Лінкі ўнівэрсальнага доступу

В.Вячорка: “Зламаная рука Гозмана – сымбаль зьвярынага аблічча пуцінізму”


Ганна Соўсь, Менск Пра разгон апазыцыйных масавых акцыяў у Расеі напярэдадні парлямэнцкіх выбараў фактычна нічога не паведамлялі беларускія афіцыйныя сродкі масавай інфармацыі.

Пра нядаўнія разгоны апазыцыйных акцый у Расеі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Беларусі Ігар Катляроў пачуў ад карэспандэнта Радыё Свавода.

“Глядзеў тэлебачаньне, але нічога такога ня бачыў”.

Карэспандэнтка: “Нямцоў і дэпутат Бялых былі затрыманыя...”

Катляроў: “Першы раз чую. Наколькі мне вядома, расейскае тэлебачаньне гэта не паказвала. Тое, што розныя палітычныя сілы імкнуцца паказаць, што яны змогуць вырашыць праблемы, якія стаяць перад расейскім грамадзтвам, гэта правільна. І усе дэманстрацыі, дазволеныя законам, павінны праходзіць у рамках закону”.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Касьцян гэтаксама нічога ня чуў пра гвалтоўныя разгоны акцый пратэсту ў Расеі. Што да самой кампаніі выбараў у расейскую Дзярждуму, то ён яе ацэньвае гэтак.

“Як яны прынялі, так і робяць. Кожны вольны рабіць, што хоча ў сваёй краіне. На то яна і дэмакратыя”.

Лідэр Партыі БНФ Вінцук Вячорка больш катэгарычны ў ацэнках.

“Зламаная рука Леаніда Гозмана – гэта сымбаль зьвярынага аблічча расейскага пуцінізму. Вонкавая палітыка – адраджэньне імпэрыялізму новымі інструмэнтамі. Унутраная палітыка – паступовае, але няўхільнае усталяваньне дыктатуры. Такіх разгонаў яшчэ напярэдадні папярэдніх расейскіх выбараў не было. Яшчэ ня сьмелі арыштоўваць лідэраў апазыцыйных партый ці ламаць ім рукі. Цяпер ужо сьмеюць. Далей будзе горш”.



25 лістапада ў Пецярбургу пры спробе правесьці "Марш нязгодных" былі затрыманыя каля 300 апазыцыянэраў. Лідэр пецябурскага моладзевага "Яблыка" Аляксандар Шуршэў быў шпіталізаваны са стросам мозгу. У кіраўніка мясцовага аддзяленьня СПС Леаніда Гозмана зламаная рука.

У часе суботняй масавой акцыі апазыцыі ў Маскве былі затрыманыя лідэры кааліцыі "Другая Россия" Гары Каспараў і Эдуард Лімонаў, праваабаронца Леў Панамароў і яшчэ дзесяткі апазыцыянэраў. Каспараву прысудзілі пяць сутак арышту. Гэтаксама затрымлівалі аднаго з лідэраў СПС Барыса Нямцова і дэпутата расейскай Дзярждумы Мікіту Бялых.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG