Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыватны дзёньнік – Надзя Старавойтава


Радыё Свабода Новая перадача сэрыі “Прыватны дзёньнік”. Свае асабістыя нататкі мінулага тыдня падае выкладчыца беларускае мовы, дасьледніца даўняе перакладное літаратуры Беларусі, празаік зь Менску Надзя Старавойтава.

14 траўня, нядзеля

На лецішча сёньня не паехала, хоць і надта карцела. Па-за Менскам цяпер буяе вясна. Буяе напоўніцу. Убіраецца ў сок першая кволая зеляніна, бялюткім раўнюткім кілімам квітнеюць пралескі ды залозьнік, шалеюць у шчасным пошчаку салаўі — невыславёнае суладзьдзе водараў і гукаў! Але пакуль маю толькі адзін вольны дзень, а хочацца шмат чаго пасьпець. Маці засталася без таварыства й праз тое крыху пакрыўдзілася.

Зірнуўшы на каляндарык улюбёнага Радыё, што заўжды ляжыць у мяне пры клявіятуры, прыгадала, які сёньня дзень: 14 траўня. Дзень, калі ў 1995 годзе спляжылі нацыянальную сымболіку. Цудоўна памятаю той час. Я вучылася на другім курсе філфаку, блізіўся сэсійны прыпар. Па занятках, разьвітаўшыся зь сябрамі, я кіравала да Купалаўскай, у мэтро. Здалёк пабачыла, як здымалі Пагоню. Было такое адчуваньне, нібы ад мае душы наўпрост адарвалі акурат тую часьцінку, безь якое аніяк ня можна жыць. Такое гнюснае адчуваньне, калі ручаіны сьлёз душаць да нематы, прыпыняюць рытмы сэрца, перацінаюць подых, бывае толькі ад сьведамленьня несправядлівасьці, зь бездапаможнасьці й крыўды. Ганебная дата ў найноўшай гісторыі, прыкрая ці ня кожнаму беларусу. І гэта ня будзе перабольшаньнем, бо зачапіла амаль кожнага — усьвядомлена гэта было ім, ці не. Кранае й да сёньня. Часам зьдзіўляюць сучасныя студэнты, мазгі якіх ужо добра прапалаканы. Прыкладам, учора. Трэ’ было штось напісаць на дошцы — а яе напалову закрываў белы экран. Падышла, каб шмаргануць матузок, а група застагнала: “Ня трэ-э-э-ба!” Але экран пабег ужо ўгару, а пад ім — “зялёны ліст, чырвоны цьвет”. Вось табе й любоў народная!

15 траўня, панядзелак

На працы нічога выбітнага. Калі не лічыць таго, што дыспэтчарка чарговы раз сарвала заняткі. Некаторыя мэтадысты ў нас почасту робяць накладкі з парамі ды аўдыторыямі, праз што да высьвятленьня прападае з паўгадзіны каштоўнага часу. А студэнты й рады! Як можна так працаваць? Відочна, прасьцей прадаваць шмацьцё праз тэлефон, чымся пераправерыць сябе, парупіцца наконт якасьці сваёй працы! Адным словам, разьдзяўбайства — яно ва ўсім разьдзяўбайства. “О, як далёка нам яшчэ да Беларусі!”

Ідучы дадому пасьля працы, сутыкнулася з “ахоўнікамі парадку” — прыгадала суботняе відовішча. На трамвайным прыпынку Дарашэвіча, што па вуліцы Якуба Коласа, бачыла “чароўнае кола”: міліцыянты, а разам зь імі самыя звычайныя маладзёны ў цывільным пасталі кружма ды гэтак, траха не скамянеўшы, з паўгадзіны чакалі на транспарт. Маю ўвагу прыцягнулі маладзёны ў цывільным: на грудзёх у іх былі пачэплены нейкія дзіўныя бэджыкі зь дзяржаўнай сымболікай ды надпісам, здаецца, “ОМОД” (апошнюю літару не разгледзела добра, але гэта дакладна ня “Н”), на руках — чырвоныя павязкі дружыньнікаў. Ат, пацеха, як на сьвятога Вайцеха: моднае ўбраньне ў спалучэньні з азначанымі цапстрыкамі! Цікава, гэта што, на ўсіх ужо й формы не хапае?

Увечары сустрэла знаёміцу — зусім далёкі ад беларушчыны ды ад філялёгіі чалавек. Яна абуралася зь непісьменнасьці нашых бігбордаў: маўляў, чаму ў фразе “Красуй Беларусь!” коскі не паставілі?! “Відаць, фарбы не хапіла, ці яшчэ чагосьці…”, — вынікавала цётухна.

16 траўня, аўторак

Апоўдзень. Хачу распрацаваць сёньня праекты дыплёмаў для факультатыву “Радзімазнаўства”. Сёлета наш першы выпуск: на прасторы жыцьця ідзе пяты курс. Гэта сонечная моладзь. Часам яны самі дзівуюцца сваёй стойкасьці: пяць гадоў, штотыдзень, у маразы й сьпёку, не пад’еўшы як сьлед па занятках, сьпяшаюцца пачуць роднае слова. Вось толькі трымаемся на чыстым энтузіязьме (нават калегі зьдзіўляюцца, як гэта можна працаваць са студэнтамі бескарысьліва!): эканамічны ўнівэрсытэт нас упарта не заўважае, ня лічачы пэрыядычнага зьяўленьня задужа цікаўных студэнтаў. Такія ходзяць да нас, як на працу: так, бедачыскі, напружваюцца, каб сьцяміць, пра што гаворка, усё нешта шукаюць, ды ніяк ня знойдуць. Відаць, саміх сябе! Шкада іх… Ня так даўно адна такая, пачуўшы песьню “Ой, там, на таку, на майдане жонкі мужыкоў ды прадавалі”, запыталася: “Вы сьпявалі песьню пра Майдан, а ці былі там? А хто быў?”. Во дзе сапраўдная млявасьць!

