Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым павінен кіравацца хрысьціянін, галасуючы на выбарах?


Сяргей Абламейка, Прага Чым павінен кіравацца хрысьціянін, галасуючы на выбарах? Знайсьці адказ на гэтае пытаньне ня так проста, як здаецца на першы погляд. Тут некалькі аспэктаў. Напрыклад, хрысьціянства і палітыка, царква і палітыка, асоба і палітыка, хрысьціянскае сумленьне і хібы грамадзтва.

Калі гаварыць пра удзел сьвятароў у палітыцы, дык большасьць хрысьціянскіх цэркваў не забараняюць гэтага катэгарычна, але не ўхваляюць яго. У Чэхіі некалькі гадоў таму была сытуацыя, калі Вацлаў Гавэл, сыходзячы з пасады прэзыдэнта, прапаноўваў абраць на сваё месца вядомага чэскага каталіцкага сьвятара, прафэсара Тамаша Галіка. Айцу Галіку, які быў згадзіўся кандыдаваць, прапаноўвалі сваю падтрымку на выбарах некалькі партыяў, але хацелі, каб ён зрокся сьвятарства. У выніку ксёндз Тамаш Галік адмовіўся ад удзелу ў выбарах. Пазьней ён прызнаўся, што ня надта ўхваляла гэтую ідэю і яго царкоўнае начальства. Але як грамадзянскія законы, так і Кананічнае права не забараняюць сьвятарам браць удзел у выбарах. Іншая справа – членства ў палітычных партыях: гэта забаронена. Дык вось айцец прафэсар Галік сьцьвярджае, што царква мае ня толькі права, але і абавязак выказвацца наконт этычных аспэктаў грамадзкага жыцьця. Калі чытаеш такую думку вядомага сьвятара, адразу ўспамінаеш нядаўнюю ўзнагароду ад патрыярха Алексія ІІ палкоўніку Дзьмітрыю Паўлічэнку…

Калі ж гаворка заходзіць аб удзеле вернікаў у палітычным і грамадзкім жыцьці, дык тут сытуацыя больш простая. Людзі могуць браць удзел у палітыцы, што яны і робяць. Іншая справа, чым кіравацца верніку пры ўдзеле ў галасаваньні. Мы зьвярнуліся да некалькіх сьвятароў з просьбай адказаць на гэтае пытаньне. Вось які адказ даў настаяцель беларускай праваслаўнай парафіі ў Чыкага айцец Дзьмітры Бажко:

(Бажко: ) "Калі ў Хрыста запыталі, ці павінен ён плаціць падаткі (дарэчы адзінае пытаньне пра падаткі кесару), ён адказаў, што вы павінны Богу даваць Богава, а кесару кесарава. Так і пытаньне, чым верніку кіравацца пры ўдзеле ў выбарах. Гэтае пытаньне не зьвязанае з рэлігіяй, тым больш з хрысьціянствам. Яно суб''ектыўнае. Адзінае, што магу сказаць, гэта наступнае: калі вернік, хрысьціянін пасьлядоўны, ён павінен удзельнічаць у выбарах і прымаць гэта як паслушэнства".

Такія вось сьціслыя думкі айца Дзьмітрыя Бажка што да ўдзелу вернікаў у выбарах. Мы зьвярнуліся таксама да вядомага польскага багаслова, прафэсара тэалёгіі з Папскай тэалягічнай акадэміі ў Кракаве айца Ежы Хмеля з просьбай узяць удзел у “Сымбалі Веры”. Вось як айцец прафэсар Ежы Хмель адказаў на пытаньне, чым павінен пры галасаваньні на выбарах кіравацца веруючы чалавек?

(Хмель: ) "Па-першае, трэба прымаць удзел у галасаваньні, бо гэта грамадзянскі абавязак. Кожны хрысьціянін зьяўляецца грамадзянінам той ці іншай дзяржавы і павінен галасаваць. Гэта яго абавязак і прывілей. Нельга байкатаваць выбары. Зь іншага боку, бываюць выпадкі, калі байкот ёсьць знакам таго, што выбары ня лепшым чынам падрыхтаваныя і могуць быць сфальшаваныя.Так было ў Польшчы ў часы камунізму, калі шмат хто не хадзіў на выбары. Але байкот – гэта рэч выключная, калі няма магчымасьці зрабіць іншыя рэчы, няма магчымасьці пайсьці парлямэнцкім шляхам. Я таксама пэўны час не хадзіў галасаваць. Але цяпер рэгулярна хаджу. Калі ж мова ідзе пра тое, як галасаваць, дык трэба выбіраць сумленных людзей. Яны нават не павінны быць толькі католікамі, галоўнае, каб былі сумленныя. Бо ёсьць жа і католікі несумленныя. Ясна, што гэта заўсёды лятарэя, бо палітыка псуе людзей. Нехта здаваўся сумленным, а пасьля акажацца, што ён зусім не такі. Але гэта ўжо іншая справа. Калі ж я кажу пра сумленных людзей, дык маю на ўвазе людзей прыстойных, якія, напрыклад, не ўзбагачаюцца за кошт бліжніх, яны нават не абавязкова павінны быць католікамі. Яны павінны старацца, каб грамадзтву было добра”.

А вось адказ прафэсара тэалёгіі, айца Ежы Хмеля на пытаньне, ці можа сьвятар радзіць вернікам, як ім галасаваць?

(Хмель: ) “Вядома, сьвятар не павінен рабіць гэтага ў навучаньні вернікаў падчас літургіі, у казаньні, выказвацца, скажам, на карысьць нейкіх партыяў. Але прыватна, па-за літургіяй, трэба заахвоціць людзей, каб ішлі да выбарчых скрыняў, трэба заклікаць іх, каб галасавалі паводле свайго сумленьня. А якое яны маюць сумленьне, дык гэта можна высьвятляць прыватным чынам і спакойна тлумачыць. Галоўнае, паўтараю, не рабіць гэтага падчас казаньняў у царкве, не мяшаць Сьвятую Імшу з палітыкай, бо гэта вельмі важная рэч”.

Апошняе пытаньне, якое мы задалі айцу прафэсару Ежы Хмелю, было наступнае: “Ці заклікае хрысьціянская вера да актыўнага ўдзелу ў палітыцы?” Вось як ён адказаў:

(Хмель: ) “Ісус сам даў нам прыклад – ён плаціў падатак. Хоць гэта было падчас рымскай акупацыі Палестыны, але Ён не ўнікаў абавязкаў. Калі прыйшлі да Пятра па падатак, Хрыстос сказаў яму заплаціць. Пэўныя рэчы трэба выконваць. Католік, і наогул хрысьціянін, ня можа быць па-за сфэрай грамадзкай дзейнасьці. Ён толькі павінен цьвёрда ведаць, каго падтрымваць і дзеля чаго падтрымваць, і павінен застацца ў згодзе са сваім сумленьнем. Хрысьціянін павінен нагадваць тым, каго выбралі, што яны выбраныя дзякуючы і яго голасу таксама, і таму павінны парацаваць дзеля агульнага дабра”.

Вось такія думкі аб удзеле хрысьціянаў у выбарах прафэсара тэалёгіі Папскай тэалягічнай акадэміі ў Кракаве айца Ежы Хмеля. На яго думку, хрысьціянін ня толькі павінен галасаваць сумленьнем, але і пасьля павінен патрабаваць ад выбраных палітыкаў справаздачы, што яны зрабілі для грамадзкага дабра.

Дадам яшчэ, што славуты чэскі тэоляг айцец Тамаш Галік, пра якога я ўжо гаварыў, таксама сьцьвярджае, што па-за Літургіяй сьвятар як грамадзянін цалкам можа выказаць вернікам свой прыватны погляд, але лепш рабіць гэта спарадычна і мудра і ніколі не выдаваць сваю пазыцыю за пазыцыю царквы.

А чым будуць кіравацца пры ўдзеле ў галасаваньні вернікі галоўных беларускіх цэркваў. Наш карэспандэнт Альгерд Невяроўскі запісаў меркаваньні людзей каля праваслаўнага і каталіцкага катадральных сабораў у Менску. Вось думкі праваслаўных вернікаў:

(Спадар: ) “Я буду кіравацца дабрабытам народу. Каб мір быў на зямлі – гэта самае галоўнае”.

(Хлопец: ) “Найперш здаровым сэнсам. Чалавек павінен ісьці на выбары найперш асэнсаваўшы, якую ролю яны адыграюць у яго далейшым жыцьці”.

(Спадарыня: ) “Буду кіравацца любоўю да сьвету й да ўраду. Каб быў мір у сьвеце, і каб правільны кіраўнік намі кіраваў, і каб Царква мела ўладу”.

(Спадарыня: ) “Гэта трэба мець Бога ў сэрцы і правільна зрабіць свой выбар”.

(Спадарыня: ) “Я думаю, што кожны з нас да гэтага цяпер ставіцца вельмі сур’ёзна. Пажылыя людзі цяпер сталі зьвяртаць увагу на выбарчую кампанію. Я думаю, што гэтыя выбары будуць больш прафэсійнымі і адказнымі. Галоўнае каб людзі маглі ўзаважыць рэальную сытуацыю, у якой яны знаходзяцца, і маглі зрабіць свой выбар для лепшай будучыні нашай краіны”.

(Спадарыня: ) “Я буду кіравацца справядлівасьцю й праўдай”.

Як бачыце, некаторыя праваслаўныя вернікі нават думаюць, што ад іх голасу будзе залежаць мір на зямлі. А вось так адказалі на пытаньне нашага карэспандэнта Альгерда Невяроўскага, чым яны будуць кіравацца пры ўдзеле ў галасаваньні, вернікі-каталікі ля катадральнага касьцёлу на пляцы Волі ў Менску.

(Спадарыня: ) “Буду кіравацца сумленьнем. Нечакана задалі пытаньне… Каб усё было для чалавека, а не для адной асобы. Вы мяне разумееце?”

(Дзяўчына: ) “Я думаю, што ў першую чаргу трэба думаць пра веру, каб нашыя кандыдаты былі сапраўды за народ. А ня толькі за нейкія свае патрэбы. Найперш трэба кіраваца дабром народу”.

(Спадарыня: ) “Я, як хрысьціянка, яшчэ нават і ня ведаю чым буду кіравацца. На выбары й рэфэрэндум пайду абавязкова. Вернік заўсёды павінен абапірацца на рэлігію – відаць, гэтым і буду кіравацца”.

(Спадарыня: ) “Тым, каб мой абраньнік кіраваўся нашай будучыняй, клапаціўся пра нашых дзяцей, пэнсіянэраў… Найперш гэтым. Сям’я, дзеці –гэта галоўнае”.

Такі вось думкі веруючых каталікоў.

У Беларусі цяпер дзейнічае і шмат пратэстанцкіх дэнамінацыяў. Сёньня ўдзел у нашай праграме прымае пастар Барыс Чарнаглаз, які прадстаўляе менскую новаэвангельскую царкву Ісуса Хрыста. Вось як ён разважае пра свой удзел у выбарах.

(Чарнаглаз: ) “Эвангельскія хрысьціяне кіруюцца Сьвятым Пісаньнем – Бібліяй, Божым словам. Мы верым у тое, што ўсялякая ўлада усталёўваецца Богам. І кожная ўлада павінна быць паслухмянай Богу. Мы яшчэ верым у тое, што кожная ўлада павінна служыць свайму народу. Улада павінна служыць таму, каб асоба мела ўсе свабоды, якія ёй дадзеныя ад стварэньня. Гэта – свабода сумленьня, свабода ўласнасьці, права на атрыманьне інфармацыі, свабода слова. І калі нашыя людзі будуць ісьці на выбары, яны павінны скарыстацца гэтым правам. Я вось сёньня стаю перад выбарам. Сама пастаноўка пытаньня рэфэрэндуму выглядае незаконнай. І тады я чую ад Госпада: “А ці магу я, як хрысьціянін удзельнічаць у беззаконьні? Ці магу я ў гэтым удзельнічаць і ці павінен удзельнічаць?..”

Гэта былі думкі аб удзеле ў выбарах пастара менскай новаэвангельскай царквы Ісуса Хрыста Барыса Чарнаглаза.

Ну і на заканчэньне гэтай панарамы поглядаў прывяду яшчэ думкі чэскага каталіцкага біскупа Вацлава Малага, які ў часы камунізму быў дысыдэнтам і адным з аўтараў Хартыі-77. Ужо ў нашы дні ён кажа, што хто як ні сьвятар павінен уздымаць крытычны голас, калі адбываецца нейкая несправядлівасьць. Сьвятар не павінен займацца арганізацыяй перадвыбарчых сьпісаў, але, паводле біскупа Вацлава Малага, “можа і павінен гаварыць аб тым, што што ў праграмах палітычных партыяў ёсьць у згодзе з Эвангельлем і сацыяльнай дактрынай царквы, а што супраць іх. Сьвятар павінен даваць людзям добрую інфармацыю і крытэрыі, каб тыя маглі арыентавацца. Ну а канчатковае рашэньне вернікі павінны прымаць самі...”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG