Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Веру ў шляхетнасьць духу”


Ганна Соўсь, Прага На гэтым тыдні слухачы “Свабоды” праз пошту і тэлефанаваньні адказвалі на пытаньне “У што я веру”. Гэтаксама пра сваю веру і перакананьні гаварылі суразмоўцы начной і ранішняй “Свабоды”.

Госьць “Начной Свабоды” эканаміст Міхась Залескі найвышэй за ўсё ставіць сямейныя каштоўнасьці.

(Залескі: ) “А я ў сям''ю веру. Я неяк быў выхаваны ў першабытным ладзе, так павялося ад бацькоў. Таму я веру ў сям''ю, і бачу, што ў Беларусі менавіта на сем''ях, на сямейных адносінах трымаецца многае -- і добрае пераважна, нешта і кепскае трымаецца, таму што сваяцтва і зямляцтва ў нас вельмі моцныя. Паколькі я веру ў сям''ю, я сям''і і трымаюся, і братоў сваіх стрыечных (паколькі родных ня маю), сёстраў ды іншых усіх родзічаў”.

На гэтым тыдні госьцем “Свабоды” быў архівіст, літаратар, старшы навуковы супрацоўнік Інстытуту літаратуры Акадэміі навук Беларусі Язэп Янушкевіч. У ранішнім эфіры “Свабоды” ён гэтак сказаў пра сваю веру.

(Янушкевіч: ) “ У што я веру ў жыцьці? Хіба што ў Бога, які падараваў мне Радзіму. Веру ў чалавека, які дапаможа мне ў адказ на маю ж дапамогу. Веру ў шляхетнасьць духу, адзіную дзяржаву, якую здольны стварыць сам, адзін, кожны з нас з дапамогай ўласнай душы. Узьвялічваць яе, тым самым набліжаючы да дасканаласьці."

А цяпер зьвярнуся да лістоў нашых слухачоў. Вось як пра свае перакананьні піша Анатоль Старкоў з Нью-Ёрку.

“Я веру ў крок маёй Айчыны да свабоды і справядлівасьці, да незалежнай дзяржавы, які мы, беларусы і беларускі, зробім зь бел- чырвона-белым сьцягам і гербам Пагоня. Я веру ў веліч беларускай мовы і шчаслівы вольны шлях нацыі. Я веру, што зрабіць гэты рашучы крок неўзабаве нам дапаможа Бог”, піша Анатоль Старкоў з нью-ёрскага Брукліну. Ён гэтаксама даслаў свой верш. “За свабоду стань пад сьветлыя сьцягі Побач са мною. Крок за крокам справядлівасьць адстаім І пераможам! Будзе шчасьлівы вольны шлях, Бо дапаможа Наш бел-чырвона-белы сьцяг, Наш герб Пагоня.

За дзяржаву стань пад сьветлыя сьцягі Побач са мною. Крок за крокам незалежнасьць адстаім І пераможам! Будзе шчасьлівы вольны шлях Бо дапаможа Наш бел-чырвона-белы сьцяг, Наш герб Пагоня.

Беларусы! На сваёй сьвятой зямлі, Разам са мною, Веліч мовы крок за крокам адстаім І пераможам. Будзе шчасьлівы вольны шлях - Бог дапаможа! Наш бел-чырвона-белы сьцяг, Наш герб - Пагоня.

Яўгенія Карцава з Віцебску перакананая, што Аляксандар Мілінкевіч здолее разбудзіць беларусаў. “Але мы павінны яму дапамагчы”, -- піша Яўгенія Карцава. “Я веру, што дажыву да таго часу, калі бел-чырвона-белы сьцяг будзе лунаць над горадам заўсёды, а не ў тыя дні, калі гэта робіць Мірон. Веру ў тое, што хутка Беларусь будзе свабоднай ад ілжы і крывадушнасьці кіраўніка краіны. Асабліва абражае мяне ягонае стаўленьне да ўсяго беларускага. Веру ў тое, што маладыя беларусы змогуць зьмяніць сытуацыю ў краіне, каб Беларусь стала нармальнай краінай, каб у маіх дзяцей і ўнукаў была праца і жытло, і яны з гонарам маглі сказаць: “Я – беларус”, і іх за гэта не арыштуюць”, у гэтым перакананая Яўгенія Карцава з Віцебску.

А слухачка «Свабоды» Ганна Малышкіна праз электронную пошту піша, што «кладзецца спаць і верыць, што заўтра абавязкова будзе лепей! «Веру ў людзей, часам сьлепа. Але менавіта гэта дапамагае жыць, бо людзі адчуваюць маю веру. Веру ў тое, што, чым болей усьміхаешся, тым менш хваробаў цябе атакуе. Веру, што, калі верыць, то становіцца лягчэй на душы. Веру, што гэты крыху наіўны, але пазытыўнгы ліст знойдзе свайго слухача», перакананая Ганна Малышкіна.

А слухач “Свабоды” спадар Цэдко з Маладэчна з пэсымізмам адзначае, што “жывучы пры цяперашнім рэжыме, акрамя веры ў Бога, цяжка верыць у штосьці лепшае для сябе і краіны”.

На гэтым тыдні госьцем «Начной Свабоды» быў міжнародны аглядальнік «Нашай Нівы» Сяргей Богдан. Ён гэтак акрэсьлівае сваю веру.

(Богдан: ) “Безумоўна, я веру ў Бога, а з гэтага вынікае ўсё астатняе. Вера ў тое, чым павінна быць наша краіна, і чым яна стане. Безумоўна, наша краіна мусіць быць свабоднай і дэмакратычнай, таму што гэта вынікае з самога прынцыпу, таму што сама вера ў Бога мае на ўвазе, што мы ня мусім сьхіляцца перад кімсьці іншым і цярпець тыранію некага іншага. Адпаведна з гэтага вынікае неабходнасьць усталяваньня дэмакратычнага ладу”.

Наступная госьця “Начной Свабоды” сакратар ЦК Партыі камуністаў Беларускай Алена Скрыган гэтак гаворыць пра свае перакананьні.

(Скрыган: ) “Я веру ў вышэйшую справядлівасьць. Я веру ў тое, што зло будзе пакарана. Для сябе даўно зрабіла высновы, што ня трэба рабіць чалавеку зло, бо яно вернецца да цябе. І так я стараюся жыць і стараюся так працаваць. Мой дэвіз: рабі, што павінен, і будзь, што будзе. Я веру, што гэты дэвіз старажытных рыцараў, але сёньня ў нас у Беларусі вельмі цяжка рабіць тое, што ты павінен рабіць. І мы, можа, часамі трацім упэўненасьць, трацім веру, што мы можам дамагчыся таго, чаго павінны дабіцца. Але я заўсёды раблю тое, што павінна. І веру ў тое, што Беларусь будзе дэмакратычнай, і што мы дажывем да гэтага часу”.

Далей госьця “Начной Свабоды” старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Тацяна Процька і яе вера.

(Процька: ) “Па-першае, я веру ў тое, што дабро заўсёды перамагае. Як кажуць, гэта сусьветны закон. Дабро заўсёды пераможа зло. Дабро -- гэта пастаянная з’ява, а зло – гэта зьява часовая. Мабыць, чалавечае жыцьцё – гэта таксама з’ява часовая, мабыць на працягу чалавечага жыцьця, канкрэтнага чалавечага жыцьця дабро і ня зможа перамагчы. Але ўсё роўна канчаткова перамога за дабром. І гэта дапамагае мне жыць”.

Для вядучага:

Ці верыце Вы ў нешта? Што дапамагае Вам жыць? Як і чаму Вы прыйшлі да сваіх перакананьняў? Вашы каштоўнасьці і прынцыпы могуць натхніць іншых, сёньня і ў будучыні, у Беларусі і за мяжой. Раскажыце, ў што верыце Вы!

Пішыце на адрас у Беларусі: П/С 111 Менск 220005, у Чэхіі: П/С 44 Vinohradska 1, Praha 110 00

E-Mail: svaboda@rferl.org

Тэлефон-аўтаадказьнік у Менску: 266 39 52
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG