Лінкі ўнівэрсальнага доступу

9 чэрвеня: “У Расеі выпалі такія сьнягі, што людзі пачалі нат езьдзіць саньмі”


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Цытаты мінулага – 9 чэрвеня. Што пісалі беларускія газэты ў гэты дзень.

“Беларуская справа”, 1926 год. З Горадні:

“22-га мая 1926 году дэпутат Сойму Белар. Сялянска-Работніцкай Грамады Б.Тарашкевіч зьявіўся да старосты Горадні п.Рогалевіча, просячы дазволу на дэпутацкі мітынг на дзень 23-га мая. Староста адмовіў даць дазвол, і мітынгу не было. Вось табе і перамена ўраду. Ня лепш, як за часоў хіена-пяста! Мяйсцовае насяленьне страшэнна абурана гэтай адмовай”.

“Беларуская крыніца”, 1936 год:

“Газэты падаюць, што на пачатку другой палавіны траўня сёлета наступіў ува ўсей сярэдняй Эўропе, усходняй Украіне і ўсходняй Расеі раптоўны холад з прымаразкамі, сьнегам і градам. У Расеі выпалі такія сьнягі, што людзі пачалі нат езьдзіць саньмі. Гэты холад адбіўся так-жа часткова і на паўднёва-усходніх украінскіх землях”.

“ЛіМ”, 1956 год. Пра тэатар опэры й балету:

“Тэатр вельмі марудна працуе над новымі творамі, якія ёсць у яго партфелі. Неарганізавана ідуць рэпетыцыі оперы “Надзея Дурава” Багатырова, якую тэатр павінен быў паказаць у гэтым сезоне. Зацягнулася падрыхтоўка да пастаноўкі балету “Тарас Бульба”. Не адчуваецца глыбокай зацікаўленасці і да новага балету Туранкова, з клавірам якога ўжо даўно знаёмы калектыў. Вельмі добра, што балетмайстар К.Мулер піша харэаграфічны сцэнарый па паэме Якуба Коласа “Сымон музыка”. Але ні тэатрам, ні Саюзам кампазітараў БССР нічога не зроблена, каб падтрымаць ініцыятыву лібрэтыста”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG