Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьміцер Казакевіч: “Веру ў нараджэньне Эўропы ў кожным з нас”


Радыё Свабода Зьміцер Казакевіч — удзельнік перадачы “Ў што я веру”.

Веру ў неймаверную дзейснасьць ВЕРЫ. Бо што яшчэ рухае горы ў душы чалавека? Толькі вера! Зьнявераная душа — зьвярыная. Нерухомая.

Веру ў рух: духоўны і фізычны. Найперш — у духоўны, унутраны. Бо застой — гэта балота і сьмерць, а рух — уздымае. Таму веру ў нацыянальны ўздым нашага народу. Бо зь верай мы — наверсе. Зь верай мы ня толькі можам зрушыць горы, але няспынна рухаемся да сваіх унутраных вяршынь. Веру, што мы ня спынімся ў сваім руху да свабоды: унутранай і нацыянальнай. Гнёт і гвалт ня вечныя. І не сучасныя.

Веру, што толькі праз веру мы маем пранікнуць у таямніцу часу. Будучыні. Я веру ў будучыню сваёй краіны. А як інакш? Зараз мы ствараем яе ня толькі сваімі дзеяньнямі, але й верай — кожным рухам, зробленым зь верай, кожным позіркам, прасякнутым верай, кожным словам, прамоўленым зь верай.

Веру ў сьвятое беларускае слова, слова Скарыны, Багдановіча і Быкава, слова кожнага, хто здольны прамовіць яго ў здранцьвелай цішыні, напоўненай маўчаньнем страху, сораму ды адчаю. Беларускае слова зараз мацнейшае, гарачэйшае і цяжэйшае за словы іншых эўрапейскіх моваў.

Веру ў Эўропу — у яе вернасьць прынцыпам чалавечнасьці. Ва “ўнутраную Эўропу”, зь яе густоўнасьцю, разважлівасьцю, разнастайнасьцю, — якую мы носім у сабе, вяртаем да сябе і выхоўваем у сваёй душы. Веру ў тое, што яна набудзе новую ўнутраную моц — у нараджэньне Эўропы ў кожным з нас.

Веру ў вернасьць: жанчыне, Радзіме, ідэалам. Бо вернасьць праводзіць заўсёды цьвёрдыя лініі. А крывяць душой толькі тыя, хто здраджвае.

Веру ў цьвёрдасьць — сваю і свайго народа. У цьвёрдасьць веры і радасьці, у цьвёрдасьць крокаў і рухаў, у цьвёрдасьць шляху, якім маем ісьці. У тую цьвёрдасьць, якае ведае, калі трэба саступіць мяккасьці і пяшчоце. Веру ў мяккасьць. Пяшчоту. Каханьне. Любоў.

Веру ў любоў. Сапраўдную: да Радзімы, жанчыны, жыцьця.

Веру ў тое, што менавіта любоў, падтрыманая верай, вернасьцю, рухам і словам, зробіць нас тымі, у якіх верыць у нас (я веру ў гэта!) сам Гасподзь.

Веру: Жыве Беларусь!

Зьміцер Казакевіч скончыў расейскае аддзяленьне філфаку БДУ, і пэўны час працаваў у адной з самых прэстыжных на Віцебшчыне навучальных устаноў — Лужасьнянскай школе-гімназіі для адораных дзяцей. Кажа, што менавіта вучні прымусілі яго паглядзець на сьвет па-іншаму і пераканацца, што беларушчына куды бліжэйшая ягонаму сэрцу, чым паэзія Пушкіна або проза Дастаеўскага... Зьміцер Казакевіч сышоў з настаўніцкае прафэсіі, цяпер працуе ў газэце “ Народнае слова”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG