У сярэдзіне 1980-х на Клеччыну прыехаў новы раённы партыйны начальнік – Вячаслаў Алешка, неўтаймоўны, няўрымсьлівы, улюблёны ў прыроду, апантаны фотааматар. З фотаапаратам аблазіў ці ня ўсе вабныя закуткі Беларусі, змайстраваўшы некалькі ладных фотаальбомаў. Першае, што зрабіў сакратар райкаму, калі пасяліўся ў прыватным дамку на ўскраі Клецку, – некалькі тыдняў ладаваў бусьлянку на высокай грушы побач з хатай. Цікаўныя суседкі пазіралі і, не саромеючыся, зласьліва ў голас:
– Антыхрыст! Ня будуць сяліцца божыя птахі над сядзібай партыйца, бязбожніка!
Але буслы дружна пасяліліся і прыляталі сюды, да антыхрыста, шмат гадоў запар. І нікога ў Клецку і навакольлі не шанавалі, толькі сядзібу ўлюблёнца ў прыроду Алешкі. А праз пэўны час ад’ехаў у сталіцу фотааматар, разьвітаўся з бусламі, а засяліўся там, у гэнай хаце, “чалавек божы” – мясцовы сьвятар, грубы, нахабны настаяцель клецкага праваслаўнага храму. І першае, што ён зрабіў, адно кінуўшы валізы ў двары, – за сякеру і давай бурыць бусьлянку. Суседзі не сьцярпелі, абурыліся, голасна паўтараючы:
– Бязбожнік сьвятых птушак прыгрэў, прытуліў, шторанак шчасьліва вітаў іх, а сьвяты чалавек прагнаў.
І давялося сьвятару зноўку перці на верхатуру кола і ладаваць котлішча для сьвятых птушак, бо людзі пагражалі да яго ў храм не хадзіць, лепей у Нясьвіж пасунуцца.
Але буслы болей тут не пасяліліся, угнявіў іх бацюшка.
А баявітая суседка сьвятара голасна, на ўсю вуліцу паўтарала колькі тыдняў запар:
– Божая птушка шчырага чалавека за вярсту чуе!
Магія мовы: архіў 2005 (1-ы квартал)
Магія мовы: архіў 2005 (1-ы квартал)