Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОГа” – 23 лістапада


Юлія Шарова, Менск У беларускім сеціве блукае Юлія Шарова. Вітаю.

На форумах парталу TUT.by сёньня абмяркоўваюць заявы Аляксандра Лукашэнкі, зробленыя ў часе прэсавай канфэрэнцыі для украінскіх мэдыяў. Асабліва шмат выказваньняў пасьпела сабраць тэма Лукашэнка: “Апошнія выбары мы сфальшавалі”

“Мне вось цікава, у суд хоць нехта з палітыкаў падасьць заяву? Бо як заўсёды элегантна Аляксандар Рыгоравіч сябе ў тупік паставіў: альбо найцяжэйшае злачынства, альбо псыхдыспансэр”.

“85-93 адсоткі – гэта найхутчэй кітайскі варыянт (хоць, як я ведаю, там выбары, як і ў КНДР, не праводзяцца, загадзя ведаючы 100-адсоткавы вынік “за”)

Яшчэ адна папулярная сёньня галінка на форумах TUT.by – абмеркаваньне тэмы Лукашэнка: “Сваю мову мы адрадзілі”

“Народ! Вы пэўна запамяталі! Ён жа зьбіраецца нешта з мовай зрабіць, ну там новая рэдакцыя правапісу й гэтак далей. Дык ён беларус, і размаўляе правільна й піша, гэта мы на незразумелай для ЯГО мове гаворку вядзем, значыць мы не беларусы”, – выказваецца адзін з удзельнікаў.

“Я чуў мову зь ягоных вуснай толькі ў часе прыняцьця прысягі. Дый толькі таму, што яна, прысяга, напісана на беларускай мове. Дык што ж гэта атрымліваецца?! У Беларусі мы жывем ці як?”

Блогер oldmah у сёньня піша з нагоды 100-гадовага юбілею “Нашай нівы”: “Дзесьці ў 94-м гадзе зь цікавасьці набыў у шапіку нумар адноўленай НН. Першае найбольш моцнае ўражаньне – мяккія знакі ўсюды, усё па-беларуску… Чытаць на тарашкевіцы было складана… Памятаю толькі на першай старонцы інтэрвію Шарэцкага і ўсярэдзіне нейкі рэпартаж Зьмітра Бартосіка, астатняе здаецца не чытаў. У лютым 2001-га я зноў набыў чарговы нумар НН. Ён быў перачытаны цалкам, некаторыя тэксты двойчы. Хацелася як мага хутчэй атрымаць новы. Можна сказаць, я адкрыў для сябе новую сыстэму каардынатаў. Менавіта дзякуючы НН пачаў цікавіцца беларускай культурай... Сёньня, на жаль, той апантанасьці няма. НН для мяне цяпер газэта, а ня “больш, чым газэта”.

На форумах афіцыйнага сайту Менгарвыканкаму зьявілася паведамленьне, якое даслала нехта Ганна: “Хацелася б выказаць сваю заўвагу наконт абвестак у мэтро. Вельмі прыемна чуць іх на беларускай мове. Аднак, на жаль, вымаўляюцца яны не заўсёды правільна. У паасобку, у фразу “Грамадзяне, будзьце пільнымі…” слова “грамадзяне” вымаўляецца з расейскім гукам “г”, што надта ўжо рэжа слых. Мне падаецца, што беларусам папросту сорамна дапускаць такія памылкі”.

Блогерка v_mariamna вырашыла адпачыць ад палітыкі й пачытаць глянцавыя часопісы. У рукі ён трапіўся расейскі Glamour, дзе v_mariamna знайшла артыкул пра Беларусь – карэспандэнт выданьня наведаў Менск, каб даведацца, як жывуць красуні краіны, што знаходзіцца ў ізаляцыі. Вось некалькі вытрымак з уртыкула:

“На шляху дзяўчатаў вялікая колькасьць перашкодаў, нават самы дробны чыноўнік лічыць сябе Лукашэнкам. Шмат хто капіюе ягоную інтанацыю й манеру камунікаваньня…”

“Беларусы сядзяць у шматлікіх фантанаў і п’юць піва, то бок, камунікаюць ці блукаюць па вычышчаных да нездаровага бляску вуліцах, над якімі разьвешаныя тэракотавыя з золатам расьцяжкі. Расьцяжкі паведамляюць пра дні нейкай кітайскай правінцыі…”

Дасылайце свае ідэі ды спасылкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце СМС-паведамленьні на нумар 391-22-24.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG