Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эвалюцыянізм супраць крэацыянізму – тэалягічныя бойкі працягваюцца і ў 21-м стагодзьдзі


Кастусь Бандарук, Прага Рэлігійная перадача “Сымбаль Веры”.

1 верасьня распачаўся новы навучальны год. У пераважнай большасьці школаў па ўсім сьвеце, школьнікі атрымліваюць сьвецкую адукацыю, з улікам актуальнага стану прыродазнаўчых навук. Толькі па-за школай, альбо на уроках рэлігіі яны даведваюцца пра іншую тэорыю зьяўленьня і разьвіцьця жыцьця на Зямлі. У сёньняшнім выпуску перадачы гаворка пойдзе пра дзьве супярэчлівыя тэорыі: эвалюцыянізм і крэацыянізм, якія да сёньняшняга дня выклікаюць самыя ажыўленыя дыскусіі.

Згодна з тэорыяй эвалюцыі, жыцьцё на Зямлі зьявілася само па сабе, і разьвівалася паступова ад найніжэйшых да найвышэйшых форм. Неарганічныя малекулы ператварыліся ў арганічныя, а тыя– ў простыя жывыя арганізмы, і затым цягам мільёнаў гадоў зьявіўся чалавек.

Паводле тэорыі крэацыянізму, сьвет быў створаны Богам і дзейнічае паводле Ім устаноўленых правілаў. Найбольш радыкальныя крэацыяністы літаральна ўспрымаюць стварэньня сьвету цягам 6 дзён апісанае ў Кнізе Быцьця. Яны кажуць, што тэорыя натуральнай сэлекцыі Дарвіна не тлумачыць таго, як узьнікла жыцьцё на Зямлі. Яна таксама не тлумачыць вялікай разнастайнасьці жывых істотаў на Зямлі цягам 600 мільёнаў гадоў. Затое эвалюцыяністы адказваюць ім, што наяўнасьць нейкай Вышэйшай сілы ў сьвеце таксама не даказана.

Сучасная Царква спрабуе прымірыць абедзьве тэорыі. Не адмаўляючыся ад крэацыянізму, яна не выключае таксама працэсу эвалюцыі. Інакш кажучы, біблейскія дні, гэта працяглыя пэрыяды. Гэта маглі быць мільёны гадоў паступовага разьвіцьця сьвету, але першакрыніцай ўсяго зьяўляецца Бог.

7 ліпеня сёлета газэта “Нью-Ёрк Таймс” зьмясьціла артыкул венскага Кардынала Крыстофа Шэнборна пад загалоўкам “У пошуках мэтазгоднасьці ў прыродзе” (Finding Design in Nature) Шэнборн, 60-гадовы дамініканец, тэоляг і філёзаф, займаецца пытаньнямі стварэньня сьвету і эвалюцыі ўжо 30 гадоў. Шмат разоў ён гаварыў пра гэта на форумах Кангрэгацыі дактрыны і веры. Ягоная асноўная думка такая, што “эвалюцыя ў сэнсе агульнага паходжаньня магла б быць праўдзівая, але эвалюцыя ў сэнсе нэадарвінізму, неплянаванага працэсу выпадковай зьменлівасьці і натуральнай сэлекцыі – непраўдзівая”.

(Шэнборн: ) "Сёньня задача царквы – абараняць розум. У прынцыпе, я не аспрэчваю таго, што эвалюцыя мела месца. Гэта ў навуковым сэнсе адкрытая, і з многіх пунктаў погляду верагодная гіпотэза. Але пытаньне стаіць гэтак: ці эвалюцыя, гэта хаатычны працэс? Можа яна проста дазваляе пазнаць нешта такое, як «дызайн», гэта значыць мэтазгоднасьць, інтэлігентнасьць, розум і парадак?"

Кардынал не скрывае задавальненьня тым, што ён выклікаў такую ажыўленую дыскусію ў навуковых і рэлігійных колах. Здавалася б, далейшыя спрэчкі дарэмныя, бо і так адны адных не пераканаюць. Аднак на думку прафэсара філязофіі Майкла Русэ з Фларыдзкага ўнівэрсытэту, дыскусія на гэтую тэму мае далёка не схалястычны характар. "Барацьба паміж прыхільнікамі дзьвюх канцэпцыяў ідзе за сэрцы і душы. Яна ўплывае на лад жыцьця і рэгулюе паводзіны мільёнаў людзей". Артыкул Шэнборна з энтузіязмам прынялі амэрыканскія крэацыяністы.

Палова амэрыканскага грамадзтва ня верыць ў тэорыю эвалюцыі, якая выкладаецца ва ўсіх школах. У дыскусію ўмяшаліся найбольш аўтарытэтныя навукоўцы і палітыкі. Прэзыдэнт Джордж Буш. "Я сумняюся, што чалавек паходзіць ад малпы", сказаў ён. Прэзыдэнт Буш выказаўся за тое, каб ў школах выкладаліся абедзьве тэорыі.

У Катэхізьме Рымска-каталіцкай Царквы з 19992 году гаворыцца: "Мы верым, што Бог стварыў сьвет паводле Сваёй мудрасьці. Сьвет ня ўзьнік ў выніку нейкай неабходнасьці, сьляпога лёсу ці выпадку".

Аднак ў 1996 годзе ў звароце да Акадэміі Навук Папа Ян Павал Другі заявіў: "новыя дасягненьні ў навуцы прымушаюць нас прызнаць, што тэорыя эвалюцыі, гэта нешта большае, чым толькі гіпотэза. Супадзеньне вынікаў незалежных дасьледаваньняў, гэта аргумэнт на карысьць гэтай тэорыі".

Усясьветныя мэдыі адрэагавалі на словы Папы артыкуламі кшталту

* "Папа сказаў, што магчыма, мы паходзім ад малпы" (Il Giornale) * "Папа пагадзіўся з Дарвінам" (La Republica) * "Папа ўхваліў тэорыю эвалюцыі" (Reuters) * "Папа блаславіў натуральную сэлекцыю" (Time) * "Паводле Папы, чалавечае цела не было створанае Богам, але зьяўляецца прадуктам эвалюцыі" (New York Times)

Каб спыніць ўсялякія здагадкі ды інтэрпрэтацыі, яшчэ да сьмерці Яна Паўла Другога, Кардынал Шэнборн напісаў да Кардынала Ёзафа Рацынгэра ліст з просьбай даць адназначны адказ наконт афіцыйнага стаўленьня царквы да эвалюцыі. Пакуль, Кангрэгацыя дактрыны і веры не адказала на ліст, але сам Папа Бэнэдыкт XVI выказаўся на гэты конт.

У часе сваёй інаўгурацыйнай прамовы 25 красавіка 2005 году ён сказаў: “мы не зьяўляемся выпадковым і пазбаўленым сэнсу прадуктам эвалюцыі. Кожны з нас, гэта вынік Божай думкі. Кожны з нас – пажаданы, кожны – каханы і кожны – неабходны”.

Што тычыцца Праваслаўнай царквы, дык на думку сучаснага тэоляга а. Андрэя Кураева, у праваслаўя “няма сур’ёзнай падставы для запярэчваньня эвалюцыі”. Ён кажа, што Праваслаўная царква традыцыйна ставіцца спакойна да эвалюцыі і цытуе выказваньні шэрагу выдатных тэолягаў. У артыкуле “Праваслаўе і эвалюцыя” Кураеў піша, “зьяўленьне жыцьця на Зямлі, гэта і ёсьць эвалюцыя, бо паводле Бібліі, зямля і вада ўрадзілі расьліны і простыя арганізмы, але адначасова, гэта “скачок да жыцьця, які адбыўся паводле Божай волі”.

Не падлягае сумневу, што самыя выдатныя вучоныя і навукоўцы верылі ў Бога і ня бачылі супярэчнасьці паміж верай і навукай. Ствараючы падставы сучаснай фізыкі Ісак Ньютан не адмаўляўся ад сваіх рэлігійных поглядаў. Чарльз Дарвін быў пабожным выпускніком факультэту тэалёгіі Кэмбрыджу. Альбэрт Айнштайн захапляўся надзвычайнай гармоніяй і прыгажосьцю сьвету. Паводле яго, «надзвычайнае ня тое, што мы пазнаем сьвет, але што сьвет – а пазнавальны». Інакш кажучы, калі б рэчаіснасьць была бясконцым хаосам, не было б магчымасьці яго пазнаць. Навука заўсёды зыходзіла з факту наяўнасьці нейкага «дызайну». Напрыклад, атамны фізык шукае ўнутранага парадку функцыянаваньня атомаў. Капернік, Галілей і Ньютан гаварылі пра «Кнігу Стварэньня». Навуковец ня робіць нічога іншага, як толькі сочыць за выявай Вышэйшага розуму ў матэрыяльным сьвеце.

