23 кастрычніка, субота
Прачынаюся з галаўным болем і думкамі пра вечаровы Супраціў. Прынамсі, Супраціў навязаны — былая жонка, яго пастаянная ўдзельніца, зьехала ў Пінск віншаваць сваю малечу з народзінамі. Мне ж даручыла памітынгаваць на Кастрычніцкай плошчы, а пасьля артыкул напісаць у ейную украінскую правіктарюшчанскаўскую газэтку.
Газэтка называецца “Ўкраіна Маладая” і вельмі нагадвае сажраную гоблінамі зь Міністэрства інфармацыі “Чырвоную змену”. Праўда, не зь перадсьмяротнага пэрыяду, а з па-свойму ўзьнёслае барокава-рамантычнае эпохі пачатку 1990-х, калі рэдактарам быў непараўнальны Ўладзімер Бельскі. Гартаю ранкам старонкі — газэтка пра людзей і для людзей, якія змагаюцца з існым ва Ўкраіне ладам, адначасна пасьпяхова жывучы ва ўсіх сэнсах — што да заробкаў, што да каханьня, што да творчасьці. У нас такіх людзей няма — прынамсі, на Кастрычніцкай плошчы…
Увечары сустракаю чалавек колькі зь неапахмеленых гарэзаў мужчынскага полу сваіх гадоў. Пайшлі ў найбліжэйшую краму. Апахмяліліся проста ў двары непадалёк ад Кастрычніцкай. Аднекуль узяўся цэлы ўзвод АМОНу. Паглядзелі на нас і пайшлі сабе. Мусіць, падумалі, што мы звычайныя “чэсныя” алькаголікі.
24 кастрычніка, нядзеля
Былая жонка вярнулася зь Пінску, у яе зноў трагедыя. Бліжэй да шостай вечара тэлефануе мне, напаўпамерламу пасьля ўчорашняга, ад кінатэатру “Мір”, і лямантуе: не ўзялі яны з новым ейным захапленьнем квіткоў на новае кіно Кустурыцы. Гатовая забіць і мяне, і сваё новае захапленьне — чаму своечасова не паклапаціліся пра квіткі для яе?
Прапаноўваю ёй замест каб лямантаваць, прайсьці з сваім каханкам трыста мэтраў і паблукаць па Вайсковых могілках. А можа, і застацца там, усё ж такі Купала і Колас побач сьпяць... Яна нешта буркае, а пасьля тэлефануе зноўку, выхваляецца, што нарабілі шмат фотаздымкаў у разбуранай частцы могілак. Зьнялі колькі мадэрновых помнікаў пачатку пазамінулага стагодзьдзя, што цяпер зваленыя ў кут могілак ды закіданыя сьмецьцем і пустымі пляшкамі.
25 кастрычніка, панядзелак
Разважаю пра прыемнасьць сваёй прыналежнасьці да маладой нацыянальнай буржуазіі. Вядома ж, буржуазіі. Грошы на пражыцьцё ёсьць, але на службу хадзіць ня трэба. Праца, няхай і марудная, і ідзе часам агідна запаволена, але ж збольшага падабаецца. І за яе няблага плацяць. Дык чаму б не аднесьці сябе да нацыянальнай буржуазіі? Галоўнае, каб не да творчай інтэлігенцыі.
Але пра творчую інтэлігенцыю разважаю ўжо ўвечары, калі зноўку ўрываецца ў жыцьцё былая жонка. Гэтым разам яна патрабуе, каб выключаў кампутар і тэрмінова йшоў да яе — узяць вялікую кайстру зь дзіцячымі рэчамі ды неадкладна адвезьці маладому паэту Патаранскаму. У таго месяц таму нарадзілася дачка. Сама жонка ісьці на сустрэчу з Патаранскім ня хоча — яна ўвогуле ня любіць людзей, калі яны падаюцца ёй дурнейшымі за яе. Таму ня любіць увесь свет.
Прынамсі, да Патаранскага іду з задавальненьнем, бо шмат гадоў добра ведаю яго. Сустракаемся а дзясятай ля станцыі мэтро “Магілёўская”, адыходзімся ў сквэрык, дзе стаіць помнік партызанам. Сяржук абыходзіць помнік, разглядае яго ў сьвятле ліхтароў, і пачынае брудна лаяцца. На пачатку першай Патаранскі з уздыхам бярэ на плечы кайстру ды кіруецца да мэтро. Я ж прыгадваю, што сёньня трэба было піць не з Патаранскім у сквэрыку, а на Крапоткінскай, дзе нон-стоп сьвяткуе народзіны Толік Сыс.
26 кастрычніка, аўторак
Тэлефаную маці ў Полацак, яна распавядае, што памёр мой школьны настаўнік гісторыі Абрам Вульфавіч Ладзін. Процьма шматгадовых падрабязнасьцяў школьных ды пасьляшкольных разгортваецца ў старую савецкую кінастужку. Набываю пляшку, пішу верш ягонай памяці. Я — старамодны чалавек, выхаваны на Стругацкіх, а не на графамане Кундэры, таму не шукаю ў сьмерці эстэтычна-філязофскага пачатку, сьмерць — гэта ўсяго толькі гора, і больш нічога.
Колькі гадоў таму ў Пінску памёр цудоўны чалавек Сяргей Талкачоў. Мы часам гутарылі зь ім, ён паўтараў, што яму па росьце апынуўся ўласны лёс. Таму, калі тэлефануе вышэйзгаданая шляхцянка, кідаю слухаўку. Людзі, што зьбіраюцца на Кастрычніцкай ці абмяркоўваюць нешта на Беларускім калегіюме, у такі момант падаюцца бездапаможнымі глінянымі чалавечкамі, што ніяк ня могуць намаляваць сабе годны лёс. Дзе ты, спадар Зянон?!
27 кастрычніка, серада
Здуваю пыл са стосу кніжак Муракамі. Шмат каму падабаецца гэты навамодны пісьменьнік. Як жартам азначае Адам Глёбус, гэта “амэрыканскі пісьменьнік”. Значыць, яшчэ горшы за партугальскага пісьменьніка кшталту Каэльё.
Прыбіраю ў двары. Апалае лісьце, пабітыя яблыкі... І ўсё ж прыгожа памірае восень — дай Бог ўсім нам так перад сьмерцю папрыгажэць. На чацьвертым дзясятку ўносіш у жыцьцё каштоўнасьці нашых бацькоў: калі восень — трэба саліць грыбы ды круціць аджыку з таматаў, а ўвечары абавязкова хадзіць на шпацыр. Калі спалучаць іх з забаўкамі маладосьці, п’янкамі ды тусаваньнем па плошчах, смак жыцьця робіцца гастрэйшы.
28 кастрычніка, чацьвер
Сёньня ішоў уздоўж КГБ, праз тое месца, дзе некалі стаяла вядомая ўсім піўная. Здаецца, звалі яе “Памыйка”. Цяпер яе няма. Ішоў і злаваўся — сапсавала настрой адна вельмі “разумная” шляхцянка. І сказаў ёй экспромтам такі вэрлібр:
У народа отняли пивную, И народ воспротивился гневно. У народа отняли святое! У народа отняли пивную! И тогда пролетарские руки Вмиг схватились за доски и гвозди, Ухватили булыжники в руки, И — на площадь стремительным маршем! И когда взволновались народы, Испугались их лучшие люди И вернули народу пивную. И в пивную ушли все народы!
Вядома ж, такое можна казаць толькі па-расейску. Шляхцянка сказала, што гэта — кангеніяльна, і мы памірыліся. Ажно на тры хвіліны.
29 кастрычніка, пятніца
Раніцай разьвітваюся з былой жонкай... Пахмурная, з заплечнікам, яна едзе ў Кіеў на выбары. Украіна — ейная Мэка, у яе там духоўная радзіма, літаратура, нейкія кавалеры... Іранізую — няйначай прыедзе з падбітым вокам. На кіеўскім Майдане Незалежнасьці тамтэйшыя “трэніраваныя адмарозкі” ўжо па поўнай кідаюцца каменюкамі. Што ж паробіш, украінцы тэмпэрамэнтныя, ня тое, што мы.
Дарэчы, шкада, што Лукашэнка — ня творчы, ды й баязьлівы чалавек. Ён жа меў цудоўную магчымасьць спыніць увесь гэты пэрформанс на Кастрычніцкай. Прысьці туды і запытацца: “Ну, хлопцы, і чаго вы хочаце?” Цікава, яму хоць хто ўцямна патлумачыў бы, чаго мы хочам?