Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Антаніна Хатэнка: “Воля – алтар майго сэрца”


Радыё Свабода Антаніна Хатэнка — удзельніца перадачы “Ў што я веру”

Веру: прастора ўся памяці чуйнае поўна. Памяці існае, з вышы. Часу няма, час растаў, распусьціўся ў бязьмежжы. Больш аніколі – ні сёньня, ні заўтра, ні ў эрах наступных – Волі маёй ані кроплі ня дам на заклад. Воля – алтар майго сэрца, судум’я й Сусьвету, скуль узыходжу да рухаў і гукаў, надзей і сьлядоў жыватворных.

Веру, што Воля, як сонцавы вецер, ляціць і кранаецца вуснаў: мы загаворым адно да другога замоўна – і памяць прылашчым, што блудзіць бадзякай нямотнай. Тут адагрэем агменна і словы, і песьні, і птахаў з апаленым крыльлем.

Тут разам з дрэвамі, з травамі, сонцам, аблокамі, з рэкамі й зорамі веру – няспынна ўзвышаецца Шлях. Шлях да сябе неўміручых — Любові й Сьвятла ў паяднаньні. Веру ў магуту насеньня й карэньня ў прадоньні зямным умудрэлым.

Веру, што ёсьць да каго прыхінуцца плячом і спамінам, ёсьць да каго павяртацца ў цяпло, размаўляць і маўчаць, летуценіць. Веру ў супольнасьць памкненьняў, паглядаў і сноў-прадчуваньняў. Веру ў хаду непахісную Золку насустрач.

Веру ў адзіную плыню ўсяленскай спагады, што расхінае абдоймы над Краем журбы й недаверу. Над курганамі самоту зьбіраю, ссыпаю ў бяспомнасьць – і ўсьцешана веру: весьцяць прысутнасьць нябачна здалёку хто быў і хто будзе – еднасьць вялікая, вечная, моцная – Людзі.

Веру, што чуць навучаемся ўрэшце — сябе, і суседа, і сябра, чужынца й радзіну, дарогу й нябёсы. Веру, што ведаем: ціха, сьвяточна, бунтоўна – як ні жывём, — да адзінага вусьця прыходзім зьмірэнча і ўдзячна.

Веру: пакуль я іду па сьцяжыне пазнаньня й сталеньня, — кожная хвіля нажыўлена сэнсам прышэсьця й сыходу. Вось і шукаю суток супярэчнасьцяў вечных – у веры... Так і заходжу нястомна, з пытаньнем “А хто я?”, у новыя, новыя, новыя дзьверы...

Антаніна Хатэнка — паэтка, філёляг, дасьледчыца старажытных вераваньняў. Паходзіць з зэльвенскай зямлі, дзе род сплецены, напэўна, з каранямі Ларысы Геніюш. Прынамсі, апякунства паэткі чуе празь лёс. Мае дзьвюх дачок – Міхаліну й Сьвятаяну.


Ці верыце Вы ў нешта? Што дапамагае Вам жыць? Як і чаму Вы прыйшлі да сваіх перакананьняў? Вашы каштоўнасьці і прынцыпы могуць натхніць іншых, сёньня і ў будучыні, у Беларусі і за мяжой. Раскажыце, ў што верыце Вы!

Пішыце на адрас у Беларусі: П/С 111 Менск 220005, у Чэхіі: П/С 44 Vinohradska 1, Praha 110 00

E-Mail: svaboda@rferl.org

Тэлефон-аўтаадказьнік у Менску: 266 39 52
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG