Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зянон Пазьняк: “Веру ў сьветлую будучыню Беларусі”


Радыё Свабода Зянон Пазьняк -- удзельнік перадачы "У што я веру"

У што веру? Гэта вельмі важнае пытаньне для чалавека. Бо чалавек, як душэўная істота, ня можа жыць бязь веры. Усё жыцьцё я верыў і веру ў дзьве вышэйшыя існасьці: у Бога —Тварца і Сына Ягонага Ісуса Хрыста і ў сваё прызначэньне. Пазьней я зразумеў, што сваё прадвызначэньне мае кожны чалавек, і кожны агулам гэта ўсьведамляе, але ня кожны яго рэалізуе, бо ня кожны зьвязвае яго з Богам.

Прадвызначэньне ж чалавека зыходзіць толькі ад Бога і злучана толькі з Богам. Але яно ня ёсьць наканаваньнем лёсу гэтак жа, як, скажам, ня ёсьць наканаваньнем талент, які можна разьвіць, але можна і змарнаваць.



Усё жыцьцё я інтуітыўна шукаў сваё дзеяньне, імкнуўся яго рэалізаваць. Мяне ніколі не цікавіла кар’ера, слава і багацьце, а толькі гэтае неакрэсьленае, неасэнсаванае прызначэньне, у якое я верыў, ня ведаючы зьместу, але ўсьведамляючы сэнс. Сэнс, які можна было б абазначыць як ажыцьцяўленьне агульнага ідэалу.



Ці патрапіў я ў сваё дзеяньне? Ці тым займаюся? Мяркую, што часткова, у пэўнай долі, усё ж патрапіў. Але рацыянальна гэта ўсьвядоміў і ўсё прааналізаваў я толькі ў Амэрыцы, калі, прыехаўшы ў Нью-Ёрк, убачыў да дэталяў знаёмыя жудасныя мясьціны, што часта паказваліся мне ў Беларусі ў халодных незразумелых снах.



Я зразумеў, што эміграцыя, мой найцяжэйшы пэрыяд жыцьця, – зьвязанa зь лёсам, сэнс якога мне невядомы.



Вера ў Бога дае для мяне, перш за ўсё, усьведамленьне прысутнасьці вышэйшай справядлівасьці. Гэтае ўсьведамленьне дапамагае захоўваць раўнавагу ў несправядлівых абставінах.



Я часта адчуваю Боскую падтрымку, літасьць і далонь Яго над сабой у канкрэтных паваротах жыцьця. Гэта ўражвае.



Раздумляючы ў катэгорыях Духу, хочацца зразумець мэтафізычны шлях Беларусі, дакладней, Літвы (а ён выяўляецца ў экзыстэнцыйных формах). Разумею — гэта небясьпечныя развагі. Яны ніколі і нідзе яшчэ не набліжаліся да высьвятленьня праўды ў публічным вымярэньні. Але разважаць варта, бо нельга ўсьвядоміць лёс народа, не ўсьвядоміўшы і не зразумеўшы сябе.

Для адных адносіны і абавязак перад Бацькаўшчынай – гэта, каб сплаціць падаткі, для іншых – любоў, для некаторых – форма рэлігіі, для многіх жа – не існуе ніякіх абавязкаў, акрамя вымогаў.



Маё месца ў гэтым пераліку – любоў. Але ў любых абставінах, нават самых неспрыяльных, што б ні здарылася і што б ні было, стыхійна і незалежна ад сваіх думак і разваг, сьвядома і падсьвядома, я заўсёды і ўвесь час верыў і веру ў сьветлую будучыню Беларусі. Інакш ня можа быць. Я ўсьведамляю гэта як Боскую справу, як шлях, на якім толькі змагу рэалізаваць жыцьцёвае сваё прызначэньне.

***

Зянон Пазьняк нарадзіўся 24 красавіка 1944 году ў мястэчку Суботнікі Іўеўскага раёну Гарадзенскай вобласьці. Кандыдат мастацтвазнаўства. Адкрывальнік Курапатаў. Заснавальнік “Мартыралёгу Беларусі” і Беларускага Народнага Фронту. З 1999 – старшыня Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ. Дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі 12-ага скліканьня, старшыня парлямэнцкай апазыцыі БНФ. Адзін з аўтараў Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларусі. У жніўні 1996 году атрымаў палітычны прытулак у ЗША.

Гл. таксама: Івонка Сурвіла: “Я веру ў веру” Мікалай Цімафееў: “Веру, усё ў нас будзе добра” Сьвятлана Длатоўская: "Я веру ў сям''ю..." Уладзімер Арлоў: “Веру ў моладзь, а значыць – веру ў Беларусь” Валянціна Трыгубовіч: "Веру ў неацэнную ролю жанчыны" Андрэй Дынько: “Я веру, што Лушнікаў пераменіцца” "У што я веру": гавораць слухачы “Свабоды” Валянцін Акудовіч: Вялікі Інкогніта Сьвятлана Марэцкая: «Веру ў сапраўднае каханьне» Адам Глобус: “Людзям я ня веру. Я веру сабе" “У што я веру”: гавораць слухачы “Свабоды”
XS
SM
MD
LG