Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыватны дзёньнік: Леанід Гаравы


Леанід Гаравы, Гарадок Новая перадача сэрыі “Прыватны дзёньнік”. Асабістыя запісы мінулага тыдня прадстаўляе Леанід Гаравы — настаўнік, актывіст дэмакратычнага руху, дэпутат Гарадоцкага райсавету Віцебшчыны.

22 жніўня

Сёньня выпала рэдкая нядзеля, калі ня трэба па грамадзкіх справах быць у Віцебску або Менску. Дарэчы, было запрашэньне на канфэрэнцыю ў Магілёў “Беларусь і Аб’яднаная Эўропа: рэаліі і пэрспэктывы”, што арганізоўвалі беларускія філяматы. Але асабістага часу на паездку не было — накіравалі прадстаўніка маёй ініцыятыўнай групы збору подпісаў.

Ідзе выбарчая кампанія ў Палату прадстаўнікоў, а тут яшчэ пачаліся жнівеньскія сустрэчы, калі агульныя знаёмыя, сябры наведваюць сваю малую Бацькаўшчыну — Гарадоччыну. Вось і дзьве ночы запар доўжыліся гаворкі да трох гадзінаў. І каторы ўжо раз нашы сябры выказваюць зьдзіўленьне, што на Беларусі ўсё менш і менш чуваць слова беларускае. Нашы сябры дасягнулі жыцьцёвага посьпеху і ў Маскве, і ў Санкт-Пецярбургу, пакінуўшы малую радзіму ў юнацтве, але і цяпер захавалі цікавасьць да культуры і гісторыі Беларусі. І відавочна, што калі б мы мелі беларускую дзяржаву, то цікавасьць землякоў да Бацькаўшчыны у шмат разоў павялічыла б інвэстыцыі ў беларускую эканоміку. Толькі гэта эканоміка была б рынкавая.

Стэлефанаваўся з Маратам Афанасьевым, дэпутатам Жлобінскага гарсавету, экс-дэпутатам ВС 13-га скліканьня, каардынатарам Асамблеі дэпутатаў мясцовых саветаў. Пасьля другога сходу Асамблеі насьпела неабходнасьць выдаць інфармацыйна-мэтадычны бюлетэнь для незалежных мясцовых дэпутатаў. Была выказана думка абмеркаваць яго назву з дэпутатамі мясцовых саветаў, што маюць электронную пошту. Але на 27 адпраўленых лістоў амаль не прыйшло адказаў. Гэта пэўнае сьведчаньне агульнай беларускай актыўнасьці, адказнасьці за будучыню і здольнасьці працаваць сумесна. Таму і ўдакладніў назву бюлетэня — “Веснік дэпутата” з Маратам Сьцяпанавічам, які вельмі адказна ставіцца да выкананьня дадзеных абяцаньняў, робіць шмат грамадзкага, як дазваляюць сілы. Ад яго зноў пачуў ідэю пра стварэньне Асацыяцыі дэпутатаў Беларусі, якая аб’яднала бы дэмакратычных дэпутатаў розных узроўняў, як папярэдніх скліканьняў, так і цяперашніх. Добрая ідэя, карысьць ад якой будзе тады, калі яна прывядзе да рэальных дзеяньняў з выбаршчыкамі на месцах, а ня стане чарговай тусоўкай для паказу чарговага аб’яднальнага працэсу на Беларусі. У прынцыпе, усе нашы крокі павінны павялічваць давер выбаршчыкаў да апазыцыі, а ня весьці да адваротных вынікаў, як таго вельмі жадаюць улады.

І ў рэшце на Віцебшчыне спала жнівеньская сьпёка, якая ўсталявалася з чацьвярга і нагадала ўсім, што яшчэ лета не закончылася. Але гэта ўжо, мусіць, апошняя сьпёка пад 30 градусаў. І ня будзе ўжо ў гэтым годзе такой цёплай вады ў нашых азёрах, як на гэты ўікэнд, чым спаўна скарыстаўся ў нядзелю.

23 жніўня

З самага ранку разам зь сябрамі ініцыятыўнай групы накіраваліся на Шуміліншчыну завяраць подпісы ў старшыняў сельскіх саветаў. Наша група з шасьці чалавек выглядала ўнушальна ў будынках мясцовай улады. Обаль, Ула, Мікалаева — мястэчкі, дзе праводзілі збор подпісаў у пачатку падпісной кампаніі. Нягледзячы на тое, што адміністрацыйны рэсурс накіраваны на падтрымку толькі аднаго кандыдата ад улады — т. Лектарава, дэпутата Палаты, які балятуецца на трэці тэрмін, выбаршчыкі нармальнага выгляду безь вялікіх праблемаў падпісваюцца за маё вылучэньне.

Між тым, улады праз кіраўнікоў навучальных установаў, установаў аховы здароўя і іншых арганізацыяў даводзяць сваім падначаленым, што магчыма падпісвацца толькі за аднаго кандыдата — дэпутата Палаты Лектарава, што подпіс за іншага можа прывесьці да скасаваньня кантракту, адмены дзіцячых дапамог і г.д. Вось такое разуменьне Выбарчага кодэксу ўпіхваюць у галовы выбаршчыкаў! Але хутчэй гэта просты прыём адміністрацыйнага рэсурсу, які ўлады адпрацоўваюць на этапе збору подпісаў. Такіх “герояў” адміністрацыйнага рэсурсу нашы сябры ініцыятыўнай групы ведаюць не адзін дзясятак. Як ведаюць і пра тое, як ва ўстановах зьбіраюць подпісы ў абавязковым парадку. Цяпер дакладна вядома, чаму не патрэбны ў акруговых камісіях прадстаўнікі грамадзтва — каб ужо на этапе рэгістрацыі кандыдата ад улады аказваць ціск на выбаршчыкаў. Пры падпісваньні нашых лістоў высьветлілася, што часам і старшыні вядуць збор подпісаў. Дзеля гэтага яны накіроўваюцца ў поле да мэханізатараў. А нашы героі бітвы за ўраджай з пашпартамі чакаюць магчымасьці, каб у полі аддаць свой подпіс за дзейнага дэпутата.

Між тым, большасьць выбаршчыкаў кажа, што лёгка наш “бацька” прыйшоў да ўлады, але так моцна ў яе ўчапіўся, што і не сагнаць яго зь цёплага месца.

Пасьля працы зноў з групай падтрымкі накіраваліся да выбаршчыкаў у суседняе мястэчка Мікіціха, агравёску савецкага тыпу. У мястэчку шмат трохпавярховых дзевяцікватэрных дамоў. Спачатку сябраў ініцыятыўнай групы прымалі за адказных супрацоўнікаў жыльлёва-камунальнай гаспадаркі, якія павінны адключаць ваду кватэраўладальнікам за запазычанасьць па яе аплаце і вельмі неахвотна адчынялі дзьверы. Зноў маім сябрам часта даводзілася тлумачыць, што подпіс за кандыдата ад ўлады не перашкаджае паставіць яго і ў падтрымку іншага кандыдата. І таксама выявіць шматлікія выпадкі няздольнасьці грамадзян адстойваць свае правы на годнае жыцьцё — у кватэрах зімой тэмпэратура не дасягае 18 градусаў цяпла, а за ацяпленьне бяруць па максымальным тарыфе. І няма ініцыятыўных грамадзян, якія адстаялі бы свае правы перад ЖКГ. Вось дзе прастор для дзейнасьці дэмакратаў у правінцыі, калі яны сапраўды клапоцяцца пра патрэбы дэмасу!

На краме і сталоўцы заўважылі аб’явы ў 18.30 паслухаць справаздачу дэпутата Палаты прадстаўнікоў Лектарава па абласным тэлебачаньні. На думку т.Ярмошынай, гэта не зьяўляецца агітацыяй у час збору подпісаў. Дарэчы, і ўдзел Лектарава ў інфармацыйна-прапагандысцкіх сустрэчах у розных мястэчках акругі ў апошні час таксама, мусіць, не зьяўляецца агітацыяй. Такія стандарты роўнасьці агучвае ЦВК для беларускіх выбаршчыкаў у час гэтай выбарчай кампаніі. Цікава, як яшчэ будзе забясьпечвацца далей “элегантная перамога” кандыдатаў ад улады?

24 жніўня

Раніцай сустрэўся з Ірынай, адной з актывістак грамадзкага руху, якая шмат дапамагала раней, да ўвядзеньня кантрактнай сыстэмы. Але пасьля мясцовых выбараў да яе, як і да ўсіх астатніх актывістак, былі прынятыя меры псыхалягічнага і матэрыяльнага ціску: пагрозы звальненьня і зьмяншэньне заробку. Усіх нашых валянтэраў пасьля тых выбараў пасадзілі на голую стаўку. Дык вось яна са скрухай сказала: за тое, што паставіла свой подпіс пад зваротам у Палату прадстаўнікоў падчас галадоўкі Парфяновіча, Скрабца, Фралова, у райвыканкаме яе кіраўніцтва зноў прымушалі прыняць да яе меры і пазбавіць працы.

Які ж узровень нашых дэпутатаў, калі перадаюць інфармацыю у райвыканкамы, каб рабілі разборкі зь іншадумцамі? Ці не нагадваюць такія мэтады ўзьдзеяньня, якімі карыстаецца тутэйшая бюракратыя, фашыстоўскія? Куды каціцца краіна пры гэтай уладзе? Рытарычныя пытаньні. Адказы на іх павінна даць большасьць нашых выбаршчыкаў.

На працы збольшага завершаная падрыхтоўка школы да навучальнага году — пафарбаваныя ўсе падлогі, новымі шпалерамі паклееная настаўніцкая, дзе неабходна, пафарбаваныя вучнёўскія сталы, а таксама абсталяваньне на спартыўнай пляцоўцы. Камісія з прадстаўнікоў аддзелу адукацыі, санстанцыі і аддзелу па надзвычайных сытуацыях, што завітала ў школу, як звычайна, выказала свае заўвагі й прапановы. Карысталася пры гэтым вялікімі палажэньнямі, выкананьне якіх павінны падмацоўвацца значнымі бюджэтнымі ўкладаньнямі. Але дзе гэтыя ўкладаньні ў адукацыю? Вядома, у сталіцы, у гімназіях, ліцэях, там, дзе няма датацыйнага бюджэту. А для правінцыйных школ сродкі вылучаюцца толькі на аплату працы работнікаў ды на ацяпленьне зь бягучым асьвятленьнем. Вось і трэба пры мінімуме сродкаў даваць максымум эстэтыкі.

Вечарам займаўся выданьнем брашуры “Ад школьных дасьледаваньняў да навуковых прац” па матэрыялах нашай першай школьнай вучнёўскай канфэрэнцыі. Увядзеньне ў рэйтынг дзейнасьці школ пазыцыі пра вучнёўскае навуковае таварыства прымусіла ў мінулым навучальным годзе арганізаваць адпаведную працу настаўнікаў і вучняў. Атрымалі для нашай невялікай школы даволі прыстойныя вынікі. Канечне, значную працу зрабілі настаўнікі, але і дзеці таксама папрацавалі добра. Ім давялося ня толькі падрыхтоўваць даклады, але і потым набіраць тэксты на кампутары. Для агульнага разьвіцьця такая праца — добрая рэч. Асабліва цікавымі аказаліся матэрыялы пра тапаніміку вёскі Вархі Гарадоцкага раёну, якія рыхтавала васьміклясьніца Натальля Ільіна з настаўніцай роднай мовы Людмілай Суднік, а таксама “Образы народной обрядовой поэзии (на материале местного фольклора)”, падрыхтаваныя Данілавай Дашай з дапамогай настаўніцы расейскай мовы Аліны Семянковай. Някепска было б пры сыстэмнай працы ў раёне праводзіць і раённую вучнёўскую канфэрэнцыю. Але на гэта яшчэ не было загаду зьверху.

25 жніўня

Сёньня гістарычны дзень для беларусаў — трынаццаць гадоў таму Вярхоўны Савет БССР надаў Дэклярацыі аб сувэрэнітэце значэньне Канстытуцыйнага акту. Менавіта ў гэты дзень у залі ВС зьяўвіўся наш нацыянальны бел-чырвона-белы сьцяг, якому празь некалькі тыдняў было нададзена значэньне дзяржаўнага сьцягу Рэспублікі Беларусь. Калі ў мяне пыталіся, які быў самы шчасьлівы дзень у грамадзкім жыцьці, то менавіта 25 жніўня зь бел-чырвона-белым сьцягам у авальнай залі ВС стаў для мяне такім днём. Гэта быў дзень найвялікшага ўздыму нацыянальных пачуцьцяў беларусаў, калі й партыйная намэнклятура жадала быць беларусамі. Гэта быў дзень, калі зьявіўся самы аптымістычны погляд у будучыню і моцна верылася, што беларусы зоймуць пачэснае месца сярод эўрапейскіх народаў. Ды толькі шматлікія памылкі апанэнтаў партыйнай намэнклятуры, слабасьць нацыянальнай сьвядомасьці не дазволілі нашаму грамадзтву стаць на шлях цывілізаванага разьвіцьця. І выдатны шанец стаць эўрапейскай краінай быў марна страчаны.

Але 25 — самая добрая лічба для беларуса, бо гэта і Дзень волі, і Дзень вяртаньня дзяржаўнасьці, якой бы заблытанай цяпер яна ні была.

На сёньняшняй традыцыйнай жнівеньскай нарадзе ўсё адбылося ў поўнай адпаведнасьці з духам савецкага часу. Доўгі станоўчы даклад, потым справаздачы прамоўцаў аб працэнтах якасьці адукацыі, узроўняў выхаванасьці, прамова па-беларуску толькі настаўніцы роднага слова дый толькі той, якая не працуе адміністратарам. Напрыканцы начальнік аддзелу выказаў пажаданьне, каб было больш крытычных заўваг, добрых прапановаў па разьвіцьці адукацыі ў раёне, бо праблем хапае. Але хто пажадае выказвацца крытычна ва ўмовах кантрактнай сыстэмы, калі ня маеш ніякіх правоў перад наймальнікам? Хто пажадае казаць праўду, калі штодзень тэлебачаньне агучвае супэрлічбы па бюджэтным фінансаваньні адукацыі ў краіне? Між тым, у раёне для 15 школ толькі тры нармальныя кампутарныя клясы, а лыжную падрыхтоўку ў сувязі з адсутнасьцю лыжаў ужо пяць гадоў замяняюць гульнёй у валейбол, гімнастычнымі практыкаваньнямі й г.д. А што казаць пра вучнёўскую мэблю, якую большасьць школ раёну не атрымлівала пятнаццаць гадоў, або пра абсталяваньне для кабінэтаў фізыкі й хіміі, якое засталося з камуністычнага часу? Як кажуць, ёсьць пра што казаць, але няма каму чуць.

Вечарам працягваўся збор подпісаў на вылучэньне, і мая група наведала адзін з самых аддаленых сельсаветаў раёну — Межанскі, разьмешчаны на адлегласьці 45 кілямэтраў ад райцэнтру. Дакладней, мы пабывалі ў цэнтры Межанскага краю — вёсцы Мяжа. Пры рацыянальным тэрытарыяльным падзеле Беларусі пры скасаваньні абласьцей Мяжа павінна была бы быць цэнтрам павету з усімі неабходнымі аб’ектамі: бальніцай, поштай, аўтастанцыяй і г.д. Але забыты на мяжы з Расеяй Межанскі край пакрыху вымірае. Межанская школа забрала да сябе вучняў са Сьцяпанавічаў, Палова, Хмяльніка і ў гэтым годзе з Газьбы.

У мясцовых жыхароў няма сродкаў, каб забясьпечыць разьвіцьцё краю, вось і становіцца ён адным з самых маланаселеных у Беларусі. Няўважлівасьць да патрэбаў тутэйшых выбаршчыкаў — праблемы рамонту бальніцы — з боку дзейнага дэпутата Лектарава выклікала ў грамадзян устойлівае непрыняцьцё яго асобы. Гэта адчувалася пры зносінах зь любым выбаршчыкам, які можа думаць. І мае сябры адзначылі: калі б захаваўся ўзровень дэмакратычнасьці выбараў 1994 году, то ўлады, безумоўна, прайгралі б. Але цяпер маніпуляваць Кодэксам і выбаршчыкамі мясцовыя вэртыкальшчыкі навучыліся вельмі добра, адміністрацыйны рэсурс задзейнічаны занадта нахабна — ад фармаваньня камісіяў да збору подпісаў на рабочых месцах і г.д.

26 жніўня

З самага ранку да ад’езду на працу рабіў карэктуру першага нумару бюлетэню “Веснік дэпутата”, які разам з каардынатарамі Асамблеі дэпутатаў мясцовых саветаў Маратам Афанасьевым і Алесем Міхалевічам распачынаем для незалежных дэпутатаў. У мінулым годзе адбылася першая сустрэча мясцовых дэпутатаў, якія зьяўляюцца сябрамі АГП, БНФ, БСДГ, ПКБ і праз год для аб’яднаньня дэпутацкіх намаганьняў распачынаем выпуск дэпутацкага бюлетэня. Самае добрае было бы, каб у яго выпуску прымала ўдзел як мага болей дэмакратычных дэпутатаў. Але пры агульнай звышзанятасьці вырываць думкі, артыкулы з дэпутатаў ўсё складаней. Між тым, толькі праз аб’яднаныя намаганьні ўсіх актыўных дэпутатаў магчыма прыйсьці да дэмакратычнага ладу ў краіне.

Вечарам са скрухай даведаўся, што Вера Фёдараўна ўжо ня будзе кляснай кіраўнічкай у сына. Выдатная настаўніца, руплівы і патрабавальны чалавек Вера Фёдараўна ператварыла школьны двор у кветкавую аазу. А з самай моцнай клясы ў школе здолела стварыць згуртаваны калектыў, правёўшы зь ім мноства найцікавейшых справаў пры актыўным удзеле бацькоў. Чаго толькі варты клясны “Апошні званок” пасьля афіцыйнага школьнага, калі бацькі й вучні разам адчулі вялікае адзінства 9 “А” ў школьным жыцьці, а таксама непаўторнасьць кожнага выпускніка! І вось — кантракт не працягнуты. І ніхто на жнівеньскай канфэрэнцыі ня выказаў падзякі выдатнай настаўніцы, якая з натхненьнем аддала сваё жыцьцё настаўніцкай працы. О час! О норавы!
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG