Маё дзяцінства прайшло на ўскраі Слуцку. За нашымі агародамі бегла дарога ў калгас “1 мая”, у вёску Кляпчаны, на Чырвоную Слабаду.
– А ў нас, як у калгасе, – гаварылі людзі, – адно брыгадзір з пугай па вуліцах ня шастае, на нормы не гукае.
Ці ня з той жа прычыны да свае чаркі мелася й свая скварка, якая не сумавала без цыбулі, часныку, бульбы з чырвоным бурачком. Агарод ратаваў не адну нашу сям’ю ў тыя галодныя пасьляваенныя гады. І дабрабыт кожнае сям’і меў дачыненьне да тых урадлівых сотак, якія саветы нарэзалі на кожную хату, падлічыўшы ўсіх едакоў, каб штовосень “кінуць папяровае ярмо” – налічыць падатак на соткі.
Мая матуля ўвіхалася на агародзе ад цямна да цямна і хвалілася сынам, што наяжджалі на гасьціны з розных куткоў: “Мой манэтны двор”. А там расла для “пацехі” нават лялька-цацка Хрушчова – кукуруза, усяго тры карчы з бародкай. А вось паны-гарбузы грэлі свае бакі да верасьня і наліваліся кожны ці не да паўпуда вагой. Гарбузікі ў палатняных торбачках усю зіму грэліся на прыпечку – першы частунак дарагім гасьцям.
Ці ня з гэтай “агароднай” прычыны й да нявесткі патрабаваньне:
– І дзеўка каб працавітая была, старанная і няўтомная, як калгасная малатарня!
Менавіта так. Бацькі жыцьця пільнаваліся, каб сын, які ўлягаў за дзеўкамі, месяц у хаўрусьнікі ўзяўшы, упаляваў тую, што трэба. – А то возьмеш такую, як Ліля Бранаўчыха. Пяюха з хору жабракоў гарадзкога клюбу. Маці зь мяшкамі цягаецца, а дачка падмалюецца і на скокі – плюнуць хочацца. А яе муж сам і грыбы зьбірае, сам і марынуе. Да маразоў з торбай па лесе шастае, каб гультайку пыніць, а на зіму ў горадзе мяшкі з бульбай у сховішчы цягае... А ведаеце, дзе самыя жаданыя нявесткі гадуюцца? Спытайце ў майскапасадаўскіх, тыя адкажуць: на Палтаўшчыне. Ня верыце? – У Івана Кургузава жонка-хахлуха – зь Дзіканькі, а ў Міколы Карачэнцава – з Херсанэсу. Бачыш, як увіхаюцца! Ад цямна да цямна. І сьвінства пыняць, і курчат, і сваіх п’янтосаў даглядаюць. Каб так у калгасе працавалі, як хахлухі, дык Амэрыка ззаду нас была б, а так мы за ёй у лапцях і фуфайцы. Так і павялося ў случакоў-агароднікаў, якія жывуць амаль што ў калгасе: – Не шукай дзеўкі ў карагодзе, а шукай у агародзе.