Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыватны дзёньнік: Алесь Каско


Алесь Каско, Жабінка Новая перадача сэріі “Прыватны дзёньнік”. Запісы мінулага тыдня прадстаўляе старшыня Берасьцейскага абласнога аддзяленьня Саюзу пісьменьнікаў паэт зь мястэчка Жабінка Алесь Каско.

5 сьнежня

Згадалася: калісьці гэтая дата была днём савецкай канстытуцыі. Убілася ў памяць казусным выпадкам. У інстытуце аднакурсьнік запярэчыў лектару: маўляў, “канстытуцыя” нездарма рыфмуецца з адным далікатным словам. І той зьбялеў. Студэнту, аднак, сышло з рук: хрушчоўская адліга толькі-толькі заканчвалася.

Нядзеля, і настрой някепскі. Хадзіў да Зьдзітаўскай царквы. Нягледзячы на хмурны дзень з імжою, было, як заўсёды, нямала люду. Адно што не ўдалося збавіцца самоты цалкам. Два гады, як ня стала Васіля Сахарчука, найбліжэйшага сябра ў Жабінцы. Царкву ХVІ стагодзьдзя, бярозавы гай па дарозе да яе, векавыя дубы над ёю і гожы Мухавец побач часта наведвалі разам.

Вярнуўся — зрабіў тэлефонны званок у Берасьце. З просьбы былога рэдактара раёнкі Віталя Канавалюка. Прапаноўвае суаўтарства — пісаць кніжку пра адно аграпрадпрыемства. Падумаю і, мусіць, згаджуся. Схіляе да згоды перш за ўсё безграшоўе.

Па абедзе глядзеў біятлён у Раўбічах па тэлевізіі. Гук, як і звычайна, калі рэпартаж вядзе У.Навіцкі, выключыў. Дастаткова было відэараду.

Зьбіраюся назаўтра ў сталіцу. Упарадкоўваю тое-сёе з машынапісаў. Аднак еду ня з творчымі намерамі. Прыкра, што галоўным чынам з-за мяне зьбіраецца для нечарговага паседжаньня Рада Саюзу беларускіх пісьменьнікаў.

6 сьнежня

У Менску сябар-паэт У.Марук нагадаў пра маленькі юбілей: роўна дваццаць гадоў таму, акурат 6 сьнежня, мы былі прынятыя ў Саюз пісьменьнікаў. Юбілею не сьвяткавалі, я пайшоў на паседжаньне Рады — апраўдвацца, якога ліха не даю справаздачаў пра гаспадарчую дзейнасьць абласнога аддзяленьня ў падатковую інспэкцыю. Ад апошняе атрымаў папярэджаньне год-паўтара таму і даў падрабязны пісьмовы адказ: дзяржаўнае фінансаваньне спынілася, разьліковы рахунак скасаваны, ніякай гаспадарчай дзейнасьцю не займаемся. Думаў, гэтага дастаткова. Але інспэкцыя толькі што — праз гэтулькі часу! — паскардзілася Мінюсту, адтуль накіравалі гнеўны ліст кіраўніцтву саюзу. Што ж, надалей папяровыя фармальнасьці мушу выконваць.

На паседжаньні Рады сфармавалася думка: у “наездах” улады, накшталт апошняга, бачыцца канчатковая мэта яе. І ў Менску, і ў Берасьці ад нас патрабуюць вызваліць памяшканьні. А страта юрыдычных адрасоў азначае страту самой грамадзкай арганізацыі.

Вяртаўся дамоў без настрою. Добра, што меў магчымасьць чытаць “Дзеяслоў” ды іншыя часопісы й кнігі. Пазнаёміўся ў дарозе зь цікавым чалавекам зь Белаазёрску.

7 сьнежня

Раскладваў і клясыфікаваў кніжкі, прывезеныя са сталіцы. Вялікую торбу македонскай літаратуры пакінуў у Галубовіча для мяне Алесь Разанаў. Падбівае Алесь на стварэньне анталёгіі македонскай паэзіі па-беларуску. Я захапіўся. “Македонію стварылі насамперш паэты”, — недзе выказаў думку ён. Урэшце, наша паэзія ня горшая (і ня лепшая), а вось для таго, каб ведалі яе ў сьвеце, робім мала.

Жабінкаўская раённая газэта пачала апытваньне чытачоў: ці згодныя, каб тутэйшай бібліятэцы надаць імя Тадэвуша Касьцюшкі? У мяне адмоўны адказ: надта сьціплы будыначак для такога імя. Дый, як правіла, бібліятэкі носяць імёны пісьменьнікаў або навукоўцаў. Гэтак паўсюль у нашай вобласьці: У.Калесьніка, В.Таўлая, М.Засіма, Я.Янішчыц і г.д. Затое пляц у цэнтры Жабінкі дасюль безыменны, не пасьпелі надаць імя Леніна, як і паставіць помнік правадыру бальшавікоў. Няхай быў бы Касьцюшкаўскім, радавое гняздо вялікага чалавека побач, у Сяхновічах.

Званок адзін, званок другі з рэдакцыяў газэт: што за канфлікт зь Мінюстам? Робяць віхуру ў шклянцы. А мо і правільна: галоснасьць дык галоснасьць.

Думаў над вершам, пачатым учора ў цягніку на станцыі Баранавічы. Недалёка мая радзіма, і хацелася выйсьці ды паехаць. Але…

Анікога там няма, не сьпяшайся, не бяжы. Рамы ў вокнах нездарма там нагадваюць крыжы.

8 сьнежня

Зрабіў накід рэцэнзіі на пасьмяротную кніжку В.Сахарчука “Мой вечны бор”. У ёй, скрозь элегічнай, намацваеш адказ, чаму Васіль наклаў на сябе рукі. “Шчасьлівыя вершаў ня пішуць”, — цытата зь яго.

Зноў гартаў “Дзеяслоў”. “Богачалавека пусьціць у сэрцы” і такім чынам выратаваць Беларусь. Як проста!

Наведаў сябра-мастака Кастуся Калодзіча ў ягонай хаціне на ўскраіне Жабінкі. Кастусь ня толькі мастак, а і мэляман, і кніжнік. Сем тысяч кніг! На жаль, пачынае збываць іх: мастацкая творчасьць ня корміць. А ён жа сёньня рэдкі прыхільнік пастэльнай тэхнікі, майстар “лірыкі ў жывапісе”, яго цэняць і ў Берасьці, і ў Менску, і ў Маскве, і ў Мюнхэне… Вось толькі езьдзіць нячаста можа: хварэе. У суботу трэба дапамагчы яму напілаваць дроў.

Узяўся за кнігі, прынесеныя ад сябра, — зборнікі расейскіх паэтаў-эмігрантаў і позна адкрытага ангельца У.Блэйка.

Змий… разинув Зев, Исторг на Плоть и Кровь свой Яд. Тогда я воротился в хлев И жить решил, где свиньи спят.

У кніжцы пададзены і арыгіналы; на жаль, ангельскай мовы ня ведаю.

9 сьнежня

Перачытаў лісты ад Ніны Мацяш і Леаніда Галубовіча. Аднак ні на адзін не адказаў, збаяўся, што не пазьбегну нараканьняў на ўласнае жыцьцё. Нашто верадзіць душы сяброў?

Падступіўся да напісаньня эсэ пра родны Чудзін, пра дзьве трагедыі вёскі — зьдзекі і забойствы, якія чынілі тут паліцаі ў 1941-м, савецкія партызаны ў 1942-м. Зьбіраў матэрыял сёлета, калі рабінзаваў зь месяц па радзіме. Праца ідзе марудна. Не натхнілі таксама мініятуры, што ў чарнавіках. Кінуў.

Шукаць настрою падаўся на прыроду. Шэсьць вёрст пехатою да дачнай дзялянкі (заадно, каб прыбраць рэшту смецьця). Балазе цёпла. Зелянее трава, на ўзьлесках растуць грыбы, на штучным азярцы плаваюць лебедзі, зноў не паляцелі ў вырай. Ды што лебедзі. Па дарозе назад крыху падвёз на кані вясковец. Паведаў, што ў Жабінкаўскім раёне пачалі разводзіць стравусаў. Пасьмяяліся зь ім: курэй і гусей заменім на тых самых стравусаў, кароў і сьвіней — на сланоў, во будзе ў краіне мяса!

Зьдзек з “братоў нашых меншых” усё больш невераемны. Ну, во, у друку прайшла інфармацыя, што зуброў завезьлі ў чарнобыльскую зону. Ня ведаеш, што і падумаць. Без камэнтару, як той казаў.

Амаль тры гадзіны адвячорку забраў у мяне аўтар. Знарок прыехаў зь Бярозы. Засмуціў яго: за рэдагаваньне рукапісу не вазьмуся, надта слабы. Аўтар будзе, канечне, спрабаваць надрукавацца сам. Іншыя ж друкуюцца. На маім стале тры кніжыцы аднаго аўтара, выдадзеныя за гэты год.

Моросит, какой уж день моросит… Что ответишь, если мне попросить? Грех не выпить под такую непогодь, а не выпьешь — моросить будет год.

І даў паэт гэтыя опусы мне дзеля ўступленьня ў Саюз пісьменьнікаў.

10 сьнежня

Дзень народзін. Пяцьдзясят трэці ўжо. Успрымаю абыякава, звыкся, што качуся з гары. Вітаньні сяброў ды сям’і — адзіная радасьць гэтага дня, ягоная значнасьць. Увечары вазьму чарку, “памяну” яшчэ адзін страчаны год…
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG