Лінкі ўнівэрсальнага доступу

М. Астрэйка: “Веру, іншыя вязьні таксама будуць на свабодзе


Ганна Соўсь, Прага На гэтым тыдні слухачы “Свабоды” праз пошту і тэлефанаваньні адказвалі на пытаньне “ У што я веру”. Гэтаксама пра сваю веру і перакананьні гаварылі суразмоўцы начной і ранішняй “Свабоды”.

Каталіцкі сьвятар айцец Аляксандар Шэмет, які разам з вернікамі ад учорашняга дня праз галадоўку пратэсту дамагаецца, каб гарадзкія ўлады дазволілі пабудаваць касьцёл, гэтак кажа пра сваю веру.

(Шэмет: ) "Веру, што прыйдзе час, калі тут, на тэрыторыі Беларусі людзі ўздыхнуць вельмі шырока ўсім сэрцам і душой, ведаючы, што няма таго, што было раней, што ўсё імкнецца да лепшага, няма той несправядлівасьці, якая ў дадзеным выпадку датычыць ня толькі людзей веруючых, але і тых, якія маюць іншыя погляды. Я веру ў тое, што той час прыйдзе".

Лідэр незарэгістраванай арганізацыі “Партнэрства” Мікола Астрэйка, нядаўна вызвалены са Шклоўскай калёніі, адказваючы ў ранішнім эфіры Свабоды на пытаньне пра веру, згадаў пра усіх беларускіх палітвязьняў.

(Астрэйка: ) "Насамрэч для мяне апошні месяц -- гэта час пераасэнсаваньня каштоўнасьцяў, нават самых галоўных для мяне. Аднак улічваючы тое, што я так нечакана аказаўся на волі, хачу сказаць, што я веру ў тое, што ўжо ў бліжэйшы час іншыя зьняволеныя -- мой сябра Цімафей Дранчук, Аляксандар Казулін, Зьміцер Дашкевіч ды іншыя палітвязьні таксама акажуцца на волі, таксама будуць разам з намі. У гэта зараз я веру і я хацеў бы, каб гэта адбылося".

А зараз зьвярну вашу ўвагу на лісты слухачоў. Эдуард Зяновіч з Ліды піша, што ён верыць “ў У Бога адзінага, усемагутнага і справядлівага, у лепшае будучае народу, які жыве ў цэнтры Эўропы, атрымлівае заробак і пэнсіі беларускія пры эўрапейскіх цэнах”.

Алег Сьмяшкоў з Магілёву ў лісьце на Свабоду адзначае, што “ня мае 100% веры, ды ў сябе таксама. Але вось вера ў час ёсьць, як прыкладам у гадзіньніку: малое кола крыху пхне вялікае, і яно ўрэшце апынецца у першапачатковым стане, пхнуўшы нешта ў сваю чаргу”.

А слухач “Свабоды” спадар Яношка гэтак акрэсьлівае сваю веру. “Вера мая і надзея – яна ў тым, што ў рэшце чалавецтва адмовіцца ад збройнай барацьбы, як ад зьвярынага перажытку ў сьвядомасьці чалавека, што ў рэшце прызнае Госпада нашага Ісуса Хрыста адзіна верным, што закон Божы будзе выкладацца ва ўсіх агульнаадукацыйных школах, што Запаветы Гасподні будуць падмуркам духоўнага жыцьця кожнага чалавека. І тады зьнікнуць і вялікія, і сярэднія, і малыя войны, і сямейныя войны. І тады можна будзе казаць і верыць, што прыйшло, паўстала ўсеагульнае Царства Божае на зямлі”, піша слухач “Свабоды” спадар Яношка.

На гэтым тыдні госьцем “Начной Свабоды” быў прадпрымальнік з Салігорску Іван Шыла, бацька двух сыноў – актывістаў “Маладога фронту”. Вось як ён адказаў Аляксея Знаткевічу на пытаньне пра веру.

(Шыла: ) "Я веру ў маладосьць і Беларусь, маючы на ўвазе новае пакаленьне, маіх сыноў".

(Знаткевіч: ) "Вы верыце, што вашым сынам будзе лепей жыць, чым жылося вам?"

(Шыла: ) "Я не буду разглядаць матэрыяльны аспэкт. Я веру ў тое, што яны будуць жыць у нармальнай краіне".

А літаратар Уладзімер Сьцяпан у гутарцы з вядучай ранішняй Свабоды Аленай Радкевіч зазначыў, што ягоная 11-гадовая дачка верыць у калядныя цуды.

(Сьцяпан: ) "Мне здаецца, што чалавек верыць у цуды да апошняга моманту свайго жыцьця".

(Радкевіч: ) "І Вы верыце ў цуды?"

(Сьцяпан: ) "Канешне, веру. Ступень веры розьніцца, а так чалавек працягвае верыць да апошняга моманту жыцьця, што здарыцца цуд, і што ён застанецца жывы, што ня сыйдзе з гэтага сьвету, што зь ягонымі дзецьмі ўсё будзе добра. Канешне, чалавек верыць у цуды. Калі б ён ня верыў у цуды, тады б я ня ведаю, што б зь ім адбывалася".

(Радкевіч: ) "Скажыце, а ў што б Вы хацелі, каб Ваша дачка паверыла апроч цудаў?"

(Сьцяпан: ) "Мне здаецца, што яна павінна паверыць, што ўсё у яе атрымаецца, і што мы, бацькі, яе вельмі любім і ёй дапаможам. Калі яна паверыць, што ў яе атрымаецца ўсё тое, што яна хоча зрабіць".

(Радкевіч: ) "А вера, што ўсё атрымаецца, і вас падтрымлівае ў жыцьці?"

(Сьцяпан: ) "Канешне. Усё і атрымаецца. Трэба верыць, што ўсё будзе добра, і тады яно неяк і складзецца".



Ці верыце Вы ў нешта? Што дапамагае Вам жыць? Як і чаму Вы прыйшлі да сваіх перакананьняў? Вашы каштоўнасьці і прынцыпы могуць натхніць іншых, сёньня і ў будучыні, у Беларусі і за мяжой. Раскажыце, ў што верыце Вы!

Пішыце на адрас у Беларусі: П/С 111 Менск 220005, у Чэхіі: П/С 44 Vinohradska 1, Praha 110 00

E-Mail: svaboda@rferl.org

Тэлефон-аўтаадказьнік у Менску: 266 39 52
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG