Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бразылія: зьнішчэньне "лёгкіх" плянэты выклікае глябальную трывогу


Сяргей Шупа, Прага Згодна з найноўшымі экалягічнымі дасьледаваньнямі, зьнішчэньне амазонскіх трапічных лясоў дасягнула рэкордных маштабаў, што выклікае трывогу наконт глябальных кліматычных зьменаў. У Бразыліі знаходзяцца “лёгкія” нашай плянэты, і новы прэзыдэнт краіны, які заняў пасаду два гады таму, паабяцаў надаваць экалёгіі больш увагі, чым ягоныя папярэднікі. Тым ня менш дэфарэстацыя – зьнішчэньне лясоў – працягваецца.

Шмат дзе ў амазонскіх лясох цяпер чуваць ня крыкі жабаў і папугаяў, што адгукаюцца рэхам у джунглях, а віскат пілаў і трэск пажараў – дрэвы валяць з рэкорднай хуткасьцю.

Высяканьне амазонскіх лясоў доўгія гады выклікала занепакоенасьць эколягаў ва ўсім сьвеце, і не беспадстаўна. У гэтых лясох жыве да 30% усіх жывёльных і расьлінных відаў нашай плянэты. Яны таксама выконваюць ролю гіганцкага “вугляроднага сьцёку” – паглынаючы шкодны вуглякіслы гас, які інакш трапляў бы ў атмасфэру і паскараў глябальнае пацяпленьне.

Бразыльскае агенцтва аховы асяродзьдзя абвясьціла сёлета, што дэфарэстацыя Амазоніі паміж 2003 і 2004 годам вырасла да 26 тысячаў квадратных кілямэтраў. Гэта значыць, што за год была пазбаўленая лесу тэрыторыя роўная дзьвюм Бэльгіям.

Леанарду Лясэрда з Усясьветнага фонду дзікай прыроды гэтак ацэньвае тэмпы дэфарэстацыі Амазоніі:

(Лясэрда: ) “Я думаю, вельмі важна найперш зразумець маштабы праблемы. Бразыльская Амазонія займае плошчу каля 4 мільёнаў квадратных кілямэтраў. Лес зьнішчаны амаль на 17 працэнтах гэтай плошчы – гэта тэрыторыя Францыі і Партугаліі ўзятых разам”.

Каля 80% дэфарэстацыі апошняга часу ляжаць на сумленьні жывёлагадоўцаў і вытворцаў соевых бабоў. Яны маюць моцную эканамічную зацікаўленасьць – глябалізацыя спараджае велізарны попыт на іх прадукцыю. За апошняе дзесяцігодзьдзе прапорцыя эўрапейскага імпарту мяса з Бразыліі вырасла з 40% да 80%.

На шырокіх абсягах Амазоніі прага патэнцыйных сельскагаспадарчых прыбыткаў спараджае бязладны захоп зямлі, які Лясэрда параўноўвае з тым, што адбывалася ў ХІХ стагодзьдзі на амэрыканскім Дзікім Захадзе.

Намінальна бальшыня амазонскіх земляў знаходзіцца ў грамадзкай уласнасьці і карыстаньне імі мае быць рэгуляванае ўрадам. Аднак слабасьць заканадаўчай і праваахоўнай сыстэмы вядзе да таго, што хто заўгодна, маючы грошы, можа безь ніякага пакараньня захапіць кавалак лесу, пасячы дрэвы і ператварыць яго ў пашу для жывёлы. Леанарду Лясэрда кажа:

(Лясэрда: ) “Я, як бразылец, лічу недапушчальным, што на пачатку ХХІ стагодзьдзя да 40 працэнтаў бразыльскай Амазоніі ня маюць канкрэтнага ўласьніка, што значыць – хто першы прыйдзе, таго й зямля. Вось чаму тут такая вялікая няпэўнасьць і спрэчкі аб тым, што каму належыць. І, вядома ж, я лічу, што галоўны вінаваты тут – фэдэральны ўрад і ўрады паасобных бразыльскіх штатаў”.

Спрэчкі часам перарастаюць у жорсткія канфлікты. Апошнімі гадамі былі забітыя некалькі вядучых актывістаў экалягічнага руху і абаронцаў правоў індыянаў.

Актывіст руху Грынпіс Паўлу Адарыю атрымаў пагрозы забойства, аднак працягвае сваю дзейнасьць. Нядаўна ён расказаў у інтэрвію агенцтву Ройтэрз пра сытуацыю ў штаце Мату Гросу на захадзе амазонскіх джунгляў, заявіўшы, што экалягічная палітыка ўладаў ня мела ніякіх вынікаў:

(Адарыю: ) “Мату Гросу – гэта штат, дзе зьнішчэньне лесу набыла найшырэйшыя маштабы. Шмат вінаваты ў гэтым і фэдэральны ўрад. Аўтары грандыёзнага ўрадавага пляну зьбіраліся стрымаць дэфарэстацыю неадкладным выяўленьнем зонаў зьнішчэньня і распрацавалі адмысловую праграму. Аднак з гэтага нічога ня выйшла і праграма нікога не спыніла”.

Леанарду Лясэрда кажа, што ўрад якраз заахвочвае зьнішчэньне лясоў, фінансуючы праекты пабудовы дарог і селячы ўсё больш і больш людзей у недаступных дагэтуль раёнах.

(Лясэрда: ) “Большая частка Амазоніі раней была амаль што недаступная. Але як толькі будуецца дарога, адразу адкрываецца доступ да зямлі, і тады мы назіраем тыповыя прыклады ўварваньня і захопу зямлі”.

Высяканьне трапічных лясоў можа прынесьці імгненную карысьць, але разам з тым можа паставіць пад пагрозу доўгатэрміновае эканамічнае разьвіцьцё краіны, як пачало выяўляцца цяпер. Калі зьнішчэньне лясоў ня спыніцца, дык з часам кліматычныя зьмены могуць нанесьці Бразыліі вялікую шкоду, і тады, як баяцца экалягісты, мільёны гектараў вызваленай ад лесу перасохлай зямлі гэтай шкоды не кампэнсуюць.
XS
SM
MD
LG