Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОГа” – 1 верасьня


Зьміцер Падбярэскі, Менск Вітаю вас на пачатку каляндарнай восені! 1 верасьня — усю першую частку агляду беларускага сеціва аддамо Дню ведаў

Сайт Міністэрства адукацыі Беларусі зьмяшчае прывітальнае слова міністра Аляксандра Радзькова з нагоды пачатку новага навучальнага года і Дня ведаў: “Першага верасьня гасьцінна расчыняць дзьверы школы, каледжы, ліцэі, акадэміі і ўнівэрсытэты. Для першаклясьніка — гэта шлях, асьветлены мудрымі вачыма свайго настаўніка, які павядзе яго ў цудоўную краіну ведаў. Маленькіх школьнікаў чакае прыемны падарунак, які зрабіў Прэзыдэнт нашай краіны Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, — кніга “Беларусь — наша Радзіма”.

На сайце www.nastaunik.info вы можаце пазнаёміцца з пералікам беларускамоўных дашкольных устаноў Менску. А вось пераліку клясаў і школ з беларускай мовай навучаньня на сайце пакуль няма, паколькі Ўпраўленьне адукацыі Менгарвыканкаму дагэтуль не адказала на запыт, зроблены Таварыствам беларускай школы.

Сайт народных навінаў сёньня знаёміць са станам здароўя першакляснікаў-шасьцігодак у Віцебску. Як паведамляе карэспандэнтка Алена Штраль, сёлета дзіцячая паліклініка №2 рэкамендавала толькі 812 шасьцігодкам пачынаць вучобу ў школе, а гэта толькі 76,6 % ад агульнай колькасьці патэнцыйных першаклясьнікаў. 25 дзетак проста не дарасьлі да адпаведнасьці так званых пашпартных і біялягічных парамэтраў, згодна зь якімі рост першаклясьніка мусіць быць ня меншы за 111 сантымэтраў, а вага большая за 16,5 кіляграмы.

Учора ў суполцы Жывога журналу minsk_by карыстальнік sanitarro напісаў: “Роўненька 10 гадоў таму, згодна загаду начальніка БелГІЭ Ніканава аб прыпыненьні выкарыстаньня перадатчыку на хвалі 101,2 з мэтай спыненьня перашкодаў у прыёмных каналах сыстэмы урадавай сувязі было зачыненае Радыё 101.2. Першы і апошні незалежны мэдыя-праэкт у беларускім FM-этэры. Першая і апошняя беларускамоўная недзяржаўная радыёстанцыя. Адзіная з FM-рэдакцыяў, у якой быў свой выразны твар, а не камэрцыйна выгодная маска”. Сёньня гэтую тэму камэнтуюць аўтары lonely_sandman: “Выдатная была станцыя. Падабалася і мне, які аддае першынство hard style, і бацьку майму... І навіны добра падавалі...”, і нехта partyzan: “Гэта было супэрнае радыё! Я таксама запісваў касэту ў апошні дзень вяшчаньня. Вельмі сумна і крыўдна, што такога радыё больш няма :(“.

Сайт www.moda.by На форуме hanna пытаецца, ці будзе лічыцца яна замужняй жанчынай, калі выйшла замуж у Літве, але там штамп у пашпарт не ставяць, а выдаюць толькі пасьведчаньне? Барыс Леў, юрконсульт парталу diva.by, адказвае: “У тых выпадках, калі шлюбы грамадзянаў Рэспублікі Беларусь з замежнымі грамадзянамі ці асобамі без грамадзянства заключаюцца па-за межамі Рэспублікі Беларусь адпаведна форме шлюба, што ўсталяваны законам месца яго заключэньня, гэтыя шлюбы прызнаюцца сапраўднымі ў Рэспубліцы Беларусь”.

Нават заключаючы шлюбы за мяжой, не забывайцеся дасылаць свае ідэі для “Начной аблогі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 290-39-52 і дасылайце СМС паведамленьні на нумар 391-22-24. “Начная аблога”, Дзьмітрый Падбярэзскі, яшчэ сустэнемся …
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG