Шаноўныя слухачы! Мы ўдзячныя за вашы меркаваньні й прапановы. Вы робіце наша з вамі радыё больш зьмястоўным і цікавым.
Мы ўводзім прыз — падзяку за ваш найлепшы званок, паведамленьне, падказку. Пераможцы будуць абвяшчацца кожную нядзелю ў тыднёвым аглядзе “Званкоў на Свабоду”.
Вас чакаюць кнігі Бібліятэкі Свабоды з подпісамі аўтараў. Тэлефон Свабоды ў Менску 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 8-029-391-22-24.
Індывідуальныя прадпрымальнікі Беларусі завяршылі 15-дзённы страйк, які праходзіў у форме вымушанага адпачынку. У Менску 10 студзеня яны правялі масавы мітынг, які завяршыўся шматлікімі арыштамі. 21 студзеня прадпрымальнікі плянуюць выйсьці на вуліцу зноў. Слухачы Свабоды актыўна абмяркоўваюць гэтую тэму:
Спадар: “Прадпрымальнікам трэба сьмялей гуртавацца і ісьці на Плошчу. Таму што я глянуў, што яны нешта слаба выходзяць, баяцца. Лукашэнка ўсіх не перасадзіць. У яго турмаў ня хопіць. І для пэнсіянэраў ужо надыдзе голад, калі ён ліквідуе ўсіх гэтых прадпрымальнікаў”.
Міхаіл Леках, Рыга: “Я зьвязаўся са сваімі калегамі, зь якімі супрацоўнічаю ў Нямеччыне і Францыі, каб высьветліць, як там складаюцца справы з такімі ж прадпрымальнікамі. Больш за тое, я атрымаў дакладную лічбу па Нямеччыне. Колькасьць прадпрымальнікаў 4,4 мільёна чалавек. І прадпрымальнікі абавязкова рэгіструюцца як юрыдычныя асобы. То бок, калі маеш шапік, ты павінен зарэгістравацца і адказваць перад фінансавымі органамі. Тое самае і ў Францыі. Усе рэгіструюцца”.
Спадар: “Я думаю, улады не павінны заганяць індывідуальных прадпрымальнікаў у прыватнае ўнітарнае прадпрыемства, а павінны стварыць такія ўмовы, каб індывідуальны прадпрымальнік бачыў для сябе перавагу ў тым, каб перайсьці ў юрыдычную асобу, і сам бы пабег перарэгістравацца. Ня трэба шмат розуму, каб аддаць ці выканаць каманду, а каб распрацаваць аптымальную схему, патрэбныя мазгі”.
Спадар: “Некалькі разоў чуў званок адной спадарыні, якая прапаноўвала прадпрымальнікам кідаць сваю справу і ісьці працаваць на дзяржпрадпрыемствы Менска. Ня ведаю. Магчыма, у Менску насамрэч сярод кісельных берагоў цякуць малочныя рэкі. Толькі Менск – гэта яшчэ ня ўся Беларусь. Таму вам, даражэнькая, трэба зьняць ружовыя акуляры, праехаць па глыбінцы і паглядзець, як там жывуць, дакладней, існуюць людзі. Каб вы не спужаліся, адразу скажу, што з-за амаль 100% беспрацоўя сытуацыя там блізкая да катастрофы. І ўсё гэта адбываецца ня недзе за блізкім сьветам, а ўсяго толькі за 200 кілямэтраў ад Менску, у цэнтры так званай квітнеючай Беларусі. Калі ваша царства ня ў стане даць людзям нармальную працу, то няхай яно хоць не перашкаджае ім самім зарабіць на кавалак хлеба. І калі людзі, што пратэстуюць супраць парушэньня сваіх правоў, заміж спачуваньня выклікаюць у вас пагарду, то гэта прыводзіць да думкі, што вы ня з “простых,” а з тых, хто бліжэй за карыта. Таму праблемы простых людзей Вас мала клапоцяць”.
У працяг тэмы слухач Віталь задае пытаньне, дасланае праз СМС: “Паважанае Радыё Свабода, адкажыце, калі ласка, на пытаньне, чаму па нашым “разумным” тэлебачаньні ішлі жорсткія абвiнавачваньні на адрас прадпрымальнікаў падчас страйку 10 сьнежня на Кастрычніцкай плошчы, што яны зьбівалі мінакоў. Ці праўда гэта?” На пытаньне адказвае адзін з удзельнікаў мітынгу, бізнэсовец Ігар Леднік:
“БТ – гэта ідэалягічны інструмэнт. Прадпрымальнікі паўсталі на абарону сваіх правоў і свае законныя патрабаваньні вынесьлі на абмеркаваньне грамадзкасьці, бо ў міністэрскіх кабінэтах нічога ня вырашана. Таму ёсьць багата такіх момантаў, калі робяцца правакацыі, усё гэта здымае тэлебачаньне, каб затым паказаць. Гэта ўжо тэхналёгіі ўлады, як гэта падаць грамадзтву”.
Працягваем праграму зваротам на імя кіраўніка краіны:
Спадар: “Аляксандар Рыгоравіч, ад імя інвалідаў, пэнсіянэраў Беларусі зьвяртаемся да вас з просьбай. Кампэнсуйце сёлета нашы зьберажэньні, як абяцалі падчас сваёй перадвыбарчай кампаніі. Прыклад можна пераняць у нашых суседзяў-украінцаў. Мы будзем удзячныя”.
Афіцыйныя крыніцы паведамляюць, што падчас апошняй падпісной кампаніі зьнізіліся наклады дзяржаўных газэт. Камэнтар слухача:
Валеры, Барысаў: “Ці ёсьць надзея? Праўда, можа, з гумарам… У сувязі з падзеньнем попыту і далей на газэту “СБ,” каб запоўніць гэты прабел, мабыць, у кіёску “Белсаюздруку” зьявіцца “Народная Воля”. Выказаў надзею Валеры і яго суседзі”.