Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падатковая арганізацыя загадала палітычным партыям мець кнігі скаргаў


Казімер Яноўскі, Гомельская вобласьць У Гомельскай вобласьці падаткоўцы забавязваюць рэгіянальныя структуры палітычных ды грамадзкіх арганізацыяў мець кнігі заўваг і прапаноў. Такія кнігі ўведзеныя сёлета паводле дэкрэту №2 для гаспадарчых суб`ектаў і дзяржаўных арганізацыяў.

Старшыня абласной арганізацыі партыі БНФ Віктар Раманішка, які жыве ў Сьветлагорску, распавёў нашаму радыё пра сваё наведаньне тамтэйшай раённай падатковай інспэкцыі.

(Раманішка: ) “Куратарка грамадзкіх арганізацыяў і палітычных партыяў паведаміла нам, што, згодна дэкрэту прэзыдэнта, мы павінны мець такую кнігу скаргаў і прапановаў. Яна дала нам расьпісацца, што мы пра гэта ведаем”.

Сваім досьведам атрыманьня кнігі заўваг для грамадзкай арганізацыі “Прававая ініцыятыва” ў падатковай інспэкцыі Чыгуначнага раёну абласнога цэнтру дзеліцца актывістка арганізацыі, сябра АГП Зінаіда Шуміліна. Згаданую кнігу спадарыня Шуміліна атрымлівала 8 красавіка.

(Шуміліна:) “Проста бабілёнскі натоўп быў – кнігі атрымлівалі прадпрымальнікі, прамыслоўцы, кіраўнікі грамадзкіх арганізацый ды шмат хто іншы. Чакала ў чарзе тры гадзіны. Загадана да 15 красавіка мець усім кнігі заўваг. Інакш падаткоўцы пагражаюць штрафамі. Я ў жаху. Сёньня мне трэба атрымліваць кнігу для абласной арганізацыі Аб`яднанай грамадзянскай партыі”.

Паводле Шумілінай, дзеля таго, каб мець кнігу, трэба запоўніць адмысловы блянк заявы, які прадаюць за грошы, і сплаціць яшчэ за саму кнігу 1190 рублёў.

Я пацікавіўся ў лідэраў палітычных партый, ці патрабуюць падаткоўцы мець кнігі скаргаў для палітычных структураў у іншых рэгіёнах?

Кіраўнік партыі БНФ Вінцук Вячорка паведаміў, што апрача Гомельскай вобласьці, у іншых рэгіёнах гэткіх патрабаваньняў да палітычных структураў падаткоўцы пакуль не выстаўляюць. Пры гэтым спадар Вячорка заўважыў:

(Вячорка: ) “Пры ўсёй анэкдатычнасьці патрабаваньня, партыя БНФ не адмаўляецца мець такія кнігі, але толькі, калі яны будуць на беларускай мове”.

У сваю чаргу старшыня АГП Анатоль Лябедзька распавёў:

(Лябедзька: ) “Актывісты партыі маюць намер заснаваць адмысловую кнігу заўваг і прапаноў у дачыненьні Аляксандра Лукашэнкі. Нядаўна намесьніца кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Натальля Пяткевіч сьцьвярджала, што такая кніга ў адміністрацыі таксама будзе. Але паколькі да гэтага часу яе няма, то сябры АГП бяруць на сябе ініцыятыву зьбіраць заўвагі і прапановы на адрас кіраўніка дзяржавы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG