Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Прэзыдэнцкі праект з гнілой сарцавінай” (1996)


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Агляд публікацыяў у беларускай прэсе ад 20 кастрычніка розных гадоў.

“Беларуская крыніца” на гэтым тыдні 1926 году паведамляе з БССР: “Пастановай 16 мая гэтага году рэарганізавана Беларуская Дзяржаўная і Універсытэцкая бібліятэка ў Цэнтральны Дзяржаўны Кнігасхоў і Бібліятэку Устаноў БССР. Адначасна з пастановай адчынены адзьдзяленьні кнігасхову ў Магілеве і Віцебску. Гэтым актам Беларуская Дзяржаўная Бібліятэка выдзелена ў самастойную адзінку. За час свайго істнаваньня бібліятэка вырасла і цяпер зьмяшчае ў сабе каля 300 тысяч томаў”.

“ЛіМ” на гэтым тыдні 1946 году абрушыўся з крытыкай на верш “Ландышы” Анатоля Астрэйкі: “Кінуўшы дзвюх сваіх жонак з дзецьмі, гэты паэт рынуўся ў амурнае падарожжа, дзе так горача прапаведваў “святое чыстае каханне”, і ўжо паспеў ажаніцца ў трэці раз і, такім чынам, выславіўся ў прымаўцы: “У кожнай вобласці ня толькі ён зямляк, але яшчэ й прымак…” Кепска пахнуць “астрэйкавы ландышы”: ад іх тхне смуродам багемы!”

“Свабода” на гэтым тыдні 1996 году друкуе выступ старшыні Канстытуцыйнага суда Валерыя Ціхіні ў Вярхоўным Савеце: “Прэзыдэнцкі праект Канстытуцыі мае ў сваёй аснове гнілую сарцавіну, таму яго нельга ўдасканаліць, дапрацаваць. Калі гэты праект заўтра зробіцца асноўным законам нашай краіны, мы будзем мець у цэнтры Эўропы дзяржаву з таталітарным рэжымам праўленьня з усімі ягонымі атрыбутамі: у нас будзе “кастрыраваны” парлямэнт, “кішэнны” Канстытуцыйны суд і г.д. Скажыце, паважаныя дэпутаты, хто ў Эўропе будзе пасьля гэтага лічыцца з намі?”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG