Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвятары на Кастрычніцкім пляцы ў Менску 19-25 сакавіка


Сяргей Абламейка, Прага Гэтымі днямі Радыё Свабода атрымлівае шмат слухацкіх тэлефанаваньняў і СМС-паведамленьняў, у якіх людзі просяць расказаць аб удзеле сьвятароў у падзеях на Кастрычніцкім пляцы ў Менску.

(Слухач: ) "Вітаю Вас, шаноўныя! У сутычцы ў каньёне ля бэтоннага чыгуначнага моста ў Менску 25-га побач з Казуліным былі два праваслаўныя сьвятары. Хацелася б пачуць ад Вас пра іх, хто яны – з аўтакефальнай царквы ці нешта іншае, і даведацца, чым скончылася гэтая сутычка для гэтых двух сьвятароў, ці паднялася на іх першабытная дубіна ардэнаносца беларускай праваслаўнай царквы".

Сьвятарамі, пра якіх пытаецца наш слухач, былі прадстаўнікі незарэгістраванай Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай царквы на бацькаўшчыне – так яны самі сябе называюць. Гэта айцы Леанід Акаловіч і Вікенцій Кавалькоў. Адразу пасьля падзеяў 25 сакавіка зьявілася інфармацыя, што старэйшы са сьвятароў, айцец Леанід Акаловіч, затрыманы, асуджаны і знаходзіцца ў турме. Я, аднак, знайшоў айца Леаніда дома. Вось як ён расказвае пра свой удзел у шэсьці прыхільнікаў пераменаў на Акрэсьціна:

(Акаловіч: ) “Я, айцец Леанід Акаловіч, і сьвятар нашай Аўтакефальнай Праваслаўнай беларускай царквы айцец Вікенцій Кавалькоў удзельнічалі ў Дні Волі і наогул амаль усе дні ў намётавым гарадку, дзе мы маліліся за пасланьне міласьці ласкі Божай, і дзе я асьвячаў намёты. тым больш, мы не маглі ня ўзяць удзелу ў шэсьці на Дзень Волі і паходзе да турмы на Акрэсьціна. Мэтай было памаліцца за нявінна пакараных людзей. Але, на жаль, нас не дапусьцілі, у перамовах мы мусілі патраціць колькі хвілінаў у дэлегацыі разам з Казуліным, але перамовы нічога не далі, і чарнасоценцы гэтыя наваліліся на нас цэлаю зграяю, і дубінкамі пачалі малаціць. Айцец Вікенцій і я, мы атрымалі пабоі – па галаве, па грудзях, па нагах. Я страціў на пэўны час прытомнасьць, Вікенцію разьбілі мабільны тэлефон. Гэта было вялікае процістаяньне, і яно скончылася такім чынам, што мы цяпер вымушаныя адлежвацца і лячыць тыя сінякі, якія мы атрымалі”.

(Абламейка: ) "Айцец, Леанід, якую менавіта царкву вы прадстаўляеце? Нашыя слухачы пытаюцца аб гэтым"

(Акаловіч: ) "Мы прадстаўляем Беларускую Праваслаўную Аўтакефальную царкву на Бацькаўшчыне, якая існуе здаўна, і ўжо болей як 10 гадоў як мы ўзнавілі гэтую царкву і працягваем маліцца за нашу Бацькаўшчыну на роднай мове. Нам, на жаль, забараняюць набажэнствы, штрафуюць, разбураюць нашыя цэрквы, не даюць аднаўляць тыя храмы, якія мы аднаўлялі. Тым ня менш мы займаемся духоўнай дзейнасьцю сярод тых беларусаў, якія жадаюць маліцца на роднай мове".

(Абламейка: ) "У якой вы юрысдыкцыі?"

(Акаловіч: ) "У юрысдыкцыі, якая ў нас і была. Мы застаёмся з тымі, хто нас падтрымлівае. Гэта юрысдыкцыя Амэрыканскага Сусьветнага патрыярхату архіепіскапа Юрыя Рыжага".

Гаварыў сьвятар незарэгістраванай Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай царквы на бацькаўшчыне айцец Леанід Акаловіч. Зьбіты спэцназаўцамі, ён, паводле яго словаў, адлежваецца цяпер дома.

Прадстаўнікі незарэгістраванай аўтакефальнай царквы не былі адзінымі сьвятарамі на Кастрычніцкім пляцы ў Менску. Падчас тыднёвага пратэсту прыхільнікаў пераменаў на пляцы багаслужбы адпраўлялі і каталіцкія ксяндзы, і грэка-каталіцкія або ўніяцкія сьвятары, і пратэстанцкія пастары. Нават з Расеі прыяжджаў адзін манах-езуіт, беларус з паходжаньня. Сярод арыштаваных удзельнікаў пратэсту ёсьць дзеці сьвятароў.

У сераду 22 сакавіка нам у праскую рэдакцыю Радыё Свабода з Афрыкі, з краіны Зімбабвэ пазваніў беларускі ксёндз Юры Барок. У 2000 годзе ён браў удзел у адзначэньні Дня Волі на пляцы Якуба Коласа ў Менску, калі было затрымана каля 500 чалавек. Ксёндз Барок кінуўся тады бараніць чалавека, якога нагамі зьбіваў амонавец. У выніку айцец Юры быў сам затрыманы і адседзеў некалькі дзён у турме на Акрэсьціна. Пазваніўшы ў праскую рэдакцыю, ён папрасіў перадаць у эфіры яго зварот да жыхароў намётавага гарадку на Кастрычніцкім пляцы ў Менску. Мы гэты зварот перадалі 23 сакавіка, і цяпер маем магчымасьць паўтарыць яго для нашых слухачоў.

(Барок: ) "Я хачу зьвярнуцца да людзей, якія знаходзяцца на Кастрычніцкай плошчы, таму што ўпэўнены, што там вельмі шмат маіх сяброў з Магілёва, з Горадні, зь Менску, зь Віцебшчыны. Я дасылаю ўсім вам вялікае прывітаньне і хачу сказаць, што я з вамі. Мне вельмі радасна, што вы змагаецеся супраць гэтай дыктатуры, змагаецеся за свабоду, за пасланьне Эвангельля. Я веру, што калі Бог ёсьць на Беларусі, дык сёньня Ён абавязкова на Кастрычніцкай плошчы разам з вамі і радуецца разам з вамі, таму што распазнае ў вас свайго духа – гэтага жаданьня жыць свабодай. Мне цяпер прыгадваюцца словы сучасьніка Шылера і Гётэ Гёльдэрліна, які сказаў, што калі чалавек марыць, ён падобны да Бога. І таму я заклікаю вас: не паддавайцеся, змагайцеся да канца і марце пра свабоду, пра незалежную Беларусь, дзе паважаюцца правы чалавека, дзе ёсьць салідарнасьць, дзе ёсьць сяброўства. Сёньня вы ўсе падобныя да Бога. Хай Ён вас блаславіць і надасьць вам сілаў! Мы пераможам! Беларусь будзе свабоднай!”

Гэта быў зварот беларускага ксяндза Юрыя Барка да жыхароў намётавага гарадку на Кастрычніцкім пляцы ў Менску. Ксёндз Юры Барок працуе цяпер місіянэрам у афрыканскай краіне Зімбабвэ.

Ну а сам намётавы гарадок, які пратрымаўся чатыры дні і чатыры ночы, меў нават свайго капэляна. Ім быў манах Ордэну марыянаў айцец Андрэй Сідаровіч з Воршы. Ён зьяўляецца каталіцкім сьвятаром-бірытуалістам, гэта значыць, служыць адразу ў двух абрадах – лацінскім і грэка-каталіцкім. Айцец Андрэй апякуецца ў Воршы дзьвюма парафіямі – рымска-каталіцкай і грэка-каталіцкай. Цяпер ён адбывае 10-сутачны тэрмін зьняволеньня ў Жодзінскай турме.

Больш падрабязна пра айца Андрэя Сідаровіча мы папрасілі расказаць ягонага сябра, таксама каталіцкага сьвятара і манаха-марыяніна айца Алеся Жарнасека.

(Жарнасек: ) "Айцец Андрэй нарадзіўся ў Вільні, нейкі час там жыў – можа, гадоў 12. Пасьля вярнуліся сюды ягоныя бацькі, пад Маладзечнам яны жылі недалёка. Вучыўся ён у Барысаве, скончыў, калі не памыляюся, пэдагагічны коледж. Тут, у Барысаве, ён навярнуўся, спазнаў Госпада і ўступіў у Ордэн айцоў-марыянаў. Год пастуляту, навіцыяту, шэсьць гадоў сэмінарыі – я зь ім вучыўся разам на адным курсе, так што разам былі высьвечаныя мы з айцом Андрэем. Цяпер ён працуе ў Воршы, зьяўляецца вікарыем. Апрача гэтага ён – мой сябра".

(Абламейка: ) "У намётавым лягеры як ён апынуўся – яго моладзь запрасіла памаліцца?"

(Жарнасек: ) "Цяжка сказаць. Я думаю, што зь перакананьня".

(Абламейка: ) "Ён беларускі патрыёт і служыць па-беларуску?"

(Жарнасек: ) "Канечне. У касьцёле імша па-беларуску адпраўляецца, хаця ёсьць недзе і па-польску, на Гарадзеншчыне асабліва, але ён – па-беларуску".

(Абламейка: ) "Ён яшчэ апякуецца грэка-каталіцкай парафіяй у Воршы?"

(Жарнасек: ) "Так, ён зьяўляецца яе апекуном. І вядома, што мае сымпатыі да абраду грэка-каталіцкага, для яго гэта таксама важна".

(Абламейка: ) "Пойдзеце сустракаць сябра зь вязьніцы?"

(Жарнасек: ) "Канечне. Думаю, тут зьбяруцца яшчэ некалькі знаёмых ці сяброў. У ноч зь нядзелі на панядзелак а 3-й уначы яго павінны выпусьціць".

Да расказу айца Алеся Жарнасека пра капэляна палатачнага гарадку на Кастрычніцкім пляцы айца Андрэя Сідаровіча я дадам, што ў Беларускай грэка-каталіцкай царкве кожны год 25 сакавіка – Дзень асаблівай малітвы за Беларусь і беларускі народ. І вось якраз у суботу 25 сакавіка сёлета айцец Андрэй Сідаровіч меўся служыць у Чырвоным касьцёле ўрачыстую Літургію для дзьвюх менскіх уніяцкіх парафіяў з нагоды 25-га сакавіка. Затрыманьне і суд не дазволілі яму гэтага зрабіць.

У некаторых званках на “Свабоду” слухачы ставяць пытаньне пра салідарнасьць сьвятароў і царквы са сваім народам. Вось адно такое тэлефанаваньне.

(Слухач: ) "Паважаная Свабода! Ва ўсіх рэлігіях сьвятары ў цяжкія часіны знаходзяцца са сваім народам і духоўна падтрымліваюць яго, змагаюцца за свой народ. Сьвятароў Рускай праваслаўнай царквы не было ў намётавым гарадку, сярод дэманстрантаў. Палкоўнік Паўлічэнка падазраецца ў дачыненьні да зьнікненьня Захаранкі, Ганчара, Красоўскага ды іншых. Патрыяршы экзарх Беларусі Філярэт узнагародзіў яго, падазраванага. 25 сакавіка, на Дзень Волі, Паўлічэнка кіраваў зьверскім зьбіцьцём мірных дэманстрантаў. Лічу, што гэтым ён заслужыў чарговую ўзнагароду Філярэта. Не забудзьцеся ўзнагародзіць пры гэтым Ярмошыну і вельмі любімага Вамі праваслаўнага атэіста Лукашэнку. Я перастаў наведваць царкву, бо там увесь час гучыць "Господи, благослови". На мове майго народу слова "блага" азначае "дрэнна", "кепска". Можа, мы і атрымліваем ад Бога тое, чаго просім на чужой для сябе мове? Задумаемся, шаноўнае спадарства. Жыве Беларусь!"

Адказ нашаму слухачу у сваім рэпартажы дае мой калега Аляксандар Уліцёнак. Ён пацікавіўся пазыцыяй Беларускага экзархату Рускай Праваслаўнай царквы ў справе палкоўніка Паўлічэнкі.

(Уліцёнак: ) "Прэсавы сакратар мітрапаліта Менскага і Слуцкага Андрэй Петрашкевіч пазыцыю праваслаўнай царквы ахарактарызаваў наступным чынам:"

(Петрашкевіч: ) "Ніякіх афіцыйных камэнтроў не было, таму што ў іх не было патрэбы. Рашэньнем Сіноду праваслаўнай царквы палітычная агітацыя, прапаганда ў якім заўгодна выглядзе ў царкве забаронена".

(Уліцёнак: ) "Сытуацыю з тым, што ўзнагароджаны Царквою Паўлічэнка камандаваў разгонам мірных дэманстрантаў, сп.Петрашкевіч падае так:"

(Петрашкевіч: ) "Маё прыватнае меркаваньне: чалавек "служывы", ён павінен выконваць загад, часам, ня надта раздумваючы над тым зьместам, які ў яго ўкладаюць тыя, хто загад аддае. Што да яго ўзнагароджаньня, то ён выявіў усе якасьці як хрысьціянін, як чалавек і як службовая асоба, якія далі магчымасьць Царкве ўзнагародзіць яго ордэнам за будаўніцтва храма".

(Уліцёнак: ) "Незадоўга да свайго арышту лідэр АГП Анатоль Лябедзька прапанаваў Філярэту забраць у Паўлічэнкі ордэн – за зьбіцьцё перад усебеларускім зьездам А.Казуліна. Вось цытата з гэтага звароту: "Расейская Праваслаўная царква павінна клапаціцца пра свой аўтарытэт. Гэта грэх – падтрымліваць і заахвочваць такіх, як Паўлічэнка". Адказу Анатоль Лябедзька не дачакаўся".

І яшчэ адно з вашых тэлефанаваньняў. Гэта адзін з многіх званкоў, дзе слухачы зноў і зноў пытаюцца пра рэакцыю царкоўнага кіраўніцтва на разгон мірнага шэсьця на праспэкце Дзяржынскага.

(Слухачка: ) "Паважаная Свабода! Чаму Філярэт, які не адыходзіць ад прэзыдэнта, ня выступіў у абарону народа? Мяркуючы паводле ягонага маўчаньня, ён надзвычай салідарны з прэзыдэнтам. Дык вось я хацела б працягнуць сьпіс яшчэ на аднаго чалавека – на спадара Філярэта. А дзень 25-га сакавіка прапаную назваць "крывавай суботай".

Афіцыйных камэнтароў нам атрымаць не ўдалося, і таму мы вырашылі правесьці апытаньне на вуліцах Менску на тэму: чаму, на Вашую думку, кіраўніцтва найбуйнейшых беларускіх цэркваў – Праваслаўнай і Каталіцкай – не рэагуе на арышты сьвятароў і зьбіцьцё дэманстрантаў?

(Спадарыня: ) “Ведаеце, я ў кіраўніцтва й спыталася б. Увогуле, стала вельмі цяжка хадзіць у праваслаўную царкву. Мы зразумелі, што праз нашае сумленьне нябёсы, Бог – маюць з намі стасункі. А што робіцца там, дзе служкі й офісы, мы ня ведаем. Але гэтыя паводзіны кіраўнікоў канфэсіяў – яны ж усё роўна будуць прааналізаваныя”.

(Карэспандэнтка: ) “Як Вы лічыце, чаму кіраўніцтвы канфэсіяў маўчаць пра затрыманьне сьвятароў?”

(Спадарыня: ) "Я ня ведаю чаму яны маўчаць, бо гэта непарадак, калі бяруць людзей веруючых і ў сьвятарскім адзеньні. Мне падаецца, што гэта ўвогуле недапушчальна, і на месцы ўладаў я бы падумала, перш чым такое рабіць".

(Юначка: ) “Бо ў Бібліі як напісана: калі цябе ўдарылі па адной шчацэ, то падстаў другую – я думаю, таму”.

(Юнак: ) “Там былі сьвятары, якія падтрымлівалі апазыцыю. Ці гэта была іхная прыватная пазыцыя, ці гэта пазыцыя бальшыні сьвятароў – я ня ведаю. Але ў мяне склалася ўражаньне, што такія перакананьні мае большасьць сьвятароў. І чаму ўсе астатнія маўчаць, я ня ведаю, магчыма, чакаюць чагосьці”.

(Спадарыня: ) “Бо ў нас Філярэт свой герой Беларусі, а таму й маўчыць. Ліжуць адно месца кіраўніцтву нашаму, але што зробіш, калі ў нас гэткая дзяржава, не хачу брыдкасловіць”.

(Юнак: ) “Гэта дзяржаўная царква маўчыць, бо яны ж, па-мойму, за дзяржаўныя грошы жывуць і працуюць. А калі дзяржава перастане падтрымліваць, дык што тады?”

(Карэспандэнтка: ) “Чаму кіраўніцтва цэркваў маўчыць пра затрыманьні?”

(Спадар: ) “Таму, што нікому ня хочацца сварыцца зь дзейнай уладай, якая невядома яшчэ калі сыдзе. І нікому ня хочацца, каб іхную царкву забаранілі”.

Юначка: ) “Пэўна, таму, што дзяржава іх падтрымлівае, і яны не жадаюць ніякіх праблем”.

(Юнак: ) “Мне падаецца, што існуе нейкае пагадненьне паміж царквою й уладамі: улада падтрымлівае праваслаўную царкву, а царква падтрымлівае цяперашні рэжым”.

(Спадарыня: ) “На Вялікдзень я пайшла з дачкой у царкву на Прытыцкага. І калі з алтара выйшаў ахоўнік у поўнай амуніцыі і зь пісталетам, я жахнулася. Калі царква мае гэткіх ахоўнікаў, то мне цяжка зараз туды заходзіць”.

(Спадарыня: ) “Бо ў нас, пэўна, цудоўна працуе фраза “браты ў Хрысьце”, а дакладней яна тут зусім не працуе – вось і ўсё”.

Апытаньне ў Менску правяла Галіна Абакунчык. І на заканчэньне нагадаю слухачам, што нумар нашага тэлефона-аўтаадказьніка ў Менску 290-39-52, ён працуе ад дзявятай вечара да дзявятай раніцы кожны дзень. Званіце, пытайцеся і падказвайце тэмы наступных выпускаў “Сымбаля Веры”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG