Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Р.Барадулін: "Там дзе быў Бураўкін, была мудрасьць і павага"


Альгерд Невяроўскі, Менск Нядаўна вядомы беларускі паэт адзначыў сваё 70-ці годзьдзе. Са сваімі блізкімі гэтую дату ён ужо адзначыў. А 30 лістапада да яго ў менскі Палац мастацтваў прыйшлі павіншаваць сябры, калегі і аматары творчасьці.

Заля менскага Палацу мастацтваў, разьлічаная на 400 чалавек, не магла зьмясьціць усіх жадаючых сустрэцца з паэтам. Людзі стаялі ў праходах і сядзелі на дадатковых крэслах. Прыйшлі калегі Генадзя Бураўкіна з Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, сябры з Саюзу мастакоў, а таксама з Таварыства беларускай мовы іншых арганізацыяў, творчая інтэлігенцыя.

Сёньня цягам дня не было пэўнасьці ці адбудзецца гэтая вечарына. Бо раніцай, старшыні Саюзу мастакоў Уладзімеру Басалыгу было паведамлена, што будынак палацу будзе зачынены на прафіляктычны агляд электрасетак.

(Басалыга: ) “Я такі ўсхваляваны. Я перажыў гэты дзень. Быў нейкі заплянаваны чарговы агляд электрасеткі. Мы датэлефанаваліся да іх, у прасілі. Яны перанесьлі на заўтра”.

Вечарыну адкрыла народная артыстка Беларусі Марыя Захарэвіч, якая чытала вершы юбіляра. Пасьля слова ўзяла, яшчэ адна народная артыстка, Зінаіда Бандарэнка:

(Бандарэнка: ) “Я запрашаю Генадзя Мікалаевіча сюды, на пачэснае месца. І мы вельмі радыя, што сёньня столькі прыхільнікаў яго цудоўнай паэзіі сабралася ў гэтай залі”.



А вось, што сказаў пра юбіляра народны паэт Рыгор Барадулін:

(Барадулін: ) “Генадзь Бураўкін, калі ён быў у ААН, першым падаў руку нашай эмігранцкай культуры. Там дзе быў Бураўкін была мудрасьць і павага”.



Старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Алесь Пашкевіч гаварыў пра спалучэньні ў творчасьці Генадзя Бураўкіна двух пачаткаў:

(Пашкевіч: ) “Ва ўсясьветнай літаратуры бадай не знойдзецца такой постаці, такой асобы, хто змог бы настолькі пранікнёна, арганічна спалучыць у сваёй творчасьці пачатак лірычны, інтымны з пачаткам грамадзянскім і патасным”.

Юбіляра сёньня віталі акадэмік Радзім Гарэцкі, паэт Анатоль Вярцінскі, мастакі Гаўрыла Вашчанка, Леанід Шчамялёў, Васіль Шаранговіч, Уладзімер Басалыга, Уладзімер Вішнеўскі, Рыгор Сітніца, ксёндз Уладыслаў Завальнюк ды многія іншыя сябры.

XS
SM
MD
LG