Адвячорак. Дыплёмікі атрымаліся цудоўныя. А да іх — праект невялічкае дыплёмнае працы. Мо’ здолеем паставіць урывачак са старабеларускага “Трышчана”? Тэксты ё. Неяк узімку студэнты гэта ўхвалілі. Трэ’ будзе нагадаць.

17 траўня, серада

Сёньня на катэдры была бяседа — юбілей у калегі. Прыемнага мала: банальныя тосты ды ежа, што лезе праз вушы, даўнія савецкія шлягеры ды нязграбныя скокі “ў колцы” пад гукі нясьцерпнае расейскае папсы. А я павіншавала чалавека беларускай песьняй пра “Варэнічкі”! Гэта быў невялічкі прарыў, глыток жывога паветра. Ці не ўпершыню калегі й каляжанкі падпявалі па-беларуску. Я адчувала водгук па-за песьняю, але быў ён нейкі сьцяты, надта стрыманы, нават у чымсьці пераляканы. Дык хіба ж і дзіва ў атмасфэры татальнага запалохваньня? Слова “Спадар” не ўжываць!, прыкрасу з ручніковымі карункамі — найдаражэйшую спадчыну Спадарыні Зоры Кіпель — у межах унівэрсытэту не насіць!, на занятках — аніякага “нацыяналізму”, бо за вамі пільна сочаць!.. І так паўсюдна. Мой бажок, хоць ты таўруй сучасьніку лоб словамі дзядзькі Коласа: “У істоце кожнага страху ляжыць нашае няведаньне, нашая цемната”. А замест бязглуздых татуяванак — расьпісаць бы цела радкамі Караткевіча: “Рабі нечаканае, рабі, як ня бывае, рабі, як ня робіць ніхто, — і тады пераможаш. Нават калі ты слабы, як камар пасярод варожага мора. Таму што толькі дурні разважаюць заўсёды па правілах здаровага сэнсу. Таму што чалавек толькі тады чалавек, калі ён дзёрзка рве панылае наканаваньне й плюе на “спрадвечны” закон”.

18 траўня, чацьвер

Зранку катэдра праводзіла “алімпіяду” па беларускай мове. Дзеля галачкі. Задачкі — самая звычайная кантрольная ды беларусазнаўчы тэсьцік. Але вось самае цікавае: усім удзельнікам не хапіла месца, бо не было вялікшае аўдыторыі. Дык “лішніх” проста… прагналі з “алімпіяды”! Дзеці страшэнна пакрыўдзіліся. Яны былі згодны пісаць хоць на падваконьні, стоячы ўсю пару! Яны так прасіліся… Але ім не дазволілі: правяраць меней будзе (абы не рабіць ні халеры!). Пазьней мае студэнты сказалі: “Ну, і ў каго за такім стаўленьнем будзе жаданьне вучыць беларускую мову?”

Па абедзе даведалася, што мой дапаможнік прайшоў рэдакцыйна-выдавецкую раду. Як цудоўна!!! Калі так Богу ўпадабаецца, — кніга выйдзе. Колькі цэнзуры ў ёй парабілі, умешваліся нават у чыстую лінгвістыку! Прыкладам, рабілі замах нат’ на такія словы, як каня: “Студенты по-русски не знают, кто такая «пигалица», а вы их «каняй» пугаете! Ничего, кроме отвращения к языку нечастотные слова не вызовут». Нечастотныя словы – гэта, паводле калег-рэдактараў, уся безэквівалентная лексіка. Так, хай студэнты замест паэтычнае “крушні” кажуць “куча камянёў”! Ну вядома ж, “спыніцца прасьцей”… Але ў мяне ўвушшу заўжды гучаць словы Караткевіча, яны ў самой вытканы пад скураю: “…рабі, як ня робіць ніхто, — і тады пераможаш”. Пакуль адстаяла і каню, і крушню, і багата іншых жывых, цікавых слоўцаў ды фраз. Што будзе далей? Памажы, Божа!

А 18.30 была на вечарыне ў Доме літаратара, на якой “дзеяслоўцы” ўручалі прэмію “Залаты апостраф”. Выступалі намінанты, Ніл Гілевіч, барды, паэты — неверагодная энэргетыка, суцэльная насалода, чаканая спатоля! Эстэтыка “Дзеяслова” — нібы знак якасьці, азнака высокага прафэсіяналізму. Дзіўна, што я ніколі не давала туды сваёй прозы. Цікава, ці возьмуць?.. Акрыленая прыйшла дахаты й хутчэй за працу. Мой сябра кпіць зь мяне: “Цябе калі-небудзь знойдуць пад кампутарам!” Але пасьля такіх сустрэч узьнікае асаблівае натхненьне. Зьяўляецца столькі сілы — наноў пісаць, рабіць нечаканае ды “біць па мазгах”! І, мажліва, тады акурат новы дзень і адбудзецца, як пісаў Гюго: “Ні адна армія ня зможа перамагчы ідэю, час якое прысьпеў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG