Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОГа” – 18 жніўня


Севярын Квяткоўскі, Менск Вы слухаеце “Начную аБЛОГу” – мы блукаем па беларускім сеціве.

На старонцы Таварыства беларускай мовы можна знайсьці ўспаміны Станіслава Судніка пра падзеі 19 жніўня 1991 году. Станіслаў Суднік служыў афіцэрам cавецкага войска ў Казахстане і імкнуўся аб’яднаць вакол сябе вайскоўцаў-беларусаў. Ягоную самвыдаўскую газэту “Рокаш” выпісвалі многія людзі ў БССР. Станіслаў Суднік прыгадвае, як пабачыў сваю справу на стале камандзіра:

“Абвінавачаньне ў нацыяналізьме і “распальваньні антырускіх настрояў”. Абвінавачваюць усе. На маім баку толькі рускі падпалкоўнік Палякоў. Дасье паступіла яшчэ 19-га, але разьбіраліся са мной толькі 23-га. Вось тут на абвінавачаньне ў “антырускіх настроях” я і папрасіў іх знайсьці слова “рускі” ў “Рокашы”. Калі гэта не ўдалося, то найбольш шчасьлівы быў Палякоў. Ага, няма. На ўсякі выпадак начальнік базы палкоўнік Роменскі загадаў па камандзе падпалкоўніку Палякову выданьне газэты “Рокаш” забараніць, што той мне і апавясьціў тут жа. Безумоўна, калі б ГКЧП перамог, гэтай мілай гутаркі не было б. Гутарылі б іншыя і ў іншым месцы”.

На форумах TUT.by абмяркоўваюць праблему зьмяншэньня аб’ёмаў транзыту аўтафураў празь Беларусь. Дальнабойшчыкі гатовыя суткамі стаяць на перапоўненай расейска-латвійскай мяжы, але ня ехаць празь Беларусь. Карыстальнік ShuriKAA мяркуе: “Сярод прычын называюць абавязковае суправаджэньне падакцызных тавараў міліцыяй… Гэта і ёсьць асноўная прычына, бо каштуе такое суправаджэньне $ 350”. Карыстальнік Токкк працягвае: “Савецкія беларусы заўжды адзначаліся “прадпрымальнасьцю”. Калгасная сквапнасьць і дробязнасьць граюць на генэтычным узроўні? Пасквапнічаць на капейку – прайграць на рубель”.

Аглядальнік аналітычнага рэсурсу “Наше мнение” Андрэй Расінcкі крытыкуе пляны дэмакратычных сілаў браць удзел у мясцовых выбарах. Андрэй Расінскі мяркуе, што выбараў у Беларусі ўжо няма, што сыстэма кантролю і фальшаваньня цалкам адпрацаваная. Аўтар піша пра тое, што “замест “інфармаваньня” і “дэлегацтва” патрэбна самаарганізацыя грамадзтва: тысячы лякальных рухаў, аб’яднаных кампаніяй “ВЯРТАЕМ УЛАДУ НАРОДУ”. Гэтае вяртаньне – у патрабаваньнях жыхароў да свайго ЖЭСу, у лякальных акцыях для пабудовы новых дарог, у пратэстах месьцічаў супраць пераназваных вуліц і г.д. Кожная мясцовая праблема зьбіраецца, аналізуецца, дасьледуецца. Дэмакратычныя сілы прапануюць сваё вырашэньне – эканамічнае, юрыдычнае, творчае”.

На старонку інтэрнэт-суполкі сайту блогаў “Жывы журнал” Люстэрка сусьвету ўдзельнікі дасылаюць свае ўлюбёныя цытаты. Тут можна прачытаць развагі літаратара і пэрформэра Ільлі Сіна пра існаваньне ў Беларусі:

“На Беларусі нельга быць інэртным, нельга адпавядаць тым ці іншым сфармаваным без твайго ўдзелу трэндам. З той простай прычыны, што гэтых трэндаў тут папросту не існуе. Нам няма на каго абапірацца. Тут нельга быць прагрэсіўным альбо сьвядома ўвасабляць сабой “учорашні дзень”. Тут нельга быць крытычным адносна папярэднікаў альбо займацца іх цытаваньнем. Тут няма сэнсу дапасоўваць сябе да пэўных актуальных эстэтычных плыняў альбо дэкляраваць ізаляцыянізм. Тут можна проста быць”.

У паэта і мысьляра Алеся Разанава і мастака Віктара Маркаўца зьявіўся сайт Яйкаквадраты. На старонцы можна пабачыць фотавыявы ўсіх мастацкіх імпрэзаў мастацка-канцэптуальнага праекту “Яйкаквадраты”, запачаткаванага ў 1992 годзе. А аматары творчасьці Алеся Разанава таксама могуць зазірнуць на спэцыяльную галінку на сайце Літара, прысьвечаную асобе і творчасьці паэта.

* * * Дасылайце свае ідэі ды лінкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 290-39-52 і дасылайце смс-паведамленьні на нумар 391-22-24. Да сустрэчы ў оф-лайне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG