Шаноўныя слухачы! Мы ўдзячныя за вашыя меркаваньні й прапановы. Вы робіце наша з вамі радыё больш зьмястоўным і цікавым.
Мы ўводзім прыз — падзяку за ваш найлепшы званок, паведамленьне, падказку. Пераможцы будуць абвяшчацца кожную нядзелю ў тыднёвым аглядзе “Званкоў на Свабоду”.
Вас чакаюць кнігі Бібліятэкі Свабоды з подпісамі аўтараў. Тэлефон Свабоды ў Менску 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 8-029-391-22-24.
У Менску адбыўся зьезд партыі БНФ. У выніку галасаваньня на пасаду старшыні абраны Лявон Баршчэўскі. З гэтай нагоды парада слухача:
Аляксандар Анатольевіч Яцкевіч, Віцебск: “На мой погляд, лепш сёньня зрабіць крок назад, каб заўтра зрабіць два наперад. Толькі з дабром ісьці, спачуваць гору. А гора вельмі шмат нарабіла ўлада. А гэта самы лепшы ключ, самая лепшая зброя ў БНФ”.
Выказваньне камэнтуе старшыня партыі БНФ Лявон Баршчэўскі:
“Ня ведаю толькі, што перабудоўваць. БНФ са злом ніколі не ішоў да людзей, а ішоў з дабром. Лічу, што мы зь ніякім іншым пасланьнем і ня можам ісьці да людзей”.
13 сьнежня з афіцыйным візытам у Менск прыбывае прэзыдэнт Расейскай фэдэрацыі Ўладзімер Пуцін.
Спадарыня: “Невядома, чаго едзе да нас Пуцін, магчыма, разьмясьціць у нас “Іскандэры”. Свайму войску дадае заробкі, узбройвае ў піку Эўропе і ЗША. А магчыма, едзе, каб выкруціць рукі, падпісаць дамову ды стаць дырэктарам Саюзу. А наш толькі намесьнікам. Дык вось: беларусы ўжо вочы расплюшчылі. Саюзу — не!”
Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка з афіцыйным візытам наведаў Вэнэсуэлу. Камэнтары слухачоў:
Спадар: “Вось гляджу навіны па БТ. Нам уводзілі ў вушы, што Вэнэсуэла быццам бы будуе сацыялізм ці нешта накшталт гэтага. Але вось калі Уга Чавэс дэманстраваў аўтамабіль БелАЗ, то прагаварыўся, мабыць, і сказаў, што “так мы ператворымся ў капіталістаў і заробім шмат грошай”.
Спадар: “Канечне, сябраваць трэба з усімі. У тым ліку не павінна быць выключэньнем і Вэнэсуэла. Але шчасьця трэба шукаць каля варотаў Эўропы”.
Далей выказваньні на розныя іншыя тэмы:
Васіль Сільверст, вайсковы ліквідатар, Калінкавічы: “Добры дзень, Свабода! З 17 сьнежня скасуюцца льготы чарнобыльскім ліквідатарам, якіх на Беларусі некалькі дзесяткаў тысяч. Тым самым прававы статус беларускіх ліквідатараў стане блізкі да нуля. Думаю, што надышоў час, і трэба нам, простым ліквідатарам, хадзіць на Кастрычніцкую плошчу ў Менску для абароны сваіх правоў, якія мы заслужылі, рызыкуючы сваім здароўем. Таму што іншага шляху няма”.
Пасноў, дзіцячы доктар, Віцебск: “Праз свабодную трыбуну Радыё Свабода хачу зьвярнуцца да старшыні дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі спадара Зімоўскага. Паважаны спадар Зімоўскі, паважаны чыноўнік! Да якога часу па Беларускім тэлебачаньні (НТВ) будзе круціцца гэта вялізная бутэлька ў 2,5 літры піва “Бровар” і заклікаць піць піва, прычым у вялікай колькасьці? Гэта злачынства”.
На пытаньне адказвае кіраўнік прэсавай службы БТ Сьвятлана Краскоўская:
“Што тычыцца піва, то ў новым законе запісана, што з 7.00 да 20.00 забароненая ўсялякая рэкляма піва. І Белтэлерадыёкампанія працуе ў адпаведнасьці з гэтым законам”.
10 сьнежня, — Міжнародны дзень правоў чалавека. З гэтай нагоды наступнае тэлефанаваньне:
Спадарыня: “Я віншую цябе, маё дарагое Радыё Свабода, зь Міжнародным днём абароны правоў чалавека. Справядлівыя людзі вас любяць і за ўсіх вас моляцца”.