10 ліпеня, панядзелак
Спрабую адшукаць Алеся Кузьміна, вакаліста легендарнага наваполацкага гурту “Мясцовы час”. Літаральна днямі атрымалі наклад выдадзенага намі дыску, на якім памясьціліся адразу два найлепшыя альбомы гэтай каманды – “Ускраіна” і “Мой дом”. Больш за год цягнулася праца для выданьня альбому. Дызайнам займаўся Кастусь Елісееў, які усё робіць вельмі доўга, але якасна і прыгожа. Дзякуючы настойлівым тэлефанаваньням нарэшце маем прадукт. Хочацца падзяліцца навіною з Кузьміным. Алесь ужо колькі год жыве і працуе ў Нямеччыне. Найлепшы голас-фальцэт айчыннага року, на жаль, аказаўся не запатрабаваны на Радзіме... Як, дарэчы, і за мяжой. Праца Кузьміна не зьвязаная з музыкай.
“Мясцовы час” – гурт, які разам з “Мрояй”, “Новым небам”, “Крамай”, “Улісам” адкрыў для мяне беларускі рок.
“Наша ўскраіна”, “Я жыў”, “Час прысьпеў” – першыя беларускія песьні, што я пачуў на пачатку 1990-х. Аніякіх дыскаў беларускіх гуртоў тады не было. Таму я лавіў песьні на радыё і запісваў на касэту. Атрымліваліся добрыя складанкі. У тыя гады, проста уключыўшы дзяржаўныя радыё- і тэлеканалы, можна было пачуць амаль усе беларускія гурты. І для гэтага непатрэбна было ніякіх 75-ці працэнтаў. Сёньня ж, маючы добры закон пра 75 адсоткаў айчыннай музыкі, не пачуеш ні “Мясцовага часу”, ні “Ўліса”, ні “N.R.V.M”... Гэтыя гурты ня трапілі ў распрацаваны Міністэрствам інфармацыі і культуры сьпіс рэкамэндаваных. Затое трапілі “Корни”, Маісееў, “Ночные снайперы” і іншыя дзеячы, што зьяўляюцца часткай расейскай культуры. Вось такія парадоксы нашага жыцьця.
Кузьміна я так і не адшукаў. Алесь прыехаў у Полацак, але знайсьці яго было нерэальна. Па старым тэлефоне, дзе заставалася жыць яго маці, казалі, што Кузьміны кудысьці зьехалі. “Бацька наваполацкага року” Сяргей Анішчанка-Аніса таксама яго шукаў. Нават былы музыка “Мясцовага часу” Валера Драко нічога ня ведаў. Эміграцыя зьмяняе людзей...
Хацелася расказаць пра выданьне альбому, падумаць пра канцэрт, прэс-канфэрэнцыю, інтэрвію... Але, напэўна, Алесю гэта ўжо нецікава... Праца, сям’я...
У пачатку 90-х я ня мог і ўявіць, што калісьці буду мець дачыненьне да выданьня першага кампакт-дыску сапраўдных зорак, легенды беларускага року – гурту “Мясцовы час”.
11 ліпеня, аўторак
Пабачыў на сайце Радыё Свабода навіну аб чэскай праграме дапамогі моладзі, што была адлічаная з палітычных матываў. Потым – аб праграме Нідэрляндаў, да гэтага аб праграме Польшчы... Асноўны пасыл матэрыялаў – трэба абавязкова запоўніць усе месцы, каб не пакрыўдзіць.
Ня ведаю, як вас, але мяне гэта ўводзіць у шаленства. Салідарнасьць – гэта, вядома, добра. Але складаецца ўражаньне, што хутка выедуць усе студэнты.
Колькі разоў трапляў на ўправу падчас працы з адлічанымі ці тымі, каму пагражае адлічэньне. Праверыць праўдзівасьць фактаў цяжка. З аднаго боку, усё правільна. Заклікаючы людзей выйсьці на плошчы, трэба іх потым ратаваць ад рэпрэсіяў, якія з кожным годам становяцца ўсё больш жорсткімі. Невядома, як сам бы павёў сябе ў такой сытуацыі. Прызнаюся, часам падумваў аб працягу вучобы за мяжой.
З другога боку, упэўнены, што знойдуцца прайдзісьветы, якія скарыстаюцца добрай справай, каб зьехаць адсюль. Як і сотні год таму, Беларусьсю проста карыстаюцца...
Таксама варта зразумець, што большасьць тых, хто паедзе вучыцца, ужо сюды ня вернецца. Нават калі яны самі цяпер шчыра ўпэўненыя ў адваротным. Зь дзясятак маіх знаёмых, шчырых беларусаў, што ехалі падвучыцца, падпрацаваць, ужо сюды не вярнуліся. Яны цяпер ня вернуцца, бо цяпер тут дыктатура, а пасьля ня вернуцца, бо ўжо дэмакратыя, то бо ўсё о’кей. Яны лічаць, што, прапагандуючы і працуючы на Беларусь ТАМ, яны спрыяюць, дапамагаюць тым, хто застаўся ТУТ. Але гэта – лухта. Не праблема зрабіць супэрканцэрт у Варшаве, на галоўнай плошчы, з супэргукам і сьвятлом. Вы паспрабуйце нешта зрабіць тут! Згадаліся песьні “Я нарадзіўся тут” аднайменнага праекту, а таксама “Я памру тут” “Нэйрадзюбэлю”. Чамусьці няма пакуль што твору пад назвай “Я буду жыць, вучыцца, працаваць тут!”.
Таму ня варта цешыць сябе ілюзіямі. Сотні студэнтаў, што едуць па лепшую долю за мяжу, свае веды будуць выкарыстоўваць ня тут. І я буду толькі рады, калі памылюся.
13 ліпеня, серада
Сёньня наведаў друкарню, дзе робіцца кніга “222 альбомы беларукага року і ня толькі...” аўтарства Вітаўта Мартыненкі і Анатоля Мяльгуя. Прыемна бачыць яшчэ не парэзаныя старонкі, пах фарбы... Праца доўжылася некалькі год. За гэты час кніга зьмяніла назву з “100 альбомаў...” на “222 альбомы...”. Таксама з-за кампутарных збояў практычна ўвесь набраны тэкст кнігі зьнік. Што-нішто ўдалося захаваць, а нешта давялося наноў перанабіраць. Кніга ўвесь час разрасталася: выходзілі новыя дыскі, дадалі каляровыя ўклейкі “Гісторыя беларукага року ў плякатах”, зрабілі “Беларускі музычны каляндар”, акорды беларускіх гуртоў і шмат іншага. Цяпер гэта грунтоўны том на 500 старонак, цьвёрды пераплёт. Аповеды пра амаль усе беларускія дыскі, што выходзілі ня толькі тут, але і ў Расеі, Украіне, Чэхіі, ЗША...
Маё знаёмства зь беларускім рокам пачалося з рубрыкі Вітаўта Мартыненкі “Нотны аркуш”, што выходзіла ў “Чырвонай зьмене”. Дарэчы, там жа друкаваўся гіт-парад Радыё Свабода, што Вітаўт паралельна вёў на “Свабодзе”. Першая і адзіная кніга пра беларукі рок, што захоўваецца ў мяне, – гэта “Праз рок-прызму”, што з-за цэнзуры не змагла выйсьці ў Беларусі, а была выдадзеная Беларускім інстытутам навукі і мастацтва ў ЗША. Працяг кнігі пабачыць сьвет ужо на Радзіме.
14 ліпеня, чацьвер
Зраніцы еду ў польскае консульства падаваць дакумэнты для візаў на “Басовішча”. Вязем каля сотні чалавек на фэст. Цяпер чарга па візу – каля месяца. Новыя правілы па фатакартках, таму прыйшлося ўсіх празвоньваць, каб дасылалі “правільныя” фота. Сустракаемся каля консульства зь Віталём Зыблюком, гітарыстам гурту “Парасон” (які мне ня вельмі падабаецца) і ўжо вядомым палітвязьнем Зьмітром Касьпяровічам, што правёў некалькі месяцаў у турме за спробу замяніць няправільны сьцяг на правільны. Дзякуючы перамовам, удаецца вырашыць праблему, і ўсе ахвочыя змогуць трапіць на гэты легендарны фэст у час.
Гэтым разам “Басы”, як іх называе моладзь, пройдуць 21 – 22 ліпеня на традыцыйным месцы. Каля сямі год таму мы пачалі прамаваць гэты фэст у Беларусі. Зьбіралі запісы маладых камандаў для конкурсу, ладзілі адборачныя туры і гэтак далей. “Басовішча” павінна пераехаць сюды, разам зь мясцовымі беларусамі, што цяпер жывуць у Польшчы. Веру, што хутка так і будзе.