапраўды непераадольны бар’ер”.
Акрамя такіх вядомых палітыкаў і грамадзкіх дзеячаў, як Павал Севярынец, Мікалай Арцюхоў, Зьміцер Садоўскі і іншыя, заснавальнікамі Сацыяльнага грамадзкага аб’яднаньня “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” выступаюць вернікі розных канфэсіяў. Яны ж рыхтуюць дакумэнты і на рэгістрацыю аднайменнай партыі. Ход судовага працэсу камэнтуе адзін са стваральнікаў аб’яднаньня Аляксей Шэін:
“На вялікі жаль, рашэньні судоў самых роўных узроўняў — ці то раённых, ці вось Вярхоўнага — у сучаснай Беларусі палітычна матываваныя. Калі Вярхоўны суд адмовіцца задаволіць наш пазоў, мы будзем спрабаваць зарэгістраваць Сацыяльнае грамадзкае аб’яднаньне і рыхтавацца да паўнавартаснага зьезду палітычнай партыі БХД”.
Паводле афіцыйнай статыстыкі, летась Міністэрства юстыцыі зарэгістравала каля 100 грамадзкіх арганізацыяў. Значную колькасьць сярод іх складаюць мясцовыя грамадзкія аб’яднаньні. Сярод вядомых агульнабеларускіх — праўладная “Белая Русь”.