10 красавіка, нядзеля
У нас, канечне, ня Вільня, Прага альбо Кракаў, але таксама яшчэ ня ўсё разбурылі, нейкі гістарычны дух зьлёгку адчуваецца. Скончыўшы працу, звычайна выходжу з дому і вулічкай, якая існуе дзесь з 17 стагодзьдзя, іду ўніз, дзе стаіць на пастамэнце бюст пісьменьніцы, якая даўным-даўно тут пісала свой збор твораў і любіла рабіць гербарыі. Побач — Швайцарская даліна з рачулкай. Вельмі занядбаную мясьціну нядаўна ператварылі ў нябрыдкае месца шпацыру. Здаецца, нават лепей стала, чым у царскі час: старыя паштоўкі захавалі тагачасны выгляд Швайцарскай даліны.
Вулічкай гэтай калісьці езьдзілі карэты, таксама і каралеўская. Побач — дом масонаў, у якім апошні час стаяў рэнтгенаўскі апарат. Сёньня тут любяць праехаць з рокатам нашыя жалезныя браты на сваіх “гарлі-дэвідсанах”. А неяк бачыў нямецкую жандармэрыю на грувасткім матацыкле зь люлькай і кулямётам. Выйшлі жаўнеры каля бару і набылі цыгарэт за беларускія грошы. Даволі прыкольна часам здараецца.
Сустрэліся з калегам зь дзяржаўнай газэты, гаворыць: пісаць можна амаль пра ўсё, каб толькі ніякай палітыкі. Праўда, і сьвецкая хроніка ня вельмі ідзе. Вось надумалі ўлады паставіць скульптуру, зьвязаную ажно з магдэбурскім правам. Майстар зрабіў удалую невялікую паркавую статуэтку. А тут юбілей у значнага начальніка, трэба падарунак. Улады да скульптара — аддай нам статуэтку, добра заплацім. Не заплацілі, і праца начальніку не спадабалася. Прыкольна? Даволі, але ж пра такое не напішаш, гаворыць калега зь дзяржаўнай газэты. Вось спрабуюць адукоўваць начальства, а яно ўсё адно ў лес глядзіць, часам марыць уголас пра гістарычную забудову: пусьціць бы сюды бульдозэр. Але кантэкст прымушае дзейнічаць насуперак уласным жаданьням усё зруйнаваць дзеля новых хрушчовак.
11 красавіка, панядзелак
Мой дзень нараджэньня. Ёсьць людзі, якія асабліва не адзначаюць такіх сьвятаў, я таксама. Дый увогуле сёньня яшчэ Дзень вязьняў канцлягераў, фашысцкіх. Калісьці мы з бацькамі жылі ў ГДР, і нашую клясу завезьлі на экскурсію ў канцлягер-музэй. Я атрымаў адно з самых моцных у жыцьці ўражаньняў: пальчаткі і абажуры з чалавечай скуры, падушкі і матрацы, напханыя валасамі. Садысцкія досьледы над людзьмі. У вітрыне ляжаў кавалак лягернага эрзац-хлеба, зусім неапэтытны. Я потым ад усяго ўбачанага і пачутага есьці ня мог. Зусім непрыкольна. “Але ж, нібыта, нямецкі правадыр быў не такі кепскі...” Дзе гэта я такое мог пачуць? А, на колішнім мітынгу, дзе была вялізная лялька, якая радыёголасам пахваляла “найлепшага сябра нямецкага народу”. Ляльку гэтую схапілі за каршэнь людзі ў цывільным і пацягнулі ў дом рэчавых доказаў — можа, і цяпер у іхным музэйчыку вісіць на сьцяне. Прынамсі здымак ейны — ужо дакладна. Штосьці зусім не прыкольна ўсё гэта.
12 красавіка, аўторак
Купляў у краме каўбасу вараную для салаткі з маянэзам. Прадаўшчыца параіла “Губэрнскую”, я іранічна адмовіўся. Наш мясакамбінат, не ўзгадняючы з курыяй ды зь вернікамі, прыляпіў на гэтую каўбасу наш велічны катэдральны касьцёл. Праўда, з псэўдарасейскім гарадзкім сабаром таксама харч існуе, але — жытні хлеб, усё ж прыемней. Але ўсе рэкорды харчовыя ў старажытнай Каложы. Таварыства беларускай мовы хацела выдаваць газэту асьветную з назвай “Каложа”, але ўлады замахалі рукамі: нібыта ажно сынод прыватызаваў слова гэтае і забараняе ўжываць. Але, напэўна, бацюшкі, любяць пад’есьці і закусіць. Бо тут жа трапіла ў продаж гарчыца “Калоская” — маянэз, здаецца, хрэн, сыр і гэтак далей. Не зьдзіўлюся, калі зьявіцца хутка гарэлка “Калоская”. Можа, ужо ёсьць, проста я ня ведаю.
13 красавіка, серада
Няўжо літаратура памерла? Спытаў у шапіку хоць які-небудзь літаратурны часопіс: нічога. А можа якія новыя выданьні зьявіліся? Ёсьць часопіс сьвежы беларускі “К вам пришла проверка”. Але ж! Па-свойму геніяльна. Можна ўявіць, што наступны новы беларускі часопіс будзе называцца “За вами приехал воронок” — з парадамі, што браць з сабой, як паводзіцца на допытах, як азбукай Морзэ карыстацца, напрыклад.
Добра, хоць паэзія яшчэ спрабуе дастукацца неяк да празаічных беларусаў. Сёньня вось Ніл Гілевіч нават прыяжджаў, але ў мяне праца была. Днямі адзін знаёмы выйшаў з плякатам пратэставаць супраць расейскіх апэтытаў на беларускія дранікі, на плякаце напісаў верш Гілевіча “Будзьце пракляты вы, каты свабоды!” Судзьдзя папросту ўразіла затрыманага пікетчыка сваёй адукаванасьцю: яна ведае імя паэта і нават вершы ягоныя чытала! І ў такой літаратурнай атмасфэры яна выпісала штраф ледзьве не на мільён. Вось колькі ў нас каштуе любоў да паэзіі. Хіба па-свойму не прыкольна?
Не, жыве яшчэ ў народзе прага да вершаскладаньня. Выбары ў нас былі. Знайшоў я ў сваёй паштовай скрынцы вершык паэта “Правдова” ці “Праўдзіна”, які вельмі выкрываў апазыцыйных кандыдатаў як агентаў імпэрыялізму. Аднаму з гэтых апазыцыянэраў не надрукавалі выбарчай улёткі, сказаўшы, што ня мае ліцэнзіі на выдавецкую і паліграфічную дзейнасьць. Прыкольна! Думаю, што і “Праўдзін” такой ліцэнзіі ня меў. Калі так пойдзе, нават ліцэнзіі на вершы могуць зрабіць. Хочаш паэзіяй займацца — зарэгіструйся, заплаці падатак, за месца працоўнае, за юрыдычны адрас, ПДВ, калі прадасі пару вершыкаў.
Уладам, ні для каго ні сакрэт, патрэбны “бабкі”. Паўсюль пішуць: вось надумалі аднавіць шлях з варагаў у грэкі. Прыкольна! Пытаньне толькі: ці захочуць цяперашнія варагі плаваць у грэкі цераз нашае роднае славянскае васальнае княства? Ці пыталі ў саміх варагаў? Турызм — рэч складаная. Толькі сьвіснуць “гайда сюды!” замала. Тут патрэбны творчы падыход, сцэнар дыхтоўны. Проста стукаць гранатамі па грудзёх: “Я свой, я — немец!” як мальчыш-плахіш, нікуды ня варта, буржуіны ад хлапца ў культавым савецкім фільме, як вядома, далі лататы.
На суседняй Украіне сёлета турыстаў удвая болей, дзякуючы аранжавай рэвалюцыі. Некаторыя заходнікі на Майдан у намёце пажыць прасіліся яшчэ ў самую пільніцу. У нас свае валёры, як палякі кажуць. Можа, дзеля адрэналіну і схочуць паасобныя варагі пераплысьці мяжу па Аўгустоўскім канале, каб трапіць часова, скажам так, у кіпцюры ГПУ. Бо ўрэшце ў Белавескай пушчы на Беласточчыне экстрэмальны турызм існуе. Вязуць, прыкладам, дзядзькаў Сэмаў розных вузкакалейкай, і раптам спыняюць цягнічок злыя, як сабакі, беларускія савецкія памежнікі: вы парушылі дзяржаўную мяжу! Во дзе сцэнар! Чаму палякі ці там беластоцкія беларусы павінны есьці наш хлеб, які потам і крывёй здабывае родная памежнай варта?
Карацей, завабіць некаторых замежнікаў можна: паставіць шыльду на мяжы: “Апошняя дыктатура Эўропы”, прыкладам, і валюта — у нашай кішэні. Трэба не баяцца называць рэчы сваімі найменьнямі, заходнікі цэняць шчырасьць.
Нас сёньня ўсяляк страшаць рабствам за мяжой. А калі вочы прамыць: мы ўсё болей трапляем у якісьці дзяржаўны прыгон. Гэта не зрабі, туды не паедзь, там не працуй, тут не вучыся. Праўда, з дазволу найвышэйшага, ды калі “бабкі” заплаціш, тады можна... І ўсё паўтараюць рытарычна: хіба ня мае права дзяржава, якая яго вучыла, заслаць яго ў чарнобыльскую зону прымусам, найлепей гадоў на пяць? А яшчэ нядаўна паўтаралі: цябе вучыла дарагая савецкая ўлада і родная камуністычная партыя. А яшчэ раней: цар-бацюхна ды памешчык дбалі пра дурнога беларускага мужыка, як пра ўласнага сынка. Праўда, цяпер дыктатура сялянскіх дзяцей, якія нават акадэмікаў вуму-розуму навучаюць. Але ж прыкольна!
14 красавіка, чацьвер
Па журналісцкіх справах еду ў правінцыю. Апынаемся побач з старым сябрам, зь якім даўно ня бачыліся. Абмяркоўваем мудрасьць апошніх рэскрыптаў. Як гэта ў аднаго расейскага пісьменьніка: дэкрэт пра неба, дэкрэт пра зямлю і загад №1. Сябра гаворыць: бачыў учора па скрынцы, як у Расеі-матухне Леніну маску начапілі, так і прастаяў цэлы дзень. Хоць настрой прыўзьняў людзям, бо стаіць чарней за сьмерць, гадоў сто ўсё кліча Русь “к топору”. Прыкольна! Успомнілі пра нашае пагалоўе ленінскіх статуяў, шырспажыў эпохі разьвітога сацыялізму. Там хлопцы кувалдай разьбілі цэмэнтавага, тут нядаўна гіпсавага развалілі, бо насупраць храму стаяў. Штукі тры яшчэ зьніклі, а ў аднаго райцэнтраўскага Ільліча рукі самі адсохлі, засталіся куксы, начальства вельмі бедавала.
Бязь Леніна сёньня як бяз рук. Во толькі што прынялі ў БРСМ членаў новых і сьцяг ім у рукі: з барэльефам Леніна і зусім нечаканым надпісам “Рашэньні 24 зьезду КПСС увасобім у жыцьцё”. У мяне ажно сэрца скаланулася: ці не славутай “харчовай праграмай” запахла зноўку? Зусім небеспадстаўна. Прыехаў былы сусед са Штатаў, пахадзіў па крамах: таньней, чым у Амэрыцы, толькі бульба нямытая ды малако ў пакетах. Усё ж па малаку, у пэўным сэнсе, перагналі ЗША, як марыў Мікіта. Yes, yes! Прыкольна!
15 красавіка, пятніца
Сустрэў прыяцеля. Яму не даюць спакою манэўры. Зноў манэўры! “Ачышчанае неба” ці штось такое. Колькі яго можна ачышчаць?! “Напужалі яжа... вядома чым”, — гаворыць ён раздражнёна. Добра, чалавек знайшоўся відушчы сваім часам — аддаў зброю атамную, бо сёньня мы як Паўночная Карэя, крычэлі б на кожным кроку пра сваю бомбу за пазухай. Стукалі б абцасам па трыбуне, як той Мікіта, што ўсіх імпэрыялістаў пахаваем. Прыкольна? Ды ня вельмі.
Мой прыяцель ня тое, каб пацыфіст перакананы, але, так бы мовіць, праціўнік цяўканьня Моські на слана. А нашая ідэалягічная прапаганда робіць яго ўвогуле іранічным: чаму ў акне рэстарацыі наведнікаў заваблівае плякат “Слава героям!”? Што яны — катлеты прапануюць, якія тыя героі не пасьпелі даесьці? Ці што гэта за мэтамарфозы, калі вулічны каўбасны натурморт у рэклямнай вітрыне “Волковысская колбаска — это просто сказка!”, саступае месца салдату з папяроскай? Прыкольна? Ды ня ведаю.
Дальбог, штосьці ад усяго гэтага настрой не паляпшаецца. Хіба што зноўку, скончыўшы працу, выйсьці на каралеўскую вулічку ды паспрабаваць пачуць пошчак капытоў кавалерыі войска Вялікага Княства, гаворку паўстанцаў Касьцюшкі ці жаўнераў Першага палка БНР, запіс у які адбываўся ў суседнім доме. Калі толькі пачуць іх не перашкодзяць “гарлі-дэвідсан” ці машына з амонам.