Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хрысьціянскія дэмакраты прэзэнтавалі праграму сваёй будучай партыі


Альгерд Невяроўскі, Менск Прадстаўнікі аргкамітэту па стварэньні Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі прэзэнтавалі 11 красавіка праграму дзеяньняў будучай партыі. І хаця ўстаноўчы зьезд Хрысьціянскай дэмакратыі адбудзецца толькі напрыканцы гэтага ці ў пачатку наступнага году, актыўна дзейнічаць хрысьціянскія дэмакраты зьбіраюцца ўжо цяпер.

Пра стварэньне аргкамітэту Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі было абвешчана яшчэ пры канцы мінулага году. Але толькі цяпер каардынатары аргкамітэту здолелі падрыхтаваць і прэзэнтаваць праграму будучай партыі. Некалькі месяцаў сябры аргкамітэту фармавалі ідэю, форму палітычнай арганізацыі, плян дзеяньняў. Каардынатары гавораць, што даволі цяжка было пагадзіць прадстаўнікоў розных сацыяльных плыняў і хрысьціянскіх канфэсіяў. Дзеля чаго зьявілася патрэба ствараць новую партыю, тлумачыць каардынатар аргкамітэту БХД Аляксей Шэін:

(Шэін: ) “Беларусь востра патрабуе палітычнай сілы, якая будуе сваю дзейнасьць на прынцыпах хрысьціянскай маральнасьці і беларускага патрыятызму. Хрысьціянства ў спалучэньні з дэмакратыяй — для нас гэта прыўнясеньне хрысьціянскіх маральных каштоўнасьцяў ва ўсе сфэры жыцьця”.

Сярод задачаў новай партыі — кансалідацыя грамадзтва вакол ідэяў духоўнага адраджэньня Беларусі, незалежнасьці, дэмакратыі і эўрапейскай пэрспэктывы. Сябры аргкамітэту лічаць сябе нашчадкамі заходнебеларускіх хрысьціянскіх дэмакратаў 1920—1930 гадоў. Нават назва новай партыі такая ж. Каардынатары аргкамітэту гавораць, што партыя ня будзе клерыкальнай ці канфэсійнай, і яе сябрамі могуць быць усе, хто падзяляе хрысьціянскія каштоўнасьці. Утварэньне БХД ужо ня першая спроба ад пачатку 1990-х гадоў стварыць у Беларусі хрысьціянска-дэмакратычную партыю.

У новай партыі ўжо знайшлося некалькі сотняў прыхільнікаў — гэта ў асноўным маладыя вернікі праваслаўнай, каталіцкай і шэрагу пратэстанцкіх цэркваў. Паводле сябраў аргкамітэту, да зьезду яны зьбіраюцца павялічыць іх колькасьць да некалькіх тысяч. Цяпер аргкамітэт займаецца партыйным будаўніцтвам і пакуль не зьбіраецца ўваходзіць ні ў якія палітычныя блёкі. Гаворыць каардынатар аргкамітэту Павал Севярынец:

(Севярынец: ) “Ніводнага з кандыдатаў у прэзыдэнты на выбарах прэзыдэнта 2006 году мы да гэтага часу не падтрымлівалі, бо занятыя, у асноўным, структурным афармленьнем і партыйным будаўніцтвам. Гэтае пытаньне намі нават не разглядаецца. Яно будзе пастаўленае бліжэй да ўстаноўчага зьезду. Гэтак жа сама ні якой кааліцыі, ні ў якіх аб’яднаньнях мы пакуль што не фігуруем”.

Да ўстаноўчага зьезду сябры аргкамітэту Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі зьбіраюцца таксама правесьці шэраг акцыяў. Сярод іх збор подпісаў супраць праяваў разбэшчанасьці і гвалту на беларускіх тэлеканалах, дапамога ў рэгістрацыі хрысьціянскіх грамадаў, а таксама правядзеньне рэлігійна-культурніцкіх імпрэзаў.

***

У 90-я гады ў Беларусі існаваў шэраг арганізацый, якія мелі ў назьве азначэньне «хрысьціянска-дэмакратычная». У прыватнасьці, у 1991 годзе была створаная Хрысьціянска-дэмакратычная злучнасьць, а ў 1994 годзе – Хрысьціянска дэмакратычная партыя. Але пры канцы 90-х гадоў абедзьве гэтыя арганізацыі ня здолелі прайсьці перарэгістрацыю ў Міністэрстве юстыцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG