Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галіна Люмарава: “Прапаноўваючы веру, мне забараняюць разважаць і сумнявацца”


Радыё Свабода Галіна Люмарава – удзельніца перадачы “Ў што я веру”.

Прапаноўваючы веру, мне забараняюць разважаць і сумнявацца. Навошта? Каб зьвесьці мяне ў рабства ілюзій.

Нарадзіўшыся ў галодныя пасьляваенныя гады ў маленькай сялянскай хаціне пры сьвятле газьніцы, я з’яўляюся сьведкай незвычайнага паскарэньня тэмпу жыцьця, нейкага чароўнага пашырэньня магчымасьцяў чалавека, дзіўнага пераўтварэньня навакольнага асяродзьдзя.

Усяго толькі за тры з паловай гадзіны я магу з маёй аддаленай правінцыі апынуцца ў сталіцы. У маёй кішэні ляжыць маленькая скрыначка, якая ў імгненьне вока зьвяжа мяне гукавой сувязьзю з любым чалавекам, дзе б ён не знаходзіўся, паслужліва падкажа мне час і павесяліць музыкай ці гульнёй. Дзякуючы тэлевізару і інтэрнэту я з’яўляюся ўдзельнікам зьяў, што адбываюцца цяпер у самым далёкім кутку плянэты, карыстальнікам бязьмежнага багацьця ведаў, назапашаных чалавецтвам. І гэта крок за паўстагодзьдзя!

Хто ён, гэты нябачны чараўнік, што прадставіў у маё распараджэньне хараство і асалоду сучаснага ўзроўню камфорту, узброіў мяне ведамі асноўных прынцыпаў сьветабудовы? Хто дазваляе мне адчуць задавальненьне ад спакусаў, што дадзеныя чалавеку, і пры гэтым ня страціць галаву, не заблытацца ў непралазным гушчары аблудных слоў і фальшывых каштоўнасьцяў, не патануць у крутым віру змаганьня за сябе? Цьвярозы чалавечы розум!

Хлусяць усе – родныя, сябры, сьвятары, палітыкі, пачуцьці ... І толькі веды, здабытыя розумам, падпарадкаваныя двайному крытэру дакладнасьці – ісьціна. Таму калі мне абяцаюць стабільнасьць і нязьменнасьць, я кажу сабе: хлусьня. Бо яшчэ са старажытных часоў вядома: усё цячэ, усё мяняецца. Толькі ў стане дынамічнай раўнавагі можа існаваць трывалая сыстэма. Як чалавек на ровары, як гімнаст на канаце. Рух спыніўся – усё, абвал, багна, сьмерць.

Калі нехта, прыціснуўшы руку да сэрца, клянецца ў тым, што клопат пра мяне з’яўляецца галоўным прыярытэтам ягонага жыцьця, падазраю, што мяне хочуць абакрасьці – “homo homini lupus est”. Таму перад абяцаньнямі аддаю перавагу двухбаковай дамове з усімі юрыдычнымі фармальнасьцямі.

Прапаноўваючы веру, мне забараняюць разважаць і сумнявацца. Навошта? Каб зьвесьці мяне ў рабства ілюзій. Варта розуму на хвіліну згубіць пільнасьць, тут жа нехта імкнецца скарыстацца з гэтага і агідныя пачвары цемрашальства пачынаюць правіць баль. І толькі дзякуючы розуму існуе чалавечая цывілізацыя. Як кажуць у народзе – на тое Бог чалавеку розум даў, каб сьвіньня яго ня зьела.

* * *

Галіна Люмарава – дыплямаваны інжынэр-электрык, як яна сама кажа, сапраўдны “тэхнар”. Па заканчэньні Беларускага палітэхнічнага інстытуту пасьпела папрацаваць ці не ва ўсіх праектных арганізацыях Віцебску – займалася праектаваньнем электрычных сетак. Цяпер Галіна Сяргееўна пэнсіянэрка, і амаль увесь вольны час аддае чытаньню літаратуры, пра што так даўно марыла. Улюбёны пісьменьнік – Уладзімер Арлоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG