Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня Алена Макоўская скончыла Лінгвістычны ўнівэрсытэт і Акадэмію кіраваньня, на трэцім зьезьдзе ў 2001 годзе абраная на пасаду старшыні рады міжнароднага грамадзкага аб’яднаньня “Згуртаваньне беларусаў сьвету “Бацькаўшчына”, пераабраная на наступным зьезьдзе ў 2005-м. Штораніцы журналіст Аляксандар Уліцёнак размаўляе са спадарыняй Макоўскай пра розныя аспэкты жыцьця беларускай эміграцыі. Сёньня гутарка пра тое, якія акцыі ёй удаецца наладзіць дзеля пашырэньня беларускае прысутнасьці ў сьвеце.
Уліцёнак: «Як беларускія дыпляматы ставяцца да супрацоўніцтва з суполкамі замежных землякоў?»
Макоўская: «У прынцыпе, пры амбасадах мусяць быць адпаведныя спэцыялісты. У іхную кампэтэнцыю варта перадаць менавіта спэцыфічныя пытаньні ўзаемадзеяньня з дыяспарай. Тады ўзмацніцца рэальная дапамога беларускім асяродкам.
Зараз ідзе зьмена пакаленьняў, шмат тых, хто пакідае гэты сьвет. Пасьля іх застаюцца найкаштоўнейшыя архівы, кнігі. Як грамадзкая арганізацыя, «Бацькаўшчына» ня ў стане пераправіць іх у Беларусь, забясьпечыць захаванасьць – не стае ані сродкаў, ані адпаведнага інструмэнтарыю.
Мяркуем, найперш тое клопат беларускіх амбасадаў – захаваньне часткі нашай культуры і нашай гісторыі ў замежжы. Яны мусяць рупіцца прагэта, як і пра стварэньне музэяў, захаваньне беларускай прысутнасьці ў сьвеце».
Уліцёнак: «У такім разе узгадайце, калі ласка, нейкія акцыі непасрэдна «Бацькаўшчыны» на падтрымку замежных землякоў?»
Макоўская: «Хоць бы суд у 2006 годзе над беластоцкай газэтай «Ніва». За яе падтрымкай мы і зьвярнуліся да беларускіх асяродкаў у сьвеце. Журналісты і польскія ўлады былі вельмі ўражаныя тым, што ў выніку тая нібыта лякальная справа атрымала фактычна ўсясьветны рэзананс. Шмат у чым дзякуючы гэтаму газэта й выстаяла.
Або, скажам, у Латвіі паўстала пытаньне пра закрыцьцё беларускамоўнай школы, якая не атрымала падтрымкі з боку Рэспублікі Беларусь. Каб уратваць сытуацыю, далучыліся і суполкі дыяспары, і нацыянальна-дэмакратычныя сілы мэтраполіі, так бы мовіць. І школу ўдалося захаваць».
Уліцёнак: «Ці можна праводзіць нейкія паралелі з тым, што адбываецца ў суседзяў? У Латвіі й Летуве дыяспара адыграла значную ролю ў станаўленьні незалежных дзяржаваў, нават прэзыдэнтамі там сталі эмігранты: Вайра Віке-Фрэйбэрга і Валдас Адамкус. Ну а такі вядомы ў Беларусі прадстаўнік БНР як Зянон Пазьняк мае шанцы на паўтор іхнага досьведу?”
Макоўская: “Ня ведаю, ці лічыць сам Зянон Пазьняк сябе эмігрантам. Ну а наколькі рэальны згаданы вамі варыянт, мне сказаць цяжка… Аднак, калі зноў ж браць за прыклад іншыя дзяржавы, то я б, напэўна, бачыла на чале дзяржавы іншага чалавека зь беларускай дыяспары – Івонку Сурвілу”.
Найлепшыя матэрыялы серады паводле А.Макоўскай:
Нашы сябры – наша люстэрка
“Графу Пуслоўскаму не давалі шэсьць сотак, як нам”
Дзед Мароз Пуцін
Як даведацца, што ты – “невыязны”?
Вінілавага Данчыка паўтарылі на CD