Лінкі ўнівэрсальнага доступу

7 гадоў таму памёр Генадзь Карпенка – успаміны сяброў і паплечнікаў


Радыё Свабода Сем гадоў таму заўчасна пайшоў з жыцьця Генадзь Карпенка — адзін з найбольш таленавітых лідэраў беларускай апазыцыі. Цікавасьць у грамадзтве да гэтае асобы застаецца.

Генадзь Карпенка памёр на 50-м годзе жыцьця. Паводле мэдычнага дасьледаваньня, — у выніку інсульту. Шмат хто ў Беларусі, аднак, лічыць гэтую сьмерць загадкавай. І ня толькі таму, што спадар Карпенка ня скардзіўся на дрэннае здароўе.

Увесну 1999 году Карпенка стаў прызнаным лідэрам апазыцыі, зь ягоным імем зьвязваліся надзеі на вяртаньне краіны на дэмакратычны шлях. Раптоўная сьмерць надоўга абрынула гэтыя надзеі — лічыць аднадумца палітыка, намесьнік старшыні АГП Аляксандар Дабравольскі. Ён прыгадвае чалавечыя рысы Генадзя Карпенкі.

(Дабравольскі: ) “Менавіта такіх людзей заўсёды й не хапае. Ён быў разважлівы, але адначасова й рашучы. У пэўных пытаньнях — радыкальны. Але вельмі добра прадбачыў, чым могуць скончыцца ягоныя дзеяньні”.

Чалавек, навуковец і палітык Генадзь Карпенка запомніўся яркімі ўчынкамі: дзьвюма навуковымі дысэртацыямі, рэформай мясцовага самакіраваньня ў Маладэчне, заснаваньнем палітычнай партыі “Згода”, кіраўніцтвам ценявога ўраду, нават публічнай аплявухай рэдактару дзяржаўнай газэты за зьнявагу гонару. Паводле назіральнікаў, у 1994 годзе Карпенка займеў рэальны шанец быць абраным на прэзыдэнта, але з прычыны міжпартыйных непаразуменьняў ён ня вылучыўся кандыдатам. Экс-дэпутат ад фракцыі “Грамады” Віктар Алампіеў цяпер шкадуе пра свой удзел у тых падзеях.

(Алампіеў: ) “Была дамоўленасьць зь ягоным штабам, што мы зьбіраем подпісы за яго, а яны — за Шушкевіча. Нагадаю: тады вылучацца кандыдатам на прэзыдэнта можна было й ад групы дэпутатаў. Але калі падвялі балянс, аказалася, што мы подпісы сабралі, а яны гэтага не зрабілі. Вось тады “грамадоўцы” адклікалі свае подпісы й не далі яму магчымасьці ўдзельнічаць у прэзыдэнцкай кампаніі. Гэта быў такі змрочны эпізод. Я пра тое шкадую, але так было”.

Праз два гады, калі Генадзь Карпенка быў намесьнікам старшыні Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня, менавіта ён накіроўваў працэс імпічмэнту Аляксандра Лукашэнкі. Экс-дэпутат Андрэй Клімаў згадвае, што Генадзь Карпенка добра разумеў, чым рызыкуе, але кіраваўся законам.

(Клімаў: ) “З Генадзем мы сябравалі. Ён быў карэктным чалавекам, які не навязваў нікому сваіх поглядаў. Папросту аднойчы ён мне паказаў дакумэнты, якія сьведчылі пра злачынствы, што творацца пад дахам гэтага рэжыму. Безь яго я не зразумеў бы гібельнай сутнасьці рэжыму”.

Якую краіну будаваў бы Генадзь Карпенка, калі б стаў прэзыдэнтам? Бліжэйшыя ягоныя паплечнікі, Юры Захаранка й Віктар Ганчар, ня могуць адказаць на гэтае пытаньне: яны бясьсьледна зьніклі — адзін празь месяц, другі праз паўгоду пасьля сьмерці палітыка. Аляксандар Дабравольскі адказвае наступным чынам.

(Дабравольскі: ) “Мяркую, перш за ўсё, ён хацеў зьмяніць адносіны ўлады да чалавека. Але й адносіны людзей адзін да аднаго таксама. Пра ўладу зразумела: мы ўсе бачым, як яна не паважае міністраў, ня тое каб усіх людзей. Але й паміж простымі людзьмі ня ўсё добра. Гэта міт, што беларусы талерантныя. Цяпер беларусы, зь нейкага загаду зьверху, шукаюць ворагаў паміж сабой. Вось гэта хацеў зьмяніць Генадзь Карпенка”.

Сёньня на Маскоўскіх могілках у Менску, дзе пахаваны Генадзь Карпенка, ягоныя сябры й сваякі ўсклалі кветкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG