Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наша костка, але сабачым мясам абрасла


Юры Пацюпа, Горадня Новая перадача сэрыі "Магія мовы".

У кожнай літаратуры ёсьць творы асаблівыя, якія расьцягваюць на цытаты. Праўда, мы мала чытаем сваю літаратуру. А калі б чыталі, дык, пэўна што, цытавалі б ня толькі “Гора ад розуму” Грыбаедава ці раманы Ільфа і Пятрова, але й “Запіскі Самсона Самасуя” Андрэя Мрыя. А найболей “Прамову Мялешкі” і “Ліст да Абуховіча”, гэты выдатны спарыш XVII стагодзьдзя, у якім цытатаў набярэцца на цэлы раман. Вось толькі некаторыя зь іх:

Наша костка, аднак сабачым мясам абрасла і ваняець. Ходзім, як падвараныя. Ушчыпнуць салодкага мяса. Уваляўся ў вялікую славу, як сьвіньня ў гразь. Дзешава Масква сабалі прадавала…Сядзіць высока, гаворыць глыбока. Ёсьць і ў мяне новыя кнігі – ляжаць у старым куце. З мудрых аратараў ня будзе многа ратаяў. Па многіх кнігах зблудзіўся цяперашні розум, як каза па лесе. За малыя грошы няпраўду прадаваў.

Гэтыя творы па добрым вывучэньні трэба рэканструяваць, як расейцы рэканструявалі сваю “Задоншчыну”, і адаптаваць да сучаснага правапісу. Але ні ў якім разе не перакладаць! Бо ведаем нашых знаўцаў. Пераклалі ўжо Статут – з добрае старабеларускае мовы на сучасную юрыдычную трасянку. Замест таго, каб вучыцца мовы, псуюць тую, якая ёсьць. А павучыцца ў старога Мялешкі акурат знойдзецца чаго. Мне найболей падабаецца ягонае: наша костка, але сабачым мясам абрасла...

Ведама, крыўдна за сабаку, такую сымпатычную жывёліну... Але калі мы лаемся гэтым словам, дык не ўяўляем ні хартоў, ні выжлаў, ні ганчакоў, ні ваўчакоў, ані нават дварнякоў. Бачым адно чалавека, які выракся свайго, ссабачыўся. Ёсьць іншыя спосабы ссабачваньня. Страціў сорам – пазычыў у сабакі вочы. Змарнаваўся, згуляўся – пайшоў у сабачую скуру. Так казала мая бабуля. А яшчэ яна гаварыла, калі я ня слухаўся яе: “Што казаў – што сабака брахаў”. Я раскідваў ежу, а яна заўважала: “Сабака не пакачае – ня зьесьць”. Можна доўга ўспамінаць “сабачыя” выслоўі: сабака зьесьць і бяз солі; на каго людзі – на таго й сабакі... Толькі досыць!

Што такое сабачае мяса, якім абрасла тая костка, я таксама ў дзяцінстве крыху чуў. У нас на Лідчыне сабачым мясам называлі наросты на месцах парэзаў, нарываў. Сабачае мяса – гэта нешта лішняе, непатрэбнае, гэта нейкае адхіленьне. А таксама – нешта паводле якасьці ліхое, благое, адваротнае добраму, гэтаксама як зёлкі: сабачая мята, сабачае мыла.

Колькі часу мінула зь XVII стагодзьдзя, а прымаўка да гэтае пары актуальная! Зайдзі ў дзяржаўную ўстанову, паглядзі нацыянальную тэлевізію і скажаш сабе: наша костка, але сабачым мясам абрасла і сьмярдзіць!

Магія мовы: архіў 2005 (1-ы квартал) Магія мовы: архіў 2005 (2-і квартал) Магія мовы: архіў 2005 (3-і квартал)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG