Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ірына Казуліна: “Я веру ў свайго мужа”


Радыё Свабода Ірына Казуліна — удзельніца перадачы “Ў што я веру”

Я веру ў свайго мужа і ў тое, што ён хутка будзе разам з намі.

Я веру ў нашых дзяцей: Вольгу і Юлію, а таксама ў нашага ўнука Ўладзіслава. Яны – сьветлыя і добрыя. Яны – працалюбівыя і мэтанакіраваныя. Я ганаруся імі.

Веру, што Чалавек з’яўляецца на сьвет дзеля радасьці і шчасьця.

Я веру ў тое, што чалавек мае неабмежаваныя магчымасьці. Уся справа ў тым, якія мэты ёсьць у яго жыцьці. На жаль, свае ўнікальныя магчымасьці чалавек дэманструе, у асноўным, калі трапляе ў цяжкія жыцьцёвыя абставіны. У звычайным жа павольным жыцьці гэта ўдаецца нямногім.

Я веру ў Дабро, у тое, што добрымі намерамі, добрымі дзеяньнямі можна зрабіць значна больш, чым злосьцю, агрэсіяй.

Я веру ў тое, што несправядлівасьць, хваробы, другія непрыемныя падзеі ня могуць доўжыцца вечна. Усім пакутам некалі прыходзіць канец. І калі чалавек годна перанёс усе выпрабаваньні, ён набывае больш, чым страціў: ён нарошчвае духоўную сілу, навучаецца цаніць тое, што раней было малазначным.

Я веру ў тое, што ў сям’і толькі шчырыя адносіны, толькі сапраўднае каханьне паміж людзьмі даюць аснову для шчасьлівага жыцьця. Ніякія “разьлікі”, пляны, “сьцерпіцца-зьлюбіцца” ня могуць даць пачатак Сям’і ў лепшым сэнсе гэтага слова.

Я веру ў тое, што няма такога паняцьця, як “выхаваньне дзяцей”. Мы выхоўваем іх штодня сваім жыцьцём, сваёй працай, паводзінамі. І калі табе нешта не падабаецца ў твайго дзіцяці, то шукай гэта ў сабе. Знойдзеш – зразумееш, што рабіць.

Я веру ў тое, што жыву ў найлепшай краіне на зямлі. І я веру ў свайго мужа і ў тое, што ён хутка будзе разам з намі.

*** Ірына Казуліна нарадзілася 19 кастрычніка 1959 году. Скончыла мэханіка-матэматычны факультэт БДУ, дзе і пазнаёмілася са сваім будучым мужам Аляксандрам Казуліным. Працавала праграмістам у НПА “Планар”, потым – ў Рэспубліканскім цэнтры праблем чалавека БДУ. Пасьля заканчэньня Міжнароднай школы бізнэсу і мэнэджмэнту тэхналёгій БДУ працуе маркетолягам ў тым жа Цэнтры.

Ці верыце Вы ў нешта? Што дапамагае Вам жыць? Як і чаму Вы прыйшлі да сваіх перакананьняў? Вашы каштоўнасьці і прынцыпы могуць натхніць іншых, сёньня і ў будучыні, у Беларусі і за мяжой. Раскажыце, ў што верыце Вы!

Пішыце на адрас у Беларусі: П/С 111 Менск 220005, у Чэхіі: П/С 44 Vinohradska 1, Praha 110 00

E-Mail: svaboda@rferl.org

Тэлефон-аўтаадказьнік у Менску: 266 39 52
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG