Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вікторыя Дашкевіч: “Я веру ў нашых дзяцей”


Радыё Свабода Вікторыя Дашкевіч — удзельніца праграмы “Ў што я веру”.

Маё пакаленьне —тых, каму цяпер ад 25-ці да 30-ці, часта называюць згубленым пакаленьнем. Або разгубленым — бо, нарадзіўшыся ў час панаваньня камуністычнай ідэі, мы мусілі будаваць сваё дарослае жыцьцё ў адпаведнасьці з зусім іншымі каштоўнасьцямі. Таму, бывае, і кажуць пра наша пакаленьне, нібыта мы ні ў што ня верым. Няпраўда. Мы верым.

Увогуле ў своеасаблівым духоўным стане, калі за ісьціну трэба прызнаць нешта само па сабе не відавочнае, кожны чалавек знаходзіцца куды часьцей, чым пра гэта сьвядома думае. Бо ўвесь назапашаны чалавецтвам досьвед нельга праверыць на працягу аднаго жыцьця — вялікую частку гэтага досьведу даводзіцца браць на веру. Таму, не зьяўляючыся праціўнікам тэхнічнага прагрэсу, я вельмі ахвотна веру ў бясконцасьць Сусьвету, у Бога Айца Ўсемагутнага, Творцу нябёсаў і зямлі; і ў Ісуса Хрыста, Сына Яго адзінага... Веру ў шмат якія рэчы, не правераныя досьведам чалавецтва!

Найперш веру ў тое, што добрых людзей больш, чым благіх. Паўсюль. І ня трэба папракаць мяне сацыялістычна-камуністычнай сьвядомасьцю! Веру, што большасьць з нас думае менавіта так. Толькі не прызнаецца. Напэўна, праз жаданьне выглядаць модна і прагрэсіўна.

Веру, што прыйдзе час, калі жыць у маёй краіне будзе прэстыжна. І на маю заўвагу пра тое, што жыць трэба на Радзіме, ніхто больш не адкажа: “Табе трэба, ты й жыві”.

Веру, што змагу пражыць жыцьцё і ня здрадзіць сабе. Бо ведаю людзей, якія сабе здрадзілі. Адчуваю да іх жахлівую сумесь разуменьня, жалю і агіды. Не хацелася б адчуць гэта і на свой адрас...

Можа, гэта такая ўжо асаблівасьць жаночай псыхалёгіі , што верым мы часьцей за ўсё ў тое, у што хочам верыць самі. Напэўна, гэта інстынкт самазахаваньня віду. Бо хто ж захоча мець шмат нашчадкаў, калі будзе ўпэўнены ў наступленьні ядзернай зімы, або ў раздрабленьні Зямлі мэтэарытам? Часам мой мацярынскі інстынкт набывае жахліва вялікія памеры і распаўсюджваецца на іх усіх — на дзяцей, з якімі я працую, якіх я добра ведаю або бачу ўпершыню, на майго ўласнага сына, на ўсіх тых, што ўжо нарадзіліся, і тых, што яшчэ народзяцца. І таму — гэта самае галоўнае! — я веру ў нашых дзяцей. Веру, што яны абавязкова будуць лепшымі за нас, бо душы ў іх сьветлыя і чыстыя. Веру, што мы ніколі не назавем нашых дзяцей згубленым пакаленьнем, а яны, пасталеўшы, так не назавуць нас.

Вікторыя Дашкевіч працуе ў віцебскім тэатры “Лялька”. Хаця на ейным працоўным кабінэце вісіць шыльда “Кіраўнік літаратурна-драматычнай часткі”, насамрэч яе праца зусім не “кабінэтная”: ёй трэба сустрэць маленькіх гледачоў, паказаць ім музэй лялек, распачаць спэктакль і ўрэшце правесьці да гардэробу — каб лялечны тэатар стаўся для іх не казённай культурніцкай установай, а ўтульным домам, дзе жывуць казкі... Самым зацікаўленым гледачом і самым строгім крытыкам Вікторыя лічыць свайго 6-гадовага сына Васілька.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG