Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксей Бацюкоў: “Веру ў сілу беларускай зямлі да самаачышчэньня”


Радыё Свабода Аляксей Бацюкоў – удзельнік перадачы “Ў што я веру”.

У што я веру. Гэта даволі сымптаматычна, што пасьля апошніх катастроф беларускай дэмакратыі паважанае Радыё Свабода пачало свой новы праект менавіта пад такой назвай. На што я магу спадзявацца, пра што я, зрэшты, мрою.

Чаго я ня ведаю напэўна, дык гэта што ёсьць вера? Ласка божая ці прытулак для расчараванага ідэаліста? Я ня маю адказу, я маю веру. Саму па сабе, як вечную радасьць чаканьня заўтра, як прагу ісьці наперад. Ужо ў самой наяўнасьці веры адчуваны аптымістычны запал.

Ці веру я? З гэтага пачынаецца думка. Веру. А значыць, будзем жыць. Значыць, ёсьць нейкі неспасьцігнуты пакуль стрыжань у гэтага жыцьця. Вера не бярэцца зь ніадкуль.

Мая вера рассыпаецца на безьліч ашчэпкаў, маленькіх і вялікіх, у якіх адлюстроўваюцца сям’я, Радзіма, родны горад, сябры, блізкія мне людзі. Зрэшты, культура, сусьвет.

Я веру ў тое, што змагу зрабіць шчасьлівымі сваю каханую і сваіх дзяцей. Тут я веру, напэўна, у свае сілы. Я веру, што Радзіма ўвойдзе ў кожны беларускі дом як вышэйшая каштоўнасьць ягонага жыцьця, бо гэта будзе дыктавацца яму і духоўнай шчырай асалодай, і эканамічнымі выгодамі. Значыць, ёсьць у нашай краіны культура і працавіты дух, здольныя аб’яднаць нацыю і зрабіць самакаштоўнай нацыянальную ідэю. Значыць, ёсьць у нацыі моц.

Я веру ў людзей, блізкіх мне, таму што, калі б я ня верыў у іх, яны не былі б мне блізкімі. Я веру ў свой родны горад, бо іначай ён ня быў бы мне родным. Я веру ў сёньняшніх герояў і ў вышэйшую, няхай Божую, справядлівасьць для злачынцаў (але так бы хацелася застаць гэта пры жыцьці).

Нарэшце, я веру ў сілу беларускай зямлі да самаачышчэньня. Толькі даць ёй спакойнага жыцьця. Дарэчы, я ня веру ў нашых суседзяў. Рабіце са мной што хочаце, але я гісторык, я чытаў столькі кніжак па гісторыі Беларусі, так што – ня веру. Хай дакажуць чысьціню сваіх намераў, а пакуль што пакідаю сабе сваю маленькую параною як пэўны варыянт веры, што лепш бы нам пажыць пакуль адным. У сабе. Для сябе...

Аляксей Бацюкоў нарадзіўся ў Магілёве ў 1977 годзе. Выкладчык філязофіі Беларуска-расейскага ўнівэрсытэту, журналіст. Аўтар “ARCHE” і “Нашай Нівы”. Скончыў асьпірантуру БДУ. У 2003-05 гадах – тэлежурналіст, супрацоўнік магілёўскай абласной тэлевізіі. Мае двух сыноў і дачку.


Ці верыце Вы ў нешта? Што дапамагае Вам жыць? Як і чаму Вы прыйшлі да сваіх перакананьняў? Вашы каштоўнасьці і прынцыпы могуць натхніць іншых, сёньня і ў будучыні, у Беларусі і за мяжой. Раскажыце, ў што верыце Вы!

Пішыце на адрас у Беларусі: П/С 111 Менск 220005, у Чэхіі: П/С 44 Vinohradska 1, Praha 110 00

E-Mail: svaboda@rferl.org

Тэлефон-аўтаадказьнік у Менску: 266 39 52
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG