У Мазырскай калёніі, дзе трымаюць палітвязьня Андрэя Клімава, напярэдадні Новага году была ўсталяваная вялікая ёлка. Маленькія елачкі стаялі і ў кожным з турэмных атрадаў. Пра гэта Тацяна Клімава даведалася з апошняга ліста мужа. Таксама вязьняў калёніі забаўлялі артысты.
“А, вось што яшчэ ён напісаў. Што да іх з канцэртам прыяжджаў ансамбаль народнай творчасьці. Іх выступленьне дапамагло Андрэю адпачыць, адчуць сябе лепш. І напісаў, што асабліва ўсіх парадаваў артыст, які сьпяваў частушкі і расказваў анэкдоты”.
Зьвестак пра тое, як у Мазырскай калёніі прайшоў сам Новы год, Тацяна Клімава чакае ў наступных лістах мужа. Жанчына кажа, што адносна працы Андрэя пакуль ніякай інфармацыі няма. Нагадаю, раней стала вядома, што палітвязьня прызначылі на дрэваапрацоўчы ўчастак, але чым дакладна Андрэй Клімаў будзе там займацца, не паведамлялася.
Літаральна 31-га сьнежня, напярэдадні сьвята, ўсе ў сям’і Аляксандра Казуліна атрымалі навагоднія паштоўкі. Зваротны адрас – калёнія Віцьба-3, Аляксандр Казулін. Расказвае дачка палітыка Юля.
“Пра здароўе, як звычайна, нічога”
“Усім віншаваньні прыйшлі і ўсім асобна. Мне з мамай асобна, Волечцы асобна, усім бабулям і дзядулям асобна. Тата ў гэтым годзе пастараўся добра – і ўсім дакладна ў Новы год прыйшлі паштоўкі”.
Юля кажа, што яе бацька, як звычайна, амаль нічога ня піша пра сябе, але, як яна мяркуе з тэксту паштовак, захоўвае добры настрой і бадзёрасьць. Нагадаю, былы кандыдат на прэзыдэнта Аляксандр Казулін адбывае 5,5 гадоў зьняволеньня -- паводле суду, за хуліганства і арганізацыю вулічных беспарадкаў. Сваёй віны палітык не прызнае і тлумачыць перасьлед палітычнымі прычынамі.
“Хоча пабачыць нашы ўсьмешкі”
Бацькі Зьмітра Дашкевіча рыхтуюцца да доўгатэрміновага спатканьня зь ім, якое пачнецца 9-га студзеня і працягнецца тры дні. Маці палітвязьня Вольга Васільеўна цытуе апошні ліст сына.
“Пачуваецца добра. Тата і маці, толькі прыедзьце. Хоча нас бачыць, пабачыць нашы ўсьмешкі, што мы здаровыя. І хаця мы не такія і здаровыя, але нічога”.
Лідэр “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч адбывае пакараньне за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі. Паўтара году зьняволеньня, якія ён атрымаў, мусяць закончыцца ў сакавіку.
Працягваецца і “адсідка” у турме для Артура Фінькевіча. Нагадаю, ў сьнежні актывіста прысудзілі да паўтара году зьняволеньня за нязначныя парушэньні рэжыму адбыцьця папярэдняга пакараньня абмежаваньнем волі за палітычныя графіці. Артур Фінькевіч падаў касацыйную скаргу на прысуд. Сяброўка Артура Людміла Атакулава падзялілася зьвесткамі пра тое, калі можа адбыцца разгляд скаргі.
“Адвакат сказала, што зараз за ўсімі гэтымі справаздачамі па выніках году, усімі мерапрыемствамі гэтая скарга будзе разгледжаная хутчэй за ўсё пры канцы месяца”.
Артура Фінькевіча ужо болей за два месяцы трымаюць у Магілёўскай турме, дзе знаходзіцца і сьледчы ізалятар.