Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Вера Церлюкевіч


Уладзімер Арлоў, Менск 1941, в.Новы Барок, Краснапольскі раён – 31.12.2000, Менск

Яшчэ й цяпер, праз пяць гадоў пасьля яе зыходу ў нябесную Беларусь, позірк міжволі шукае Веру Церлюкевіч падчас апазыцыйных акцыяў. Знайсьці яе на Дзень Волі, на Чарнобыльскім шляху або на Дзяды зазвычай можна было наперадзе, усьмешлівую, упэўненую, зь бел-чырвона-белым сьцяжком або з кветкамі гэткіх жа колераў.

Яна нарадзілася на Магілёўшчыне, у вёсцы, якая пасьля Чарнобыльскай катастрофы зьнікла з мапаў.

Доўгія гады гэтая сялянская дачка зусім ня волатаўскага целаскладу працавала там, дзе не заўсёды вытрымліваюць і мужчыны, – кранаўшчыцай у ліцейным цэху Менскага трактарнага заводу. У першы ж дзень рабочых красавіцкіх страйкаў 1991-га Вера Церлюкевіч зь яе абвостраным пачуцьцём справядлівасьці стала адным з галоўных арганізатараў пратэстаў на трактарным. Гэта быў паваротны момант яе жыцьця.

У другой палове 90-х Вера Максімаўна напоўніцу зьведала тое, што й тысячы нашых суайчыньнікаў, якія сталі на шлях барацьбы з рэжымам, – звальненьне з працы, арышты, правакацыі і зьбіцьцё тымі, каго ўлада называе ахоўнікамі правапарадку. Пад час вулічных апазыцыйных акцыяў яна нязьменна апыналася ў самых гарачых кропках і зазвычай выратоўвала кагосьці проста з рук разьятраных спэцназаўцаў.

Чалавеку, зь яе бескампрамісным характарам у нашым грамадзтве было няпроста заробіць сабе на хлеб. З палітычных матываў Веру звольнілі нават з пасады прыбіральшчыцы ў кавярні, уладальнік якой быў зацятым лукашыстам. Пасьля гэтага яна мыла вокны ў мэблевай краме і аднойчы, упаўшы зь верхатуры, зламала абедзьве рукі. Але Церлюкевіч была з тых, каго не маглі зламаць ні зьняволеньні, ні хваробы, ні нястача. Суседка Вольга Бабкова адзначае і такія адметныя Верыны якасьці як яе нязводны альтруізм і бяссрэбніцтва. Са сваіх мізэрных заробкаў яна купляла дзецям знаёмых пірожныя.

Веру Максімаўну хавалі пад бел-чырвона-белымі сьцягамі. У вялікай жалобнай працэсіі ішлі ня толькі сябры Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ, да якой яна належала, але і многія іншыя - тыя, каму простая работніца Церлюкевіч дала яскравы прыклад ахвярнасьці і непераможнай веры ў Беларусь.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG