Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Тамаш Зан (21.12.1796 — 19.7.1855)


Уладзімер Арлоў, Менск Упершыню пазнаёміўшыся з гісторыяй таемных патрыятычных таварыстваў філяматаў і філярэтаў, я быў зьдзіўлены адноснай мяккасьцю пакараньняў, атрыманых іх удзельнікамі пасьля таго, як у 1823-м яны трапілі ў рукі паліцыі. Тых, хто выступаў ня толькі за паляпшэньне асьветы, але і за зьнішчэньне прыгоннага ўціску сялянаў ды нацыянальную незалежнасьць народаў, у Расейскай імпэрыі павінны былі чакаць, прынамсі, турэмныя тэрміны.

Як выявілася, ратуючы сяброў, усю віну ўзяў на сябе выпускнік фізычна-матэматычнага факультэту Віленскай alma mater, прэзыдэнт таварыства філярэтаў Тамаш Зан. Ён быў зьняволены ў цытадэлі, астатніх арыштаваных, у ліку якіх знаходзіліся Адам Міцкевіч, Ян Чачот, Ігнат Дамейка, выслалі ўглыб Расеі.

Адбываючы сваю кару ў Арэнбурзе, Тамаш, які меў схільнасьці як да дакладных навук, так і да паэзіі, не зламаўся і не замкнуўся ў сабе. Захаваліся зьвесткі, што ў 1833-м ён браў удзел у змове палітвысланых, якія рыхтавалі збройнае паўстаньне, каб уцячы за мяжу (спроба гэтая скончылася няўдачай).

На высылцы Зан дасьледаваў прыроду Ўралу, стварыў мінэралягічны музэй (што пазьней паспрыяла атрыманьню пасады бібліятэкара ў пецярбурскім Горным інстытуце), вёў дзёньнік, дзе выказваў намер пісаць на мове свайго дзяцінства — беларускай.

Трэба меркаваць, што гэтыя памкненьні не засталіся толькі словамі, асабліва, калі выгнанец вярнуўся ў 1841-м на радзіму і сур’ёзна заняўся вывучэньнем беларускага фальклёру, якім проста прасякнутыя многія яго творы.

Літаратурная спадчына Зана, якая дайшла да нашых дзён,— польскамоўная. Аднак у камэдыі “Грэцкія піражкі” дзеяньне адбываецца ў Менску, самі за сябе кажуць назвы вершаў “Мянчук”, “Песьня з турмы ў Вільні”, баляды “Сьвіцязь-возера”...

Тую турму, а дакладней, таварышаў-арыштантаў, унеўміручыў у ІІІ частцы сваіх “Дзядоў” Адам Міцкевіч. Адрозна ад многіх іншых Зан названы там уласным імем. Яму ў вусны Міцкевіч, падкрэсьліваючы Тамашову ахвярнасьць, уклаў наступныя словы:

Я вамі кіраваў, каб збыць няволі путы, І абавязак мой — за вас прыняць пакуты.

Я зь вялікім зьдзіўленьнем не знайшоў артыкула пра Тамаша Зана ў энцыкляпэдычным даведніку “Беларускія пісьменьнікі”, які часам апавядае пра тых, хто ня проста не напісаў па-беларуску аніводнага радка і ніколі ня меў такіх намераў, хто ніколі не пакутваў за нашу зямлю, а нават жывучы тут, ня мог ці не хацеў зьвязаць на яе мове і пары словаў.
XS
SM
MD
LG