Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пана клянуць, а пан тлусьцее


Антаніна Хатэнка, Менск Новая перадача сэрыі "Магія мовы".

За савецкім часам нас добра-такі прывучылі да клясавага падзелу. І дагэтуль да багатых ставяцца з насьцярогай – злодзей, маўляў, ды манюка. Бывае, з тае зацятае варажнечы бедных з багатымі вылазіць на сьвет каторы паслугач і на тле агульнае галоты за пана сябе выдае – давай усіх запар паганяць. Ведама, клянуць такога няшчадна. Бо ж лепей пан, чым падпанак. Але... пана клянуць, а ён тлусьцее.

Між тым, народная этыка кляцьбу за вялікі грэх падае. Ад праклёнаў спрадвек збаўлялі лекары-варажбіты. Бо ж гэтакі ліхі насыл на цэлы род падае. Ды ўсё-ткі пана клянуць. А ён тлусьцее…

Гэтае назіраньне (ён тлусьцее) праўдзівае: самаўпэўненых і жорсткіх праклёны не даймаюць – жывуць сабе, нібы за шчыльнай заслонай. Чужая злосьць прабівае адно тонкія душы. Такая вось прадаўняя псыхалёгія выяўляецца. Праўда, чыстых, сьвятых гэтаксама ані зайздрасьць, ані гнеў не зачэпяць. Ды тое ўжо іншая гісторыя.

Цьвердзячы: пана клянуць, а ён тлусьцее, – народ мудра адсланяецца ад гэтакай любай цяпер клясавасьці: клянуць не таму, што пан, а таму, што благі, люты. Дык і тлусьцее, ні на што не зважаючы. Этому все нипочем – акрэсьліваюць расейцы. Гавары воўку пацеры, а воўк – баран – кажуць пра ўпартых. Вось і пан упарта тлусьцее, хоць хто лопні, злуючыся.

Учула я гэтую формулу ў гасьцёх: пра сучаснага пана – старшыню калгасу – жанкі апавядалі кпліва й грэбліва. А мне згадалася старажытнае: fortuna favet fatuis – лёс дурням спрыяе. Сапраўды, як глянеш вакол: што ні багацей – не чалавек, а сто чарцей. Паўсьселіся на высокія й маленькія троны. Ведаюць: пана клянуць, а пан тлусьцее.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG