Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзе госьць, там і Бог ёсьць


Антаніна Хатэнка, Менск Новая перадача сэрыі "Магія мовы".

Завітала да знаёмца-архітэктара – якіх дызайнавых сакрэтаў вызнаць. Візыт – спраўны, і на кватэру патрапіла таму, што яна адмыслоўцу заадно як офіс паслугуе. Дзіва разгарнулася зь дзьвярэй! Гожа сэрвіраваны стол, дарагі заморскі напой – шыкаваньне ў наш ашчадны час. На маўклівы запыт адказ агаломшыў неадменнай простасьцю: “Госьць у дом – Бог у дом”.

Дык жа гэтак рыхтавалася й радзіна да гасьцей – баль уладоўвалі. Разгубіўся некалі нарачоны, прыехаўшы знаёміцца з маімі бацькамі: пірагі-смакоты на сталох, няспыннае завіханьне маці: “Што яшчэ, дзеткі, хочаце?” – нібы ў рай патрапіў.

Здатны шчыра захапляцца, упершыню, казаў, здагадаўся: айчына такая багатая на звычаі, норавы й густы. На ягонай Магілёўшчыне трошкі інакш сустракаюць прышлых, іначай годнасьць выяўляюць. Вось табе й сумежжа ўсходняга й заходняга мысьленьня: на ганаровую лаву ў покуці пасадзяць альбо збоку прыпёку, найлепшы посуд з куфра выставяць ці... што пад рукой ёсьць, абрадавы абрус высьцелюць альбо цырату ўпохап кінуць...

“Дзе госьць, там і Бог ёсьць”, – пакланілася на ўваходзе мая бабуля Алеся, падаючы кужэльны сонцава-рамбаваны ручнік. Гэтак мудра ўпотай заручыны сьвету абвясьціла, каб не зьняславіць нас, дзяржаўнаналежных. Куды пазьней пачую ад усходніка Міколы Аўрамчыка, як дзівіўся ён заходняй інакшасьці ў Янкі Брыля на сядзібе. І пазьней уразумеем, з Алесем у пары, што закон дзе госьць, там і Бог ёсьць характар выбарачны мае: надараецца, паварочваюць яго чужакі на свой капыл, і, пакуль госьць раскашуе, гаспадар пад лавай начуе.

Вандруючы па краі, бывала, вучыліся чуць Бога ў кожнай гасподзе, што падарожных прымала. Старадаўняя ж формула выдае найперш прысутнасьць Вышняга ў гнязьдзе, да якога цёпла прыхінуцца й гасьцяваць, Бога ў душы грэючы. Узапраўду ж: дзе госьць, там і Бог ёсьць.

Магія мовы: архіў 2005 (1-ы квартал) Магія мовы: архіў 2005 (2-і квартал) Магія мовы: архіў 2005 (3-і квартал)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG