Лінкі ўнівэрсальнага доступу

21 чэрвеня адзначае народзіны Арнольд Макмілін


RFE/RL Каляндар Свабоды – 21 чэрвеня. Што адбывалася ў сьвеце і ў Беларусі 21 чэрвеня.

21 чэрвеня 1503 году Ваўкавыск атрымаў магдэбурскае права, гэта значыць, месьцічы пачалі самі выбіраць сабе гарадзкое кіраўніцтва.

21 чэрвеня 1937 году памёр Мікалай Галадзед, адзін з заснавальнікаў камуністычнае партыі ў Беларусі, савецкі дзяжаўны дзяяч. Нарадзіўся ён на Браншчыне. Удзельнічаў у расейскай рэвалюцыі 1917 году й грамадзянскай вайне. Быў другім сакратаром Кампартыі Беларусі, ачольваў Савет Народных Камісараў Беларусі. Цікавая дэталь да партрэту беларускіх камуністычных дзеячоў. Праз тыдзень пасьля разбурэньня ў Менску катэдральнага Сьвята-Духава сабору, у траўні 1936 году, пачалi падрываць Сьвята-Казанскi (прывакзальны) мураваны храм. На работу падрыўнікоў, як на сьвята, прышлi паглядзець кiраўнiкi беларускага ўраду, сярод якiх былi Гiкала, Чарвякоў і той самы Мікалай Галадзед. Для зручнасьцi яны разьмясьцiлiся на бальконе левага крыла Дому ўраду. Каб бачнасьць была добрай, выбух прызначылi на шэсьць гадзiнаў ранiцы, на досьвiтку. Пасьля таго, як ён прагрымеў, будынак Сьвята-Казанскага сабору перастаў iснаваць. Сам Мікалай Галадзед быў арыштаваны НКВД ў Маскве й падчас допыту ў Менску выкінуўся з вакна на вуліцу.

Спаміж знакамітых людзей, чыё нараджэньне прыпадае на 21 чэрвеня, – два небеларусы, якія свой жыцьцёвы чын прысьвяцілі нашай краіне. Гэта француз Жан Жылібэр, які заснаваў у Горадні мэдычную акадэмію і першы ў гісторыі Рэчы Паспалітай батанічны сад на рэчцы Гарадніцы, рэшткі якога можна пабачыць і сёньня. Нарадзіўся Жылібэр у 1741 годзе. Таксама 21 чэрвеня адзначыць свае народзіны ангелец Арнольд Макмілін, дасьледнік беларускае мовы і літаратуры, чые аб’ектыўныя кнігі не маглі перавыдавацца ў Беларусі за савецкім часам, бо пісаў іх Макмілін, не скаваны цэнзурнымі рамкамі. А нарадзіўся ён роўна праз трыста гадоў пасьля француза Жылібэра, у 1941 годзе.

21 чэрвеня 1905 году, гэта значыць, роўна сто гадоў таму, у Парыжы нарадзіўся Жан-Поль Сартр, францускі пісьменьнік і філёзаф, тэарэтык экзыстэнцыялізму. Свой першы раман ён надрукаваў у 1937-м, а затым была трылёгія “Шляхі да свабоды” й мноства п’есаў... Падчас другое сусьветнае вайны пісьменьнік 9 месяцаў знаходзіўся ў палоне, а па вяртаньні зь Нямеччыны, далучыўся да антыфашысцкага Супраціву. У 1964 годзе на знак пратэсту Сартр адмовіўся ад Нобэлеўскае прэміі. Па-беларуску выходзілі з друку апавяданьні і п’есы Сартра.
XS
SM
MD
LG