Такой думкі прытрымліваецца доктар фізыка-матэматычных навук, Прафэсар Юры Хадыка.

(Хадыка: ) "Безумоўна, што ў той галіне ведаў, якою я займаўся, наўрад ці можна было нешта прыпісаць непасрэдна дзейнасьці божай сілы. Аднак на мяне ўжо даўно аказала вялікі ўплыў думка каліфарнійскага эпіскапа з Расейскай праваслаўнай йарквы ў замежжы. На пытаньне пра стварэньне сьвету ён адказаў: "вось вы падымаецеся на гару і раптам куст ружы з прыгожымі кветкамі. Якім чынам, якою эвалюцыяй гэты цуд, што ён зьявіўся там на такой вышыні? На думку эпіскапа, сама дасканаласьць сьвету сьведчыць пра боскі пачатак ў сьвеце, пра божую прысутнасьць ў сьвеце. І чым болей я думаю, я ўсё болей пераконваюся, што нават матэрыяльная, нават фізычная прыгажосьць прыроды паза за межамі маёй фантазіі і ўяўленьня. Прырода на гэтулькі дасканалая і гарманічная, што немагчыма ўявіць, каб яна зьявілася спантанна, у выніку нейкіх працэсаў".

Аднак іншы навуковец, акадэмік Аляксандар Вайтовіч ня верыць ў боскі пачатак жыцьця на Зямлі, хаця і прызнае, што навука ня ўсё ведае.

(Вайтовіч: ) "Вось я напісаў ў 2000 годзе такую невялікую кніжку на расейскай мове "Навука і грамадзтва на мяжы тысячагодзьдзяў". Я проста зачытаю адзін абзац: "Ва ўмовах Зямлі прыблізна 3,5 мільярда гадоў таму, маглі ўзьнікнуць зь неарганічных арганічныя малекулы. У выніку арганічнай эвалюцыі арганічныя малекулы сталі падставай для фармаваньня больш складаных арганічных рэчываў, цаглінак раньняга жыцьця. Для вытлумачэньня паходжаньня жыцьця дастаткова хімічных і фізычных законаў і прынцыпаў". Сёньня мне здаецца, што яно ўзьнікла само па сабе, хаця шмат чаго не зразумелага ў гэтым працэсе яшчэ ёсьць, і навука гэтага ня ведае".

Прафэсар Вайтовіч ня выключае, што "ёсьць нейкія сілы для нас невядомыя, магчыма магутныя. Я проста толькі ня ведаю, як яны аформленыя, у якім выглядзе. Вось гэта мне цяжка сказаць". Затое ў пытаньнях эвалюцыі і рэлігіі ня мае ніякіх сумненьняў Сяргей Вазьняк, галоўнага рэдактара камуністычнай газэты “Таварышч”.

(Вазьняк: ) "Я, як чалавек, які лічыць сябе адукаваным, я ня веру ў нішто ірацыянальнае. Я намагаюся знайсьці рацыянальнае вытлумачэньне зьяваў. Затое вера і рэлігія не даюць адказу на шэраг пытаньняў. Я думаю, што ў Дарвіна ўсё вельмі пераканаўча даказанае, і ня ведаю, што тут можна дадаць. Жыцьцё на Зямлі зьявілася зь мікраарганізмаў, якія разьвіваліся ў працэсе эвалюцыі. Аднак рэлігія кажа нам, што нейкая там Ўсявышняя сіла, усё гэта вырашыла, прыдумала і стварыла. У мяне заўсёды была да Бога і да рэлігіі адна вялікая прэтэнзія: калі ён такі вялікі і ўсемагутны, дык чаму ён дапускае ўсе гэтыя пачварнасьці, што адбываюцца ў сьвеце. Куды глядзеў Бог, калі падаў самалёт на дзіцячы дом, калі тэрарысты расстрэльвалі школьнікаў ў Бэслане? Няўжо ў Бога быў перапынак на абед, альбо ў той час ён быў ў адпачынку? На маю думку відавочна, што ўсё гэта выдумка, казка. Рэлігія была прыдуманая чалавекам, калі ён ня мог патлумачыць шматлікія рэчы і зьявы".

Атрымліваецца, што адназначнага адказу на фундамэнтальнае пытаньне пра пачатак ды разьвіцьцё сьвету і жыцьця ў грамадзтве няма. Адно можна сказаць з упэўненасьцю: дыскусіі, які раз-пораз узьнікаюць на гэты конт сьведчаць пра тое, што для сучаснага чалавека гэта ўсё яшчэ важныя пытаньні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG