Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ідалы – багі, істуканы, куміры, ёлупы…


Вячаслаў Ракіцкі, Менск Удзельнічае археоляг Людміла Дучыц

(Вячаслаў Ракіцкі:) “На тэрыторыі Беларусі археолягі знайшлі каля паўсотні ідалаў – скульптураў паганскіх багоў, якім беларусы пакланяліся тысячагодзьдзямі. А калі пачало пашырацца хрысьціянства, прыхільнікі старой веры хавалі сваіх куміраў ў балотах, лясах, на могілках і хадзілі да іх маліцца. Так працягвалася аж да пачатку 20-га стагодзьдзя. Чаму шанаваньне ідалаў так моцна замацавалася ў псыхалёгіі беларусаў?”

(Людміла Дучыц:) “Бо паганскія вераваньні ў беларусаў аказаліся надта жывучымі. Можна нават казаць, што праз стагодзьдзі на беларускіх землях існавалі паралельна хрысьціянская і паганская веры. Слова “ідалы” больш ужываецца ў навуковым сэнсе. У народнай жа памяці захаваліся іншыя назвы – балваны, багі, істуканы, куміры, стоды, ёлупы, каменныя бабы”.

(Ракіцкі:) “Ідалаў знойдзена ў Беларусі даволі шмат, каля паўсотні. Большасьць зь іх каменныя скульптуркі. Шмат іх стаялі пры дарогах, або на могілках амаль да нядаўняга часу. Некаторыя ідалы трапілі ў музей. Калі ўвогуле яны зьявіліся на беларускіх землях?”

(Дучыц:) “Храналягічны дыяпазон бытаваньня ідалаў вельмі шырокі – ад эпохі нэаліту да ХІ—ХІІ стагодзьдзяў. Самымі старажытнымі можна лічыць драўляныя статуі, знойдзеныя пры раскопках паселішча эпохі нэаліту і раньняга бронзавага веку каля вёскі Асавец Бешанковіцкага раёну. Адна скульптурка зробленая з дрэва, другая – з рога. Гэта – выявы мужчынаў, і дасьледчыкі зьвязваюць іх з героямі мітаў. Але большасьць вядомых ідалаў адносіцца да канца І – пачатку ІІ тысячагодзьдзя, калі назіраліся спробы ўзьвесці паганства ў ранг дзяржаўнай рэлігіі”.

(Ракіцкі:) “Вы сказалі, што выявы ідалаў зьвязаныя з міталягічнымі пэрсанажамі. Ці не азначае гэта, што архаічныя людзі мелі сваё ўяўленьне, як павінен выглядаць іхны ідал?”

(Дучыц:) “У асноўным такая інфармацыя ёсць пра каменныя ідалы. Большасьць зь іх моцна стылізаваныя пад чалавечыя фігуры. Вылучаюцца ідалы са Шклову і Слоніму, якія маюць выразныя антрапаморфныя рысы твару. Гэта – пагрудныя выявы мужчынаў бяз рук і з завостраным нізам. На слонімскім ідале вылучаецца барада і нос з гарбінкай”.

(Ракіцкі:) “Пагрудныя выявы – гэта нешта накшталт сучасных бюстаў, якіх так шмат было пастаўлена ў Беларусі камуністычнай пары?”

(Дучыц:) “Можна сказаць і так. Найбольш вядомыя пагрудныя выявы – гэта шклоўскі і слонімскі ідалы. Пашыранымі былі таксама слупападобныя скульптуры з высечанымі зьверху тварамі – ад аднаго да чатырох. Калі шукаць аналягі у сёньняшнім дні, дык гэта нешта кшталту скульптурных кампазыцыяў. Такіх ідалаў археолягі знайшлі ў Ульлянавічах Сеньненскага раёну, у лясах па берагах Прыпяці, Случы, Беразіны. Існавалі трохтварныя ідалы, вельмі схематычныя – ў Млынах Камянецкага, Багуслаўцах Пружанскага раёнаў. І нарэшце – археолягі таксама занаходзілі маленькіх ідальчыкаў на гарадзішчах у Мёрскім раёне, таксама каля Полацку і Оршы”.

(Ракіцкі:) “Гэта Вы казалі пра каменных ідалаў. Ёсьць зьвесткі, што існавалі ідалы, зробленыя з каштоўных мэталяў. Так, вядомы храніст Мацей Стрыйкоўскі ў XVII стагодзьдзі згадваў пра знаходку ў руінах старога будынку ў Віцебску ідала Перуна з золата.”

(Дучыц:) “Таксама ёсьць зьвесткі, што ў ХІХ стагодзьдзі ў лесе на беразе ракі Поні ў былым Барысаўскім павеце ў дупле старога дуба знайшлі два ідальчыкі – адзін са срэбра, другі – з бронзы. Каля Пінску была знойдзена невялічкая статуэтка, гэтаксама як і каля вёскі Багданава на Вілейшчыне. Віленская археалягічная камісія першую вызначыла як выяву бога вайны Кавоса, а другую як літоўскую багіню Праўрыму”.

(Ракіцкі:) “Ідалы з каштоўных мэталяў атаесамляюцца з канкрэтнымі боствамі. А звычайныя каменныя ідалы таксама?”

(Дучыц:) “Гэта вельмі складае пытанне. Трохгаловыя ідалы дасьледчыкі зьвязваюць з богам Трыглавам. Паводле паданьняў, на горках у Сьвіры на Мядзелшчыне, у Крычаве, на Перуновай Гары каля вёскі Дараганава Асіповіцкага раёну, на беразе возера Валовае каля Полацку пакланяліся Перуну. Значыць, там стаялі выявы ідала Перуна. А вось іншы прыклад. У сярэдзіне ХІХ стагодзьдзя каля Кобрыні ўзгорак звалі “капішча Мажаны”. У 1963 годзе, калі каля Шклову адкапалі ідала, дык мясцовыя людзі назвалі яго “ёлуп”.

(Ракіцкі:) “Згадкі пра ідалаў захаваліся ў летапісах і хроніках розных народаў, у тым ліку і беларусаў. Значыць, можна параўноўваць. Дык як выглядалі ідалы з нашых земляў у кантэксьце ўсясьветных аналягаў? Ці можна нешта казаць аб іх этнакультурнай прыналежнасьці?”

(Дучыц:) “Спэцыялісты лічаць, што ідалы зь Беларусі ў большасьці маюць блізкасьць да надбалтыйскага гісторыка-культурнага асяродку канца І – пачатку ІІ стагодзьдзя. Гэта пацьвярджаецца выразнымі паралелямі з тэрыторыі Памор’я, гістарычных Прусіі і Яцьвягіі. Значна меншая колькасьць беларускіх помнікаў мае збліжэнне з помнікамі надчарнаморскай культурнай прасторы. У цэлым жа дасьледчыкі робяць высновы пра самабытнасьць беларускіх паганскіх скульптурных выяваў”.

(Ракіцкі:) “А яшчэ на беларускіх землях знойдзеныя ідалападобныя каменныя крыжы. Адзін зь іх шырока вядомы. Зараз ён знаходзіцца ў Музэі валуноў у Менску, а раней стаяў ля дарагі, недалёка ад мястэчка Даўгінава на Вілейшчыне. Дык гэта крыж ці ідал?”

(Дучыц:) “Сапраўды, гэта ўнікальны помнік. Навукоўцы спрачаюцца, што гэта – перароблены на крыж ідал, або скульптура часоў раньняга двухвер’я. Даўгінаўскі крыж нагадвае фігуру жанчыны. У тым месцы, дзе павінен быць жывот, – маленькая пукатая фігурка дзіцяці. Яна дакладна паўтарае абрысы вялікай фігуры. З адваротнага боку крыжа – 4 васьміканцовыя крыжыкі. Падобны ідал быў знойдзены на могілках у Кобрыні, але лёс яго невядомы”.

(Ракіцкі:) “У ХІХ стагодзьдзі паркі пры многіх маёнтках упрыгожвалі гэтак званыя каменныя бабы? Што іх яднае зь ідаламі?”

(Дучыц:) “Тады была мода на “палавецкіх бабаў”. Іх прывозілі з паўднёвых стэпаў. Такія скульптуры стаялі ў Гомельскім парку, у Зубках каля Клецку, у Дабраўлянах на Смаргоншчыне, у Слаўгарадзе, у Крынках каля Віцебску. Скульптура з Крыму была перавезена ў Віцебскі музэй, з Зубкоў – у Нацыянальны музэй у Менск”.

(Ракіцкі:) “Вернемся да ідалаў-бостваў. Дзе ім пакланяліся? Існавалі нейкія сакральныя месцы – храмы, пляцоўкі?”

(Дучыц:) “Археалягічныя дасьледаваньні капішчаў пацьвярджаюць, што гэта так. У капішчы, што ў Ходасавічах Рагачоўскага раёну, выяўлена ў цэнтры ямка, дзе мог стаяць ідал. Увогуле характэрнай асаблівасьцю капішчаў было разьмежаваньне сакральнай і прафанальнай прасторы. Пляцоўка акружалася ірвом, у якім запальваліся вогнішчы. Ролю сьвяцілішчаў нярэдка выконвалі і гарадзішчы-сховішчы. Памеры сьвяцілішчаў былі розныя. У канцы І – пачатку ІІ тысячагодзьдзя ўжо існавалі паганскія цэнтры, храмы, манастыры. Было і саслоўе паганскіх сьветароў”.

(Ракіцкі:) “Хрысьціянства, пашыраючыся, змагалася з паганствам. Разбуралі сьвяцілішчы, і на іх месцах часта ўзводзілі новыя храмы. Драўляных ідалаў спальвалі, каменных скідвалі ў вадаёмы, закопвалі ў зямлю. Дык яны захаваліся аж да ХХ стагодзьдзя?”

(Дучыц:) “У Беларусі прыхільнікі старой веры спрабавалі хаваць сваіх куміраў. Іх зацягвалі ў глухія балоцістыя мясьціны, куды маглі дабірацца толькі свае. Маюцца зьвесткі, што ў сярэдзіне ХІХ стагодзьдзя каля Докшыцаў мясцовыя жыхары хавалі ідала ад паліцыі. Яшчэ ў пачатку ХХ стагодзьдзя на высьпе Богінскага возера на Браслаўшчыне стаяў каменны ідал у палову чалавечага росту. Галава ў яго ўжо была адбітая. Звалі ідала “Стод”. У 1983 годзе ў час археалягічнага абсьледаваньня берагоў возера ад адной бабулькі ўдалося пачуць, што на ейнай памяці на высьпе стаялі “літоўскія богі”. У ХХ стагодзьдзі ў Смалявіцкім раёне калі вёскі Слабодка стаяў ідал “Цар Давід”. Каменны ідал быў і на беразе возера Крывое ва Ушацкім раёне, на беразе возера Святцэ, каля вёскі Юр’ева ў Смалявіцкім раёне. Ёсьць згадка, што ў ХІХ стагодзьдзі пры дарозе з Рэчыцы ў Бабруйск на ўзгорку ў даліне Дняпра стаяў чатырохтвары ідал. Былі ідалы пры дарогах каля вёскі Грэцавічы Бераставіцкага раёну, вёскі Чаплі на Пружаншчыне. Каля вёскі Алізаравічы, што пад Рэчыцай, каменны ідал стаяў у капліцы на могілках”.

(Ракіцкі:) “А чаму шмат ідалаў апынулася на могілках?”

(Дучыц:) “Могілкі – гэта недатыкальная, сакральная

прастора. Адтуль іх ніхто не мог забраць. Паводле павер’яў, калі што-небудзь забраць з могілак, дык будзе сьмерць. Падобныя выпадкі ў ХХ стагодзьдзі зафіксаваны з культавымі камянямі. У вёсцы Сянежычы Наваградзкага раёну камень-сьледавік перацягнулі на могілкі. У вёсцы Смаляны Пружанскага раёну, калі атэісты пагражалі зьнішчыць паклонны камень-сьледавік, тады мясцовыя жыхары перацягнулі яго на могілкі, а ў 1990-х гадах вярнулі назад і зараз ўпрыгожваюць кветкамі, моляцца каля яго. У 1887 годзе ў лесе каля вёскі Ульлянавічы Сеньненскага раёну знайшлі каменны слуп з высечанай зьверху галавой і перанесьлі на могілкі. Ідалы ставіліся і на каталіцкіх, і на праваслаўных, і на ўніяцкіх, і на пратэстанцкіх могілках”.

(Ракіцкі:) “Усё гэта – пераканаўчыя доказы таго, што беларусы праз цэлае тысячагодзьдзе захоўвалі паганскую традыцыю пакланеньня ідалам.”

(Дучыц:) “Псыхолягі, філёзафы, этнографы заўсёды падкрэсьлівалі двухвер’е як адну з рысаў беларускай мэнтальнасьці. Можна ўзгадаць беларускую традыцыю апранаць каменныя крыжы. Каля вёскі Галошава Талачынскага раёну каменны крыж называюць “бабай” і лічаць, што гэта акамянелая жанчына. Падобныя крыжы ёсьць у Лельчыцкім раёне. На крыжы вешаюць фартушкі, хусткі. Упрыгожваюць каменныя крыжы ў царкве ў Пагосьце Жыткавіцкага раёну, ва Усіхсьвяцкай царкве ў Тураве. Каля вёсцы Клепачы на Слонімшчыне на могілках стаяў ідалападобны камень. Яго перанесьлі ў царкву і доўгі час яму насілі ахвераваньні. Але ў канцы ХХ стагодзьдзі з царквы ён зьнік”.

(Ракіцкі:) “У чым, з вашага гледзішча, прычына такой вернасьці паганскай традыцыі пакланеньня ідалам?”

(Дучыц:) “Прычынаў шмат. Яны – ў нашай гісторыі. Пры князі Уладзіміры Сьвятым, калі пачынаўся працэс хрысьціянізацыі, і беларускія землі ў пэўнай ступені былі залежнымі ад Кіеву, ім надавалася значна меней увагі, чым, напрыклад, Ноўгараду. У XVI—XVII стагодзьдзях на нашых землях ужываліся каталіцызм, праваслаўе, уніяцтва, кальвінізм, іўдаізм, магамэтанства, а пазьней зьявіліся і стараабраднікі. Пункт аб верацярпімасьці нават быў унесены ў Статут ВКЛ 1588 году.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG