Свае асабістыя нататкі мінулага тыдня падае знаны беларускі мысьляр Валянцін Акудовіч. Ягоныя думкі ў гэтыя дні, як і ў бальшыні неабыякавых грамадзянаў, былі цесна зьнітаваны зь месцам галоўных падзеяў краіны — менскім Кастрычніцкім пляцам.
20 сакавіка
У нядзелю, 19 сакавіка, на Кастрычніцкай плошчы было сапраўднае сьвята свабоды. Але нядзеляй сьвята й скончылася — у панядзелак пачыналася ўжо палітыка. Таму ў панядзелак я не зьбіраўся туды ісьці. Толькі позна ўвечары адзін за адным пачалі тэлефанаваць сямейнікі, каб паведаміць, што на плошчы ставяць намёты, і яны маюць намер заставацца там да ранку. Хоцькі-няхоцькі давялося цягнуцца на плошчу. Бо як такое можа быць, каб мужык грэўся пад пярынай, калі ягоныя дзеці й жонка ўсю ноч мёрзнуць на сьнезе. Праўда, потым так склалася, што недзе пасьля гадзіны ночы я са сваімі жанчынамі вярнуўся дахаты… А сын вярнуўся толькі назаўтра днём.
21 сакавіка
Вечарам меў заняткі ў Беларускім Калегіюме. Студэнтаў было значна меней, чым зазвычай. Што не зьдзівіла. Бываюць дні, калі філязофія безнадзейна саступае жывому жыцьцю…
Адно павітаўся, як мяне адразу запыталіся пра менскі “майдан”. Я толькі што прыехаў адтуль, але мне найменей хацелася гаварыць зь імі на гэтую тэму. І вось чаму… Я быў захоплены мужнасьцю людзей, што цяпер бадзёрацца каля намётаў альбо адпачываюць у іх. Аднак разам з тым я разумеў, што плошча трымаецца ня іхнай мужнасьцю, а нейкай мудрагелістай прыдумкай улады, якой чамусьці пакуль патрэбна, каб ля ганку Дому прафсаюзаў нейкі час пастаялі і намёты, і людзі. А як толькі ўладзе гэты гармідар станецца лішнім, праз паўгадзіны на пляцы будзе гуляць толькі вецер, ганяючы папяровае шмацьцё…
Мне не хацелася казаць ім пра ўсё гэта, але я сказаў. Бо як патрэбна духоўная адвага, каб да ранку лічыць зоры над Плошчай, гэтаксама патрэбна інтэлектуальная адвага, каб. не хаваючы праўды, ясна ўсведамляць, хто й што табе дазваляе праяўляць тут сваю мужнасьць.
22 сакавіка
Сядзім зь нямецкім журналістам у кавярні каля вялізнага вакна. На стале кава й мікрафон. Усё, як звычайна: ён распытвае — я адказваю. Хвілін праз сорак гаворкі і немец, і перакладчык зь нечага пачынаюць нэрвавацца. Пытаюся, у чым справа? Тлумачаць, што паўз вакно ўжо каторы раз сюды-туды праходзіць мажны фацэт і спадылба зіркае на нас.
Спрабуем працягваць размову, але мікрафон ужо хаваем пад стол. Фацэт нікуды не сыходзіць, і хутка нам робіцца не да размоваў. Тым болей, што ў журналіста празь дзьве гадзіны самалёт на радзіму. Спакваля трывога ахоплівае й мяне.
Перакладчык кажа, што ў кавярні працуе ягоная сваячка, толькі ў іншую зьмену. Ён тэлефануе й пытаецца, ці не магла б яна прыехаць, каб вывесьці нас праз чорны ход?
А я згадваю, што мне было б ня лішне каго-небудзь папярэдзіць пра магчымую небясьпеку. Званю Алесю Анціпенку й кажу:
— Калі праз паўгадзіны ня будзе майго тэлефанаваньня, значыць, у мяне паўсталі праблемы. Разумееш?
— Чаму ж не, — адказвае Алесь.
Тут я й перапыню расповед пра гэтую амаль дэтэктыўную гісторыю, каб пасьпець сказаць больш істотнае.
Калі ты, запісваючы ў кавярні звычайнае інтэрвію на дыктафон, мусіш падазрона азірацца па баках, а затым спалохана ўцякаць ці то ад сапраўдных супрацоўнікаў спэцслужбаў ці ўсяго толькі ад таго страху, якім гэтыя супрацоўнікі напампавалі ўсю краіну, дык значыць — з гэтай краінай робіцца нешта вельмі нядобрае.
23 сакавіка
Ня быў на БТ недзе з 1988 году. Раней аж надакучала цягацца туды. Аднак потым як адрэзала — пачаліся іншыя часы. А тут запрасілі на тэлеканал “Лад” у перадачу “Золотое сечение”. Тэма перадачы — беларуская філязофія.
Пачуўшы прапанову, я параіў журналістцы ўдакладніць у старэйшых таварышаў маю кандыдатуру. Гэтак я раблю заўсёды, калі звоняць зь дзяржаўных газэт, радыё ці тэлебачаньня. І цягам колькіх апошніх год раней мне яшчэ ні разу не ператэлефанавалі, каб сказаць, што дазвол сапраўды дадзены…
Пасьля запісу на тэлебачаньні цягам дня было шмат сустрэч, але зь кім бы ні размаўляў, усе гаварылі пра арышты, зьдзекі, адлічэньні студэнтаў… І пры гэтым моцна абураліся. А я дзівіўся іхнаму абурэньню й пытаўся:
— Дык што гэта была б за дыктатура, калі б яна паводзіла сябе гуманна й дэмакратычна з тымі, хто выступае супраць яе?
З маёй лёгікай увогуле пагаджаліся. Але нікому ад гэтай лёгікі не было лягчэй: ні мне, ні маім суразмоўцам.
24 сакавіка
Брат працуе непадалёк ад Кастрычніцкай плошчы. Ён і патэлефанаваў першым.
— Ты дзе? – запытаўся.
Я адразу ўсё зразумеў — плошча ўжо пустая. Паўз маю волю мяне ахапіла ціхая радасьць, бо так склалася, што гэтай ноччу нікога з маіх блізкіх на плошчы не было. Але амаль адразу мне зрабілася сорамна за маё ціхае эгаістычнае шчасьце. Бо ў тых, хто гэтай ноччу заставаўся на плошчы, таксама былі бацькі, браты, сёстры… І ўсім ім цяпер балюча й страшна.
А заўтра — Дзень Волі. І пакуль ніхто ня ведае, каго менавіта заўтра яе пазбавяць.