26 лістапада, субота
Тым лістападаўскім вечарам, пра які ён шмат пазьней расказаў у вершы “Напачатку дарог”, усяго “чатыры леты прабеглі над бяляваю галоўкай”. Але якімі недзіцячымі вачыма глядзеў ён на сьвет, а ў гэтым, канкрэтным выпадку на тое, як жанкі шаткуюць капусту. Якое ўсё ў гэтай выяве, намаляванай словам, па-рубэнзаўску калярытна-дыхтоўна, такое адчуваньнае — на зрок, слых, на смак. Сапраўды, у позірку хлапчаняці буяюць гены будучага валадара мастацкага слова. Эпас у паэзіі і паэзія ў эпасе, — так, гэта ён, Уладзімер Караткевіч. І было б яму сёньня семдзесят пяць…
Караткевіч змагарны, бунтоўны і Караткевіч эпахальна-эпічны — у адзінстве гэтых дзьвюх велічыняў (грамадзянскай і творчай) яго непаўторнасьць, яго шлях да чытацкага сэрца. Гэтым ён здабыў любоў і пашану народную, асабліва між моладзі, і халодную непрыхільнасьць з боку супраціўнікаў (яўных і прытоеных) беларушчыны. Бо ці не таму ж ушанаваньне 75-годзьдзя Ўладзімера Караткевіча, змагара за Беларусь беларускую, зямлю пад белымі крыламі, значыць, вольную, афіцыйна, так бы мовіць, “лякалізавалі”, адрасавалі на Віцебшчыну, у Воршу. Ці не чарговая гэта спроба зьняць любімае ў народзе імя з агульнанацыянальных сьцягоў, звузіць, прытушыць яго бунтарнае ўзьдзеяньне, прыглушыць розгалас яго пякельных дум аб лёсе Беларусі…
А да магілы яго, на засьнежаны грудок, кладуцца кветкі. Схіляюся і я перад зорнай памяцьцю Вялікага Беларуса.
27 лістапада, нядзеля
У роднай вёсцы — кароткая клопатная паездка. Але і тэлевізар нейкія паўгадзіны ўрваў. Гляджу на экран, параўноўваю з пабачаным у рэчаіснасьці і разумею: “бочку перавярнулі”. Тую самую, з показкі пра местачковага краўца — мадэльерам цяпер бы яго назвалі.
Дык ці не з такой самай “перавернутай бочкі” і гэтыя — зь сёньняшняй тэлевізійнай віртуальнасьці — аграгарадкі? Помніцца: было ўжо гэта, было… Некалькі дзесяцігодзьдзяў таму. І столькі абнадзейвальнай гаманы было пра аграгарадкі і абяцаньняў, як расквітнее зь імі калгасная вёска… Мінуў час — дзе ён, той роськвіт?..
Затое ўпарта засядаюць “карміцелі народу” — інакш іх не назавеш. Бо аж згінаюцца яны крукам ад клопату, як “накарміць народ” (сэлектарнымі нарадамі сядзеньні тыя называюцца). З аднаго канца стала гучыць: “Это нам достаточно, чтобы накормиць народ?” “Достаточно, достаточно!” — запэўнівае голас, ніжэйшы чынам, на другім канцы. І нікому зь іх у галаву, здаецца, ня цюкнула пытаньне: хто ж каго корміць, зрэшты, яны народ ці народ іх?..
І зноў тое ж, што і сорак-пяцьдзясят гадоў таму: тая ж панацэя — аграгарадкі. Прыгожа малюецца… А кажуць, зьдзяйсьненьне намаляванага на мільярды даляраў цягне… А Бог не дае…
За акном — старэючая вёска, напалову разбураная фэрма, закрытая пачатковая школка… І такіх вёсак вакол пакуль уяўнага, віртуальнага аграгарадка — з паўдзясятка. Тады іх непэрспэктыўнымі найменавалі. А цяпер як?..
28 лістапада, панядзелак
Дзень не адзначаны чырвонай лічбай у календарах. Дый ці прэтэндуе ён на тое: сумнаваты дзень, бо — посны. Першы дзень піліпаўскага посту. Мне ён, прызнаюся, асаблівых турботаў не закідвае: не беспрасьветны я посьнік. Але думкі іншага кшталту напрошваюцца. І нейкая непамыснасьць закрадаецца ў душу: колькі ж будуць беларусы-вернікі жыць па двух календарах?
Праўда, сусед мой — дык той не нарадуецца: ён католік, а жонка праваслаўная, то падвойчы сьвяткуе!
І чым апраўдаць непаразуменьне гэтае? Чым патлумачыць? Папоўскаю ўпартасьцю, можа? Аднак жа не — тоіцца тут штосьці большае. Ляўры першага Рыму мрояцца ўладыкам, і не жадаюць яны паступіцца сваім устанаўленьнем, хай сабе і супярэчлівым астатняму хрысьціянскаму сьвету. Павінны ж, павінны іменем Бога, айцы царкоўныя — з двух бакоў — імкнуцца і прыйсьці да згоды, рашуча зачыніўшы дзьверы храму перад палітыкай. А то ж яна пішчом лезе і да амбону, і за царскія вароты. Дажыліся, што ў нас ужо гучыць па-пракурорску забаронная фармулёўка: “…правядзеньне набажэнства без дазволу ўлады”. А пратэстанцкія рэлігійныя абшчыны “Новае жыцьцё”, “Запавет Хрыста”, наагул, па судах зацягалі…
Божа мой, Божа, каб Табе памаліцца, трэба нейкі мандат ці ліцэнзію ў чыноўніка вымаліць…
Ну а пост — ён і ёсьць пост. Горш такі, што трываюць людзі на адной вадзе — аб’яўляюць галадоўку за кратамі, як Сяргей Скрабец, Валеры Леванеўскі, Мікола Аўтуховіч… Дапамажы ім, Божа, адстаяць сваю праўду і слушнасьць…
Яшчэ адна (якраз у тэму) падзея сёньняшняга дня: на запрашэньне амбасады Ўкраіны ў Беларусі прыняў удзел у вечары памяці ахвяраў голаду 1932—1933 гадоў. Страшэнная рэч — першы вынік прымусовай калектывізацыі — у самым хлебадайным краі голад забраў 10 мільёнаў чалавечых жыцьцяў. Голадамор — гучыць гэта на ўкраінскай мове…
29 лістапада, аўторак
Гэтак жа, як у царкву, цягне ўладу ў літаратуру. Чарговы “рэйд” — утварэньне “кішэннай” пісьменьніцкай групоўкі — у піку Саюзу беларускіх пісьменьнікаў з больш чым шасьцідзесяцігадовай гісторыяй, сябрамі якога былі і Янка Купала, і Якуб Колас, і наагул такая кагорта творцаў, што могуць скласьці гонар любой літаратуры. “Аргумэнт” у “наваствораных”, што дзейны Саюз пісьменьнікаў быццам бы апынуўся ў абозе жыцьця, ня тую і ня тому песьню сьпявае, і трэба страсянуць пісьменьніцкую масу, паставіць на службу дзяржаве. Пры гэтым па-шулерску падмяняюцца паняцьці: робяцца раўназначнымі, роўнавялікімі ў гэтым служэньні, атаясамліваюцца дзяржава як чыноўніцкі апарат і грамадзтва, народ, нарэшце… Ня тое палохае, што ўтвараецца новае аб’яднаньне (рэч звычайная, іх цяпер дзясяткі ўзьнікаюць, аднадзёнак часьцей), непрымальна тое, што меркай таленавітасьці сьцьвярджаецца мера талерантнасьці, адданасьці ўладнаму рэжыму. Марныя спадзяваньні: не выпадае і ня выпадзе ператварыць сапраўдны талент у вэртыкальны слуп.
30 лістапада, серада
Ноч пражыць — ня поле перайсьці… Ой як далёка думкі блукаюць — недзе там аж за вяршынямі Каўказу… І вяртаюцца назад, з натхняльнай падказкай армянскага народу:
Яна мне сьведчыць: народ, як броняй, Перад навалай і генацыдам Сваёю мовай сябе бароніць — Яна на згубу душу ня выдасьць. Тут зрок мой зорку даўно сасватаў — Вышэй Каўказу — там, за Эльбрусам: Армяне, іменем Арарата Дапамажыце нам, беларусам!
На гадзіньніку — 6.30 раніцы.
1 сьнежня, чацьвер
Апошні месяц году — час падпіскі на пэрыядычныя выданьні. А ў падпісным рэспубліканскім каталёзе ні “Нашай Нівы”, ні “Народнай Волі”, ні іншых незалежных выданьняў… “Свабода друку” ў нас гэта называецца…
Ацалела ў гэтым сьпісе пазыцыя часопісу “Дзеяслоў”. Выданьне маладое, але сур’ёзнае. Сьпяшаюся з падпіскай, узброіўшыся самаробнай рэклямай: “Каб не чытаць тупых аслоў, выпісвай, браце, “Дзеяслоў”!” Раблю гэта з надзеяй добрых сустрэч з добрай літаратурай.
2 сьнежня, пятніца
Адшукаў па тэлефоне Алеся Наварыча, раман якога “Літоўскі воўк” толькі што прачытаў. Твор цікавы. Але зачэпкай для тэлефанаваньня паслужыла адно слоўца…
Справа ў тым, што ля маёй роднай вёскі Мачулішча ёсьць суседняя — Казубец. Колькі ўжо часу я дакопваюся да яе тапанімічнай этымалёгіі. І раптам вычытваю ў рамане: “…шляхта казубілася”. Ось так і натрапіў на сьлед! І выясьніў, што ў Алесевай мясцовасьці слова “казубіцца” азначае глядзець з зайздрасьцю, але разам і з пагардлівай годнасьцю, — гэтак па-шляхецку!..
На сёньня дык і хопіць: удачлівы дзень. Невялікі ўлоў? Яшчэ які! Ого! — гэта ж цэлае слова спаймаў, зазірнуў у самую яго сярэдзінку… Хіба мала: на цэлае слова стаў багацейшы